В Докшицах выбрали «Мистера-Докшицы-2015» (+фото)

IMG_5113Напрыканцы  жніўня жыхары  і госці  райцэнтра сталі сведкамі феерычнага шоу – сярод нашых землякоў,  прадстаўнікоў моцнай паловы чалавецтва,  выбіралі “Містара-Докшыцы”.

Арганізатары мерапрыемства трымалі інтрыгу некалькі месяцаў: ішлі рэпетыцыі, дапрацоўваўся сцэнарый, вырашаліся патрэбныя пытанні, але імёны ўдзельнікаў не раскрываліся. Менавіта ў час прадстаўлення адбылося знаёмства з самымі смелымі, абаяльнымі, моцнымі і цікавымі маладымі мужчынамі Докшыччыны. Глядацкая зала была запоўнена да адказу, а колькасць жанчын рознага ўзросту, напэўна, магла скласці канкурэнцыю жадаючым трапіць на канцэрт Стаса Міхайлава.

Выбіраць “Містара-Докшыцы” даручылі ўдзельніцам мінулагодняга конкурсу “Лэдзі-Бос”: настаўніцы Бягомльскай дзіцячай школы мастацтваў Алене Шаркевіч, дырэктару ПГУП “Дзіёна-плюс” Наталлі Цімафеевай, начальніку ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Алене Тулоўскай, намесніку дырэктара-начальніку аддзела рознічнага бізнесу ЦБП № 209 філіяла 216 ААТ “ААБ Беларусбанк” Ірыне Малюжанец, першаму сакратару РК ГА “БРСМ” Таццяне Гайчук, намесніку старшыні райста, уладальніцы Гран-пры конкурсу дзелавых і паспяховых жанчын Таццяне Каляга, а таксама менеджару касметычнай кампаніі “Арыфлэйм” Ліліі Кратовіч. Дарэчы, перад пачаткам шоу ў фае кінаканцэртнай залы прайшла прэзентацыя гэтай кампаніі.

Знаёмства

Сцэна патанула ў рознакаляровым асвятленні, і  на ёй адзін за другім з’яўляюцца ўдзельнікі. Знаёмцеся: № 1 – Ігар Карповіч.  Настаўнік дзіцячай  школы мастацтваў, кіраўнік групы “Сotton buds”. Яго відэавізітоўка стала адной з самых запамінальных, а прызнанне ў каханні жонцы, з якой яны не так даўно адзначылі гадавіну шлюбу, расчуліла большую частку гледачоў. Аптэкар, танцор, спартсмен – такую назву меў артыкул у раённай газеце пра ўдзельніка № 2 –  Руслана Герасімава. Сёння малады мужчына працуе правізарам у аптэцы санаторыя “Баравое”. Яго мара – зарабіць мільён долараў і патраціць яго на дабрачыннасць. Культработнік з Бягомльскага ДК Віталь Кірыльчык захапляецца футболам. Не адстае ад мужа і жонка: на трэніроўкі сямейная пара ходзіць разам. У адносінах Віталь  цэніць каханне, павагу і давер. Чацвёртага ўдзельніка прыйшлі падтрымаць шмат сяброў, бо адной з адметных якасцей у характары Аляксея Мячына з газавай службы  раёна з’яўляецца  сяброўства. Ён ганарыцца, паважае, любіць сваіх таварышаў, а яны яго. Для Аляксея ўдзел у конкурсе – гэта магчымасць паспрабаваць свае сілы. У Міхаіла Яловіка з Дэпартамента аховы,  які выступаў пад  нумарам пяць, мэта жыцця – зрабіць усё магчымае, каб родны горад і краіна  сталі лепшымі. Прыкладам для яго з’яўляюцца бацькі. Цікавым  стаў  і яго адказ на пытанне наконт арміі. Аляксей лічыць, што ваенная служба вучыць  цаніць час і  ўсё тое, што ёсць у кожнага з нас. № 6 – Аляксей Кнырко, які сваёй добрасумленнай працай у РВЭС дасягнуў таго, што трапіў на раённую Дошку гонару. Ён развесяліў гледачоў юмарыстычнай відэавізітоўкай. Сёмым удзельнікам стаў аматар экстрэмальнага  адпачынку – картынгіст і байкер Яўген Пашэвіч, які таксама працуе ў РВЭС.

І спорт, і  талент, і прызнанне…

Падчас мерапрыемства раскрываліся ці не самыя галоўныя якасці мужчын. Спартыўнае дэфіле паказала, якімі відамі спорту захапляюцца ўдзельнікі, а барацьба за званне спецыяльнага тытулу “Містар-спорт”, што адбылася напярэдадні шоу ў водна-аздараўленчым цэнтры, выявіла не толькі фізічную падрыхтоўку кожнага, але і сілу духу, упартасць і рвенне да перамогі. Гледачы ўбачылі спаборніцтва на відэазапісе.

Цікавым і запамінальным стала выступленне маладых мужчын у конкурсе “Я магу”. Ігар Карповіч разам са сваёй групай выканаў запальную кампазіцыю. Руслан Герасімаў прадэманстраваў свае харэаграфічныя здольнасці. Віталь Кірыльчык выканаў “Танец Шурыка”, у якім паказаў не толькі тое, што ўмее добра рухацца, але і сваё акцёрскае майстэрства. Рамантык Аляксей Мячын прачытаў верш “Слова пра каханне”. Міхаіл Яловік уразіў уменнем рукапашнага бою. А вось тэатральная мініяцюра “Танцуюць усе!” Аляксея Кнырко прымусіла ўсіх гледачоў плакаць ад смеху. Вольналюбівы Яўген Пашэвіч станцаваў гарачае танга.

Сапраўдны мужчына павінен быць не толькі моцным і бясстрашным, але і галантным, уважлівым, шчырым. Прадэманстраваць гэтыя якасці і выказаць словы ўдзячнасці блізкім людзям удзельнікі шоу змаглі ў конкурсе “Прызнанне”.

Містар- Докшыцы-2015

Як не было цяжка прайсці ўсе іспыты ўдзельнікам, але найбольшыя перажыванні і нерваванні чакалі судзейскую кампанію. Гледачам таксама прапанавалі выбраць свайго містэра. Пасля невялікага канцэрта журы агучыла вынікі мерапрыемства. Уладальнікам прыза глядацкіх сімпатый стаў Яўген Пашэвіч. Званне “Містар-спорт” атрымаў Міхаіл Яловік. Самым харызматычным назвалі Віталія Кірыльчыка, стыльным – Яўгена Пашэвіча, артыстычным – Аляксея Кнырко, галантным – Аляксея Мячына, “Містарам-індывідуальнасць” – Руслана Герасімава. І вось яна, інтрыга – самым мужным, яркім, таленавітым прызнаны Міхаіл Яловік. Яму мора апладысментаў, гонар, увага і галоўны тытул.
Першы мужчынскі конкурс “Містар-Докшыцы-2015” адбыўся. Гэта было шоу, якое гледачы будуць чакаць зноў.

Тэкст і фота Яўгеніі МАЛЕВІЧ.


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *