В Витебской области Докшицкого района появились необычные почтальоны
З даўніх часоў вяскоўцы прызвычаіліся бачыць паштальёна з сумкай цераз плячо, часта на веласіпедзе, цяпер, бывае, на скутары ці мапедзе. У некаторых паштовых аддзяленнях раёна гэта “традыцыя” захавалася, а вось пяць сельсаветаў абслугоўваюцца ўжо па-іншаму: з Докшыцкага раённага вузла паштовай сувязі выязджаюць машыны з “экіпажам” у складзе двух чалавек, якія працуюць на дастаткова вялікай тэрыторыі. Паштальёна па суправаджэнні Ірыну Парфяновіч і вадзіцеля Франца Вахавіча мы засталі за работай у вёсцы Вольберавічы. Ірына Мікалаеўна расказвае:
— Абслугоўваем населеныя пункты Крыпульскага і Докшыцкага сельсаветаў. Рабочы дзень пачынаецца ў 8 гадзін 15 хвілін, а вось доўжыцца ў залежнасці ад колькасці паслуг, якія аказваем насельніцтву. Можам і да чатырнаццаці гадзін справіцца, а бывае, і да сямнаццаці ледзь паспяваем. Газеты, часопісы, пісьмы развезці – гэта справа хуткая, бо каля кожнага двара спыняцца не трэба: паштовыя скрынкі на спецыяльных шчытах знаходзяцца ў некалькіх месцах, а калі вёска зусім маленькая, то і ў адным. Але ж мы аказваем шмат іншых паслуг: выплачваем пенсіі, грошы за здадзенае сельгаспрадпрыемствам малако, афармляем падпіску, ажыццяўляем продаж тавараў, якія карыстаюцца паўсядзённым попытам, прымаем плацяжы за камунальныя паслугі і іншае. Так што паспявай толькі спраўляцца.
Па ўсім бачна, дружны тандэм працуе зладжана і спрактыкавана.
— Франц Іванавіч не толькі кіруе машынай, але і дапамагае мне, дзе толькі магчыма, — хваліць свайго супрацоўніка паштальёнка.
Той усміхаецца:
— А як жа – адну справу робім!
Думаецца, жыхары населеных пунктаў, якія абслугоўваюць Ірына Парфяновіч і Франц Вахавіч, задаволены работай гэтых прыемных, энергічных людзей, бо колькасць падпісчыкаў на перыядычныя выданні, са слоў Ірыны Мікалаеўны, не зменшылася, а апошнім часам нават павялічылася.
Алена
НЕСЦЯРОНАК.
НА ЗДЫМКУ: Ірына Парфяновіч у разгар працоўнага дня.
Фота А.Варанковіча.