Сын Бронислава Тарашкевича похоронен в братской могиле в Бегомле
У сёлетнім нумары газеты да Дня незалежнасці мы ўжо распавядалі пра тое, што на брацкай магіле, якая знаходзіцца ў скверы каля Дома культуры ў Бягомлі, былі адноўлены мемарыяльныя пліты. Гэта адбылося з-за таго, што ўдалося ўстанавіць прозвішчы яшчэ 206 чырвонаармейцаў, якія там пахаваны. Факт, безумоўна, стане знакавым для многіх родзічаў тых салдат, пахаванні якіх былі невядомы да цяперашняга часу. Адны з іх ужо праклалі свой шлях у Бягомль, калі даведаліся пра аднаўленні. Падрабязней пра гэта расказвае навуковы супрацоўнік Бягомльскага Музея народнай славы Ала Каралевіч:
– Вялікая колькасць беларусаў аддала свае жыцці за свабоду і незалежнасць нашай Радзімы. Сярод іх партызан брыгады “Штурмавая”, якая дзейнічала на тэрыторыі Барысаўска-Бягомльскай партызанскай зоны, Радаслаў Браніслававіч Тарашкевіч, 1925 года нараджэння з Радашковіч. Да нядаўняга часу родзічы не ведалі дакладнага месца яго пахавання. У першапачатковых звестках значылася, што хлопец загінуў падчас бою з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў чэрвені 1944 года каля вёскі Гарэлы Луг былога Бягомльскага раёна. У далейшым ён быў перапахаваны ў брацкую магілу г.п. Бягомль. А сёлета яго прозвішча з’явілася на адноўленых мемарыяльных плітах. Атрымоўваецца, што толькі зараз родныя даведаліся пра дакладнае месца пахавання. У ліпені Бягомль і брацкую магілу наведала цэлая дэлегацыя родзічаў Тарашкевіча. Гэта сястра Ірына Ніжанкоўская і стрыечная сястра з дачкой, якія прыехалі з Аўстраліі. Разам з родзічамі была і кандыдат філалагічных навук, дацэнт, дактарант кафедры тэорыі і метадалогіі журналістыкі БДУ Таццяна Падаляк, якая з’яўляецца аўтарам манаграфій і кніг “Маральна-этычныя прыярытэты беларускага друку”, “Прафесійная этыка журналіста”, “Нашчадкі вогненных вёсак: дакументальныя нарысы, эсэ, успаміны”, “Дыялогі на мяжы стагоддзяў. Класікі і сучаснікі ў інтэр’еры часу”.
Чаму такая цікавасць менавіта да гэтага байца? Справа ў тым, што Радаслаў Тарашкевіч з’яўляецца сынам таго самага Браніслава Тарашкевіча – беларускага асветніка, мовазнаўцы, перакладчыка, публіцыста, грамадска-палітычнага дзеяча. Гэта ён пераклаў на беларускую мову “Пана Тадэвуша” Адама Міцкевіча. Дзякуючы Тарашкевічу беларускамоўнай стала і “Іліяда” Гамэра. Але часцей прозвішча Тарашкевіча прыгадваюць у кантэксце працы над гістарычнай граматыкай беларускай мовы. Менавіта Тарашкевіч у віленскай друкарні ў 1918 годзе выдаў “Беларускую граматыку для школ, у якой яму ўдалося абагульніць і замацаваць пісьмовыя традыцыі, што склаліся на той час, і досвед папярэднікаў. Доўгі час “граматыка” Тарашкевіча была галоўным падручнікам па беларускай мове, вытрымала некалькі перавыданняў, а распрацаваныя навукоўцам нормы правапісу атрымалі назву “тарашкевіца”.
НА ЗДЫМКАХ: 1. Маленькі Радаслаў з бацькам Браніславам Адамавічам і маці Верай Андрэеўнай (30-я гады XX ст). 2. Родзічы Тарашкевічаў на брацкай магіле ў Бягомлі (ліпень, 2015 год).
Наталля НАВІЦКАЯ.
Автор пишет: «Атрымоўваецца, што толькі зараз родныя даведаліся пра дакладнае месца пахавання». Алла Королевич не была в курсе, того, что еще в 2013 году я в личной беседе с Ириной Нижанковской рассказал ей о том, что ее сводный брат похоронен в Бегомле. Он числился в списке паспорта воинского захоронения еще с конца 80-х годов. Работая в НАРБ с документами бригады Штурмовая удалось выяснить, что в отряд им. Жукова он пришел осенью 1943 года. Ну, а подробные сведения о партизанской жизни сына Тарашкевича пока оставим архивам. С наилучшими пожеланиями — поисковик Дмитрий Бриштен.