Делегация Докшицкого района приняла участие на Дожинках-2015 в Толочине (+много фото)
Чарговыя “Дажынкі” Віцебская вобласць адсвяткавала 3 кастрычніка. Гэта сацыяльна-культурны праект, які, бясспрэчна, прывівае любоў да зямлі, павагу да нялёгкай працы хлебаробаў, садзейнічае добраўпарадкаванню населеных пунктаў. Сёлета гасцей і ўдзельнікаў свята працаўнікоў вёскі сустракаў Талачын. Дэлегацыя нашага раёна, якую ўзначальваў старшыня райвыканкама А.Л. Пінчук, была адной з самых шматлікіх. Дзевяць прадстаўнікоў нашага раёна падняліся сёлета на сцэну, каб атрымаць заслужаную падзяку за сваю адданасць справе і любоў да роднай зямлі.
Ганарыцца аграрыям Прыдзвіння сапраўды ёсць чым: у гэтым годзе вельмі добры ўраджай збожжавых культур, льну, бульбы, агародніны і кукурузы. Больш за тое – ураджай збожжавых з улікам фермерскіх і асабістых падсобных гаспадарак склаў 1 мільён 440 тысяч тон зерня, што з’яўляецца лепшым вынікам у гісторыі вобласці за апошнія сорак гадоў! Упершыню сярэдняя ўраджайнасць на Віцебшчыне дасягнула 36,6 цэнтнера з гектара (а ў нашым ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” – для параўнання – 49,2 цэнтнера з гектара). Кагорта камбайнераў-тысячнікаў рэгіёна ўключае 524 экіпажы, з іх 62 – моладзевыя. Ганарымся нашай юнай зменай – Віктарам Суднікам і Іванам Бельчуком, якія не проста ўвайшлі ў склад гэтых экіпажаў, а сталі аднымі з лепшых.
“Атрыманыя вынікі сведчаць, што пры адзінстве навуковага падыходу да земляробства, практычнай кемлівасці вяскоўцаў, правільнай арганізацыі працы можна дасягнуць новых вышынь у сельскагаспадарчай вытворчасці. Патэнцыял паўночнага рэгіёна краіны высокі і невычарпальны”, – адзначыў у сваім выступленні на свяце губернатар Віцебскай вобласці Мікалай Шарстнёў.
Маляўніча, шырока і гасцінна сустрэў Талачын сваіх гасцей. Традыцыйна ў сталіцы “Дажынак” рэканструяваліся і з’явіліся новыя аб’екты сацыяльна-культурнай сферы. На выставе караваяў, якія ўражвалі сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю, было прадстаўлена каля 100 вырабаў ад прадпрыемстваў вобласці. Галоўны ж каравай меў вагу каля 150 кілаграмаў, 1,1 метра ў дыяметры і 1,2 метра ўвышыню і быў правезены па галоўнай вуліцы горада ў галаве святочнай калоны хлебаробаў.
Падзеі і малюнкі свята змяняліся, як у калейдаскопе. Пад гукі зводнага духавога аркестра і марш-параду мажарэтак дэлегацыі ад раёнаў вобласці прайшлі ў святочным шэсці па вуліцы Леніна (здымак 1), усклалі кветкі ў гонар 70-годдзя Перамогі і абаронцаў Радзімы на святым для талачынцаў месцы – Кургане Славы. Для найлепшых працаўнікоў пераліваліся званы Свята-Пакроўскага манастыра, іх віталі ўсмешкамі, цёплымі словамі, сцяжкамі і кветкамі гараджане і госці свята.
Самы ўрачысты момант “Дажынак” – цырымонія ўзнагароджання перадавікоў. У намінацыі “Сярод старшых камбайнераў і камбайнераў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў” падзякі і грашовыя прэміі атрымалі з рук губернатара Уладзімір Лаўцэвіч і Павел Шульгат з ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” (здымак 2).
Сябры-камбайнеры Віктар Суднік і Іван Бяльчук, перапоўненыя важнасцю і ўрачыстасцю моманту, нават дзяўчат-прыгажунь не бралі пад увагу (здымак 3). Папрацавалі хлопцы на славу. Хоць і маладыя, але па намалоце збожжа ад свайго старэйшага таварыша Уладзіміра Лаўцэвіча практычна не адсталі і ў вобласці мелі гонар быць адзначанымі сярод шасці лепшых экіпажаў у намінацыі “Старшыя камбайнеры і камбайнеры моладзевых экіпажаў сельскагаспадарчых арганізацый ва ўзросце да 31 года”. Яшчэ раз пацвердзіў, што моладзь раёна ўмее і імкнецца працаваць не горш за старэйшых, аператар зернесушыльнай устаноўкі ААТ “Таргуны” Вадзім Грыгор’еў, які ўвайшоў у тройку лепшых аператараў вобласці (здымак 4). За шматгадовую добрасумленную працу і за выдатныя паказчыкі на ўборцы збожжавых падзяку і грашовую прэмію атрымаў таксама вадзіцель ААТ “Таргуны” Віктар Раткевіч (здымак 5). А галоўны аграном СГФ “Бягомльскі” ААТ “Віцебскдрэў” Міраслаў Ушкевіч (здымак 6) будзе цяпер ездзіць па палетках роднай гаспадаркі на новенькім веласіпедзе: сертыфікат быў уручаны Міраславу Аляксандравічу за актыўны ўдзел у вырошчванні і ўборцы ўраджаю-2015.
Дырэктар ДЛГУ “Бягомльскі лясгас” Аляксей Пракопаў (здымак 7) і дырэктар ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” Васіль Васюковіч (здымак 8) атрымалі дыпломы пераможцаў рэспубліканскага агляду-конкурсу “Землекарыстанне высокай культуры земляробства, добраўпарадкаванне машынных двароў, жывёлагадоўчых фермаў і комплексаў” і грашовыя прэміі для набыцця трактароў МТЗ-82. Ганарымся і віншуем!
Адшумелі “Дажынкі” канцэртамі, тэатралізаванымі прадстаўленнямі, спартыўнымі святамі, ушанавалі хлебаробаў, парадавалі гледачоў і ўдзельнікаў тэматычнымі пляцоўкамі, выставамі-прэзентацыямі, ярмаркай ды феерверкам. Эстафету свята пераймае ў наступным годзе Сянно. Будзем спадзявацца, што героямі будучага хлебаробскага свята стане яшчэ больш руплівых працаўнікоў-дакшычан.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота А. Варанковіча.