«Птичье царство» разводит семья Безверховых из агрогородка Волколаты Докшицкого района
Заходзіш на птушыны двор да Уладзіслава і Вольгі Бязверхавых – і губляешся, не ведаеш, у які бок глядзець у першую чаргу і чым захапляцца. Вось ганарліва “выплывае” з-за вугла гусіная чарада, перагаворваючыся, накіроўваецца кудысьці па сваіх справах. Курыны “гарэм” здзіўляе сваёй колькасцю і разнастайнасцю парод. Якіх тут толькі нясушак няма – і чубатых, і “пуховых”, і пярэстых, і ў “штанах”. А яшчэ безліч качак! Пра малечу ўжо і гаварыць не прыходзіцца: па ўсім двары ў вальерах, загарадках, скрынках і колах весела гамоняць і мітусяцца кураняты і качаняты розных памераў і афарбовак. Любаваўся б паўдня, але ж любавацца – адна справа, а вось дагледзець усё гэта шумнае царства – не жартачкі! Кожны, каму даводзілася трымаць птушак, ведае, колькі з імі клопатаў, пакуль падрастуць, нават калі драбяза гадуецца пры маме, а ўжо калі без… А тут такая колькасць! У адказ на пытанне, колькі ж галоў налічвае птушыная гаспадарка, гаспадыня заліваецца смехам:
— Дакладна ведаем, што дарослых гусей шаснаццаць, яшчэ качак прыкладна… Нядаўна праводзілі з Уладам “перапіс”, паднялі “дакументацыю”, лічылі, лічылі, ды і заблыталіся.
Звычайна птушкамі ў гаспадарцы больш займаюцца і цікавяцца жанчыны. У Бязверхавых не зусім так. Дамашнія птушкі – даўняе, з самага дзяцінства, захапленне Уладзіслава. Яшчэ ў Казахстане, дзе жыў з бацькамі, рускімі па нацыянальнасці, даглядаў птушак, і не пад прымусам, а з вялікім задавальненнем. Калі сям’я прыехала на Валкалатчыну, радзіму Олінай мамы, Марыі Мікалаеўны, Уладзіслаў пайшоў працаваць механізатарам у калгас “Памяць Ільіча”. Атрымалі дом і адразу ж завялі гаспадарку – карову, свінак і, вядома ж, птушак. Спачатку ў Станіслаўцах, затым у Валкалатах, дзе жывуць і зараз. Тут птушынае пагалоўе значна павялічылася. Бязверхавы маюць уласны інкубатар, дзе і выводзіцца маладняк. Акрамя гэтага, гаспадар актыўна цікавіцца новымі пародамі і любой інфармацыяй па развядзенні і вырошчванні дамашніх птушак: дапамагае Інтэрнэт, а яшчэ наведвае птушыны рынак у Маладзечне.
— Дай яму волю – цэлую ферму развядзе, — зноў смяецца Вольга. – Вось сёлета індыкоў у нас няма. Ім прастора вялікая патрэбна. Пералятаюць агароджу і “качуюць” па суседскіх дварах, на вішні ды яблыні залазяць. А Улад жа працуе вахтавым метадам на будоўлі, палову месяца дома не жыве, увесь клопат кладзецца на мае плечы – гэта яго і стрымлівае ад значнага павелічэння птушынага пагалоўя.
І сапраўды, клопатаў гаспадыні хапае. У сям’і растуць трое сыноў. Старэйшы, Уладзімір, ужо студэнт, васьмікласнік Жэня і другакласнік Сярожа, які падзяляе татава захапленне, так бы мовіць, паслядоўнік. Вольга – спецыяліст па аказанні рознічных банкаўскіх паслуг, працуе ў аддзяленнях Беларусбанка ў аграгарадках Валкалаты і Сітцы. Дома ж – вялікая гаспадарка: жывёла, птушкі, агароды, кветнікі. І з усім маладая жанчына спраўляецца, на ўсё хапае сіл і часу, нібы ў яе сутках не 24 гадзіны, а ў паўтара раза больш. Да ўсяго яна яшчэ і цудоўна гатуе. Валкалатцы, і не толькі, запрашаюць яе кухарыць на вяселлях.
Застаецца пажадаць гаспадарам, каб іх птушынае царства працвітала, расшыралася і прыносіла ім толькі прыемныя клопаты.
НА ЗДЫМКАХ: 1. Вольга Бязверхава ў кветніку каля любімай ружы. 2. Курыца-мама з уласнымі і прыёмнымі дзецьмі. 3. Прыгажуны гусі.
Тэкст и фота Алены Несцяронак.