Педагоги Докшиччины отметили профессиональный праздник (+фото)

Здымак 1

Здымак 1

Прафесійнае свята настаўнікаў сабрала ў кінаканцэртнай зале “Іскра” невялікую колькасць прадстаўнікоў сістэмы адукацыі раёна. Усяго ж педагогаў Докшыччыны налічваецца каля дзевяцісот. На ўрачыстым вечары ў іх гонар гучала шмат цёплых слоў.

– Вы самыя патрэбныя людзі ў жыцці кожнага маленькага чалавека, – віншаваў калег начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Дзмітрый Парцянка. – Вы адчыняеце дзверы ў свет навукі і ведаў для хлопчыкаў і дзяўчынак. Толькі вам пад сілу раскрыць таленты ў сваіх выхаванцаў, падказаць правільнае рашэнне жыццёвых задач. Па-сапраўднаму шчаслівы той, хто на сваім шляху сустрэў сапраўднага настаўніка.

Асаблівую падзяку за вернасць абранай справе атрымалі педагогі-ветэраны, так званы, залаты фонд сістэмы адукацыі. Сучаснаму настаўніку пажадалі не баяцца прымаць нестандартныя рашэнні і быць наперадзе часу. У канцы свайго выступлення Дзмітрый Данілавіч прачытаў верш Льва Кукліна “Разные были учителя в человеческом общежитии”, які абагульніў усё ім сказанае.

Гучалі словы ўдзячнасці ў гонар педагогаў раёна і ад намесніка старшыні райвыканкама Валянціны Рандарэвіч. Ганаровай граматай раённага выканаўчага камітэта яна павіншавала з прафесійным святам настаўніцу музыкі Докшыцкай СШ № 1 Таццяну Суднік, Ганаровай граматай раённага Савета дэпутатаў – дырэктара Валкалацкай СШ Пятра Кацейку (здымак 1).

У час мерапрыемства на сцэне выступіла докшыцкая каманда пачынаючых педагогаў “Пошук”, якая напярэдадні прыняла ўдзел у фестывалі маладых спецыялістаў у Віцебску.

Песнямі і танцамі віншавалі прадстаўнікоў сістэмы адукацыі юныя мясцовыя артысты з цэнтра дзяцей і моладзі. Сапраўдным падарункам да свята стаў канцэрт “Мы – разам!”, які праводзіўся ў рамках Рэспубліканскай народна-патрыятычнай акцыі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. На докшыцкай сцэне выступілі зоркі беларускай эстрады: Саша Нэма, Ларыса Грыбалёва, а таксама творчы дуэт Аляксандра і Канстанцін. Побач з імі дарылі сваё майстэрства гледачам фіналісты Рэспубліканскага вакальнага конкурсу ФПБ “Новыя галасы для любімай краіны”. Кожны ўдзельнік канцэрту дарыў самым актыўным гледачам сувеніры ў выглядзе сімвала акцыі – беларускага бусла.

Здымак 2

Здымак 2

Таксама ў рамках акцыі “Мы – разам!” Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі падтрымлівае традыцыю ўшанавання працоўных дынастый “Чалавек слаўны працай”. Падчас якой першымі на сцэну запрасілі родных Заслужанага трэнера БССР Івана Дзмітрыевіча Рацькавіча. Гучнымі апладысментамі сустракалі на сцэне жонку, дачку і ўнука вядомага земляка, якія абралі сэнсам жыцця настаўніцкую дзейнасць. Іх агульны сямейны стаж складае 145 гадоў.

Шмат год аддала педагагічнай дзейнасці Лілія Васільеўна Гуц. Сёння яе справу працягваюць дачка і ўнукі.

Стаж дынастыі Шымановічаў – 163 гады. Уся працоўная дзейнасць Генадзя Яўгенавіча і Дануты Сігізмундаўны прайшла ў Докшыцкай СШ (у тыя часы была толькі адна гарадская сярэдняя школа). Сёння высакародную справу працягваюць дзве дачкі і зяць Шымановічаў.

З 1972 года пачалася настаўніцкая дзейнасць сям’і Стадольнікаў. Трое сыноў Віктара Юльянавіча і Валянціны Мікалаеўны атрымалі вышэйшую педагагічную адукацыю, а з цягам часу стварылі настаўніцкія сем’і. За імі – будучыня дынастыі.

Словы падзякі атрымалі прадаўжальнікі высакароднай прафесіі ад Валянціны Рандарэвіч, а таксама ад старшыні раённага аб’яднання прафсаюзаў Ядвігі Шульгат (здымак 2).

Тэкст і фота
Яўгеніі МАЛЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *