У Болеслава Нестерёнка из Докшиц на восьмом десятке лет работы хватает всегда

DSCN0762Энергічнага, поўнага энтузіязму і лёгкага на пад’ём чалавека, якім з’яўляецца герой гэтага аповеду – Баляслаў Сямёнавіч Несцяронак (на здымку), не паварочваецца язык назваць пажылым. І хоць у гэтым годзе ён адзначыў восьмы дзясятак, але многія з маладзейшага пакалення па добраму могуць пазайздросціць мужчыну. Ён з кагорты тых людзей, якія надзелены не толькі здольнасцямі да любой работы, але і ўпартасцю, цікаўнасцю да справы і працавітасцю. Нельга не пагадзіцца з выказваннем, што старасць моцная дзякуючы асновам, закладзеным у маладосці.

Дзяцінства дзеда Болеся (так называюць яго родныя) прыпала на гады ваеннага ліхалецця. А потым настала пара ранняга сталення і спасціжэння жыццёвай мудрасці: дзве зімы вучобы ў школе, залічаныя за чатыры гады, праца ў калгасе – і за сябе, і за хворага бацьку. Усю мужчынскую работу спасцігаў і засвойваў самастойна, а ўменне і вопыт адкладваліся неяк самі па сабе. У 1955 годзе прызвалі ў армію. Служыць давялося ў Германіі. Там вывучыўся на шафёра, што ў далейшым і вырашыла прафесійны лёс. Баляслаў мае 43 гады працоўнага стажу, з якіх добрую частку аддаў райсаюзу, а пасля выхаду на пенсію яшчэ дзесяць год адпрацаваў вартаўніком у былой “Райсельэнерга”.

Яскравыя ўспаміны засталіся ў яго ад жыцця і працы на цаліне, куды паклікалі сябры. Доўга раздумваць не стаў, і ў 1961 годзе паехаў асвойваць новыя мясціны. Давялося працаваць на будоўлі і ў саўгасе, паступова прызвычаіўся да новых людзей, іх побыту, культуры, карацей кажучы, асвоіўся і прывёз сюды жонку Юзэфу Юльянаўну. Тут нарадзіліся і сыны. Сямейнае жыццё Баляслава і Юзэфы доўжыцца ўжо 52 гады, у якіх змясціліся сумесныя радасці і страты, змаганне з перашкодамі і моцнае каханне з верай і надзеяй на добрае. Практычна ніхто не можа пахваліцца тым, што мае лёгкае жыццё. Цяжкасці пераносяць усе, толькі вага ў іх розная. Маладая сям’я Несцяронкаў, знаходзячыся ў чужым краі, спадзявалася толькі на свае сілы. Жылі ў маленькім пакойчыку, але абзавяліся вялікай гаспадаркай, без якой проста не ўяўлялі свайго побыту. Ды і не дзеля лёгкага рубля прыехалі на цаліну, бо з маленства ведалі, як даецца хлеб. Муж і жонка нарадзіліся на Валкалатчыне, зямлі старанных і дбайных людзей. Таму ўвесь час сумленна працавалі пры любых умовах. Сем год пражывання на цаліне загартавалі характар. А як магло быць іначай, калі толькі ўспаміны пра самыя элементарныя побытавыя ўмовы сёння выклікаюць жах. Пітная вада была там вялікай раскошай, і кожны ведаў ёй кошт. Яе дастаўлялі здалёку і выдавалі па спецыяльных талонах. Стэпавы клімат са сваімі буранамі таксама прыносіў пэўныя нязручнасці. З-за жончынай хваробы давялося Баляславу вярнуцца на Радзіму і застацца жыць у Докшыцах. Сваімі сіламі паставілі хату, доўгі час трымалі добрую гаспадарку, выхавалі працавітых сыноў. Здаецца, што можна і адпачываць, бо, як заўважылі муж і жонка, усё ёсць. Толькі не сядзіцца Баляславу на месцы: унутры нешта карціць, і знаходзяцца справы. Ён заўсёды ў клопатах і не ўяўляе жыцця без самага галоўнага і надзейнага памочніка – каня. Не сакрэт, што гэта жывёла хутка можа перайсці ў разрад рэдкіх. Таму і апякуецца мужчына над спрадвечным памагатым вясковага чалавека. Конь ніколі не быў раскошай, а сёння, у час прагрэсіўнага развіцця, ён так і застаўся запатрабаванай сілай, без якой, як кажуць, ні туды ні сюды. Асабліва калі маеш хаця б невялічкі лапік зямлі. А да каго ж тады звярнуцца? Зразумела, што дзед Болесь заўсёды паслухае і дапаможа. Каня – у калёсы, усе патрэбныя прылады з сабой, і праблемы здымаюцца. Аптымізм, вера ў Бога і добрых людзей дапамагае Баляславу Сямёнавічу ўпэўнена ісці па жыцці, а яго бадзёры настрой дастаўляе радасць родным, блізкім і проста знаёмым.

Ірына Несцяронак.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *