В Докшицком районе определились первые экипажи-тысячники

Здымак 1

Здымак 1

Жніво набірае абароты – у раёне вызначыліся першыя экіпажы-тысячнікі. Спаборніцтва паміж экіпажамі камбайнераў, вадзіцелямі і машыністамі зернесушыльных гаспадарак разгарэлася не на жарты. Па-ранейшаму ў лідарах па намалотах збожжа ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”. Экіпажы камбайнераў гэтай гаспадаркі занялі першыя тры месцы ў спаборніцтве. І вопытныя Уладзімір Лаўцэвіч і Павел Шульгат (выпускнік БАТУ, без пяці хвілін інжынер-механік, працуе на камбайне ўжо пяты сезон), і маладыя, энергічныя, напорыстыя ў дасягненні сваёй мэты Віктар Суднік і Іван Бяльчук, і моцны сямейны экіпаж бацькі і сына Ярмаковічаў — Яўгена і Вячаслава — перасягнулі ўжо рубеж у тысячу тон. Экіпаж у складзе Вячаслава Аніковіча і Івана Потаса з ААТ “Таргуны” таксама можа ганарыцца першай тысячай тон намалочанага збожжа.
Для ўручэння дыпломаў, вымпелаў і падарункаў руплівым працаўнікам у вышэйназваныя гаспадаркі прыехалі першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Сяргей Абірала, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Ядвіга Шульгат, старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Валянціна Рамановіч і першы сакратар РК ГА “БРСМ” Таццяна Гайчук.

 

Здымак 2

Здымак 2

Задаволены вынікамі другой пяцідзёнкі, Сяргей Уладзіміравіч адзначыў, што па традыцыі працаўнікі палёў нашага раёна становяцца пераможцамі і ў рэспубліканскім спаборніцтве, выказаў спадзяванне на дасягненне такіх высокіх вынікаў у працы і сёлета, а таксама пажадаў узнагароджаным моцнага здароўя і спрыяльных умоў для работы.
Таццяна Гайчук далучылася да віншаванняў Сяргея Абіралы, уручыла маладым камбайнерам Паўлу Шульгату, Віктару Судніку і Івану Бельчуку падарункі ад РК ГА “БРСМ”, адзначыла, што ёй, як першаму сакратару гэтай арганізацыі, вельмі прыемна бачыць у ліку пераможцаў маладых, пажадала не здаваць пазіцый – “так трымаць!”
У другой пяцідзёнцы машыністы зернесушыльнай гаспадаркі з Таргуноў апярэдзілі сваіх сяброў-сапернікаў з ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” і сталі пераможцамі спаборніцтва.
— Ну вось, нарэшце заменім мінулагодні вымпел на ярчэйшы, — усміхаюцца Аляксандр Маскалёнак і Дзмітрый Трус.
Не здалі сваіх пазіцый вадзіцелі Вячаслаў Несцяронак і Віктар Раткевіч, лідары першай пяцідзёнкі. Да іх далучыўся Генадзь Родзь з ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”.

Здымак 3

Здымак 3

Спаборніцтва працягваецца. Будзем спадзявацца на добрае надвор’е і чакаць новых пераможцаў з іншых гаспадарак раёна.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.
1. Першы намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Абірала віншуе з тысячным намалотам Віктара Судніка і Івана Бельчука.
2. Першы сакратар РК ГА “БРСМ” Таццяна Гайчук з машыністамі зернесушылкі ААТ “Таргуны” Вадзімам Грыгор’евым і Дзмітрыем Трусам.
3. Вадзіцель ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” Генадзь Родзь.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *