День благодарности Богу за плоды земли отметили в деревне Берёзовка Докшицкого района

DSC00101Добрая традыцыя зарадзілася ў вёсцы Бярозаўка. У канцы жніўня-пачатку верасня тут штогод адзначаюць Дзень удзячнасці Богу за плады зямлі.

У першую суботу верасня людзі сабраліся ў касцёле Маці Божай Міласэрнасці, каб праз супольную малітву скласці падзяку Усявышняму за атрыманы ўраджай. Бярозаўская зямля парадавала добрымі пладамі, якія ў многіх сваім багаццем і разнастайнасцю выклікалі захапленне. На адным гектары зямлі ўрадзіла столькі дабра! Тут вырошчваецца практычна ўся сельгаспрадукцыя для патрэб касцёла і людзей. Разбіты і гадавальнік туй, якія паступова набываюць моц, каб з часам прыжыцца на адведзеным ім месцах. А вакол сонечнымі шапкамі красуецца сланечнік. Гаспадаром на гэтым месцы з’яўляецца айцец Марэк Пасют, які выконвае ролю агранома, заатэхніка і рабочага. Практычна кожны пагодзіцца з тым, што святар павінен займацца духоўнымі справамі, а не корпацца ў зямлі. Толькі гэты чалавек думае інакш, бо лічыць: “Каля храма павінны быць не толькі прыгожыя кветачкі, якія радуюць вока і цешаць душу, а і нешта больш значнае, што прыносіць карысць грамадству. Тым больш калі вакол пустуе зямля, якая просіць увагі.” Айцец Марэк сцвярджае, што кожнаму адведзены свой час, у якім значнае месца займае і фізічная праца, і ўдасканальванне свайго ўнутранага складу. Прыгажосць дадзена нам не толькі для таго, каб любавацца і захапляцца, але і рупіцца, не сядзець склаўшы рукі, чакаючы дароў звыш. Па нашых учынках і справах будуць меркаваць пра нас саміх, бо менавіта праз іх мы або ўзвялічваемся, або бясследна знікаем. Чалавек павінен працаваць для таго, каб дзяліцца вынікам сваёй дзейнасці. І галоўнае, каб мець прыгажосць, неабходна прыкласці намаганні, захацець.

Людзі, якія хоць раз пабывалі ў тутэйшым касцёле, напэўна, цалкам пагодзяцца з думкай, што праца стварае прыгажосць, якая натхняе. І хоць ужо пяць год красуецца ў маленькай вёсцы святыня, але многія яшчэ і сёння жывуць з пытаннем: “Навошта яна там і для каго?”

– Прыгажосць не можа заставацца незапатрабаванай, а храм не можа паўстаць на пустым месцы. Нават калі ў касцёле знаходзіцца ўсяго адзін чалавек, там ужо жыве святы дух, які ўзмацняе веру. Працуючы на зямлі, чалавек дакранаецца да сэрца Бога, які бачыць цярпенне і кожны дзень дае сваё дыханне. Цярпець – не значыць быць пасіўным, а мець мэту і ісці да яе. Бярозаўка стала яскравым прыкладам таму, бо гэта малая частачка беларускай зямлі ўжо мае вялікае Божае бласлаўленне, – такое меркаванне падчас сваёй прамовы выказаў апостальскі нунцый на Беларусі архібіскуп Клаўдыё Гуджэроці, які ўзначаліў Эўхарыстычную літургію. Вернікі, якія прысутнічалі ў той дзень на свяце, былі ўражаны непасрэднасцю і шчырасцю прадстаўніка святога пасаду, праяўленнем цікаўнасці чалавека да ўсяго пачутага і ўбачанага. Ён зазначыў, што, дзякуючы тутэйшым людзям, іх працы, змог пазнаёміцца з такой “цацкай”, як касцёл у Бярозаўцы, і ганарыцца тым, што запрошаны сюды.

Адметным момантам праграмы было асвячэнне фігуры Св. Юзафа – апекуна і заступніка людзей працы, і памятнай дошкі (мастаком з’яўляецца Валерый Шчасны з Верхнядзвінска) у гонар усіх тых, хто калі-небудзь працаваў тут. Гэта падзея была прымеркавана да пятай гадавіны Кансэкрацыі касцёла і стала сведчаннем таго, што памяць пра чалавека-працаўніка жывая і што Бог глядзіць на ўсіх з любоўю і прыветнай усмешкай.

Пасля ўрачыстай часткі ўсе былі запрошаны на забаўляльную праграму, якую падрыхтавалі мясцовыя артысты. Гучалі песні і вершы, разыгрываліся гумарыстычныя сцэнкі. Зразумела, што на такім свяце госці не прамінулі магчымасці пачаставацца прысмакамі, прыгатаванымі з дароў прыроды. Кожны з прысутных адчуў сваю прыналежнасць да кагорты людзей, якія хочуць жыць з Богам, працаваць і дасягаць пастаўленых вяршынь. Думаецца, што ідэя айца Марэка аб’яднаць вернікаў у сумеснай працы праз Божую ласку і міласць будзе заўважана і падтрымана, а ён не застанецца сам-насам з імкненнем вярнуць чалавека на зямлю, каб той узмацніў сваю веру ва ўваскрашэнне.

На здымку: апостальскі нунцый архібіскуп Клаўдыё Гуджэроці асвячае памятны знак на сцяне касцёла ў Бярозаўцы.

Ірына Несцяронак.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *