Под стук вагонных колес живёт в Докшицком районе Юрий Лубочко

IMG_2974Той, хто ў дзяцінстве зачытваўся вядомай у свой час гераічнай аповесцю Міхася Лынькова “Міколка-паравоз”, надоўга запомніў, як галоўны герой ганарыўся сваім бацькам і з якой непадробнай радасцю ён сустракаў і праводзіў цягнікі, як па гуку мог адрозніць, куды мчыць састаў. Хлопец жыў летуценнем, што некалі і ён будзе кіраваць паравозам. Даўно мінулі тыя часы, але чыгунка і сёння мае да сябе своеасаблівае прыцягненне. Не з’яўляецца вялікім сакрэтам, што па рэйках, якія распаўзліся ў розныя бакі свету, дзень і ноч імчаць саставы: грузавыя, хуткасныя пасажырскія, прыгарадныя. Так і ад вузлавой станцыі Круляўшчызна бягуць цягнікі да Друі і Лынтупаў, Маладзечна і Полацка. Здаецца, невялікую колькасць пунктаў ахоплівае гэты вузел, але без яго дзейнасці цяжка ўявіць жыццё раёна. Практычна кожны з нас карыстаецца паслугамі чыгуначнікаў, бо яны вызначаюцца і пэўнай зручнасцю, і коштам. Чыгунка – своеасаблівая краіна са сваімі законамі і парадкамі. І найвялікшую ролю адыгрывае тут машыніст. А што хаваецца за гэтым простым словам? Вялікая адказнасць, моцная дысцыпліна, здольнасць імгненна рэагаваць у складаных непрадбачлівых сітуацыях, вытрымка і надзейнасць. Менавіта такімі якасцямі павінен валодаць чалавек, які вырашыў звязаць свой лёс з жыццём на колах. Усё гэта ўласціва Юрыю Лубачку, які неаднаразова прызнаваўся адным з лепшых машыністаў лакаматыўнага дэпо. У пасажырскім руху ён працуе з 2001-га года. А да гэтага прайшоў поўны этап станаўлення, які займае парадкам каля пяці гадоў. За плячыма застаўся Гомельскі вучэбны цэнтр, дзе рыхтуюць памочнікаў машыніста цеплавоза, затым было замацаванне ведаў на практыцы. Зацікаўленасць і добрасумленнасць Юрыя заўважылі і прапанавалі павысіць кваліфікацыю. Так малады чалавек атрымаў пасведчанне машыніста. І не шкадуе мужчына, што звязаў свой лёс з мясцовай чыгункай, дзе нарадзіўся і вырас, дзе склалася сям’я. Ён задаволены сваёй справай і ў маральным, і ў матэрыяльным плане. Відавочна, што праца не з лёгкіх, патрабуе шмат намаганняў, вялікіх псіхалагічных нагрузак (нездарма, каб набыць спецыяльнасць машыніста, неабходна прайсці псіхалагічны тэст). Даводзіцца быць у дарозе каля дванаццаці гадзін, але ў той жа час прафесію машыніста можна назваць элітнай, нават інтэлігентнай. Да таго ж Юрый Сяргеевіч з’яўляецца прадаўжальнікам сямейнай дынастыі, бо яго цесць таксама прысвяціў сябе чыгунцы. Падрастае сын, які, ёсць надзея, працягне справу бацькі і дзеда.
Добрага слова і падзякі заслугоўваюць і такія прадстаўнікі прафесійных дынастый чыгуначнікаў, як Сяргей Паўловіч, Аляксандр Кузьміч, Віталій Батура. Усе, хто вырашыў разгадаць сакрэты і таямніцы, схаваныя ў грукаце лакаматыўных колаў, сёння прымаюць віншаванні са сваім прафесійным святам. А чыгуначнікі станцыі Круляўшчызна спадзяюцца, што хутка змогуць адзначыць наваселле ў новым будынку дэпо, праект якога ўжо распрацаваны і чакае ажыццяўлення. Старое памяшканне вядзе сваю гісторыю аж ад 1924 года. Яно добра дагледжана і па сваёй даўнасці на сённяшні час нават прэтэндуе на гістарычную каштоўнасць, дзе ў будучым можна стварыць музей, бо спецыялісты-чыгуначнікі маюць вялікі запас працоўных дасягненняў, якія годна складаюць іх гісторыю. І няхай заўсёды захоплівае дух ад той хуткасці і велічы, якія дастаўляе нам чыгунка.

Ірына Несцяронак.
Фота А. Варанковіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *