Надю Корсак из деревни Берёзовка Докшицкого района приворожили книжные тайны
Любімае захапленне Надзеі Корсак з Бярозаўкі (на здымку) – чытанне. Вясковая бібліятэка знаходзіцца насупраць яе дома, і гэта акалічнасць як быццам прыварожвае дзяўчыну багаццем кніжных тайнаў і прыгод. Яна марыць быць падобнай на гераіню амерыканскага рамана “Дывергент”, якая ў сабе спалучае адвагу, самаадданасць, міралюбнасць, інтэлектуальнасць, дапытлівасць і шчырасць.
Да сёмага класа дзяўчына вучылася ў Бярозкаўскай сярэдняй школе. Вось ужо тры гады ездзіць на школьным аўтобусе ў Докшыцы. Любімыя прадметы – беларуская і руская літаратуры і англійская мова. Надзя ў наступным навучальным годзе стане выпускніцай, таму ўжо зараз задумваецца над выбарам прафесіі. Але пакуль сваю тайну не раскрывае: за год яшчэ можа ўсё перамяніцца. Любімая кніга – “А зори здесь тихие” Барыса Васільева. Ды і наогул уся літаратура на ваенную тэму. Чулае сэрца і бязмежная любоў да ўсяго, што вакол, нараджае пачуцці, якія знаходзяць адлюстраванне ў малюнках Надзеі. Гэта яшчэ адно захапленне сціплай бярозаўскай дзяўчыны. Пейзажы і фантастычныя замалёўкі алоўкам і фарбамі пакуль ацэньваюць толькі родныя і сябры. А вось заняткі фізкультурай падтрымлівае старэйшая сястра, з якой яны амаль кожны дзень бегаюць па роднай вуліцы Садовай. Гэта дзесьці каля чатырох кіламетраў. “У здаровым целе — здаровы дух,” – вось іх дэвіз.
Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота А. Варанковіча.