Почтовое отделение в агрогородке Торгуны Докшицкого района работает под девизом «Один — за всех, и все — за одного»

IMG_7464Паштовае аддзяленне ў аграгарадку Таргуны з 2008 года ўзначальвае Святлана Гралеўская. Усяго ж у сістэме яна працуе каля дваццаці пяці год. Разам з ёй працуюць паштальёны – Наталля Раткевіч і Алена Жук, якія абслугоўваюць два даставачныя ўчасткі. Амаль штодзень спяшаюцца жанчыны з цяжкімі сумкамі да сваіх кліентаў, нясуць ім, акрамя часопісаў і газет, розныя тавары, якія цяпер прапаноўвае РУП “Белпошта”.

– Шмат чаго змянілася з таго часу, калі я прыйшла працаваць у гэту сістэму, – расказвае Святлана Віктараўна. – Раней паштальёны разносілі газеты і паштоўкі, выплачвалі пенсіі, афармлялі падпіску. Сёння аддзяленне, акрамя гэтага, яшчэ ажыццяўляе рассылку і ўручэнне паштовых адпраўленняў, продаж тавараў павышанага попыту, праводзіць аперацыі з банкаўскімі карткамі, ксеракапіруе дакументы, падключае кліентаў мабільнай сувязі МТС. Тыя, хто хочуць паспрабаваць сваю ўдачу ў латарэі, могуць згуляць у «КЕНА». Дарэчы, вяскоўцы часта просяць выбраць латарэйныя білеты Наталлю і Алену, бо лічаць, што рука ў паштальёнаў – шчаслівая.

Самыя далёкія кропкі дастаўкі пошты – Плітніца, Першамайск і Вецяра. Неяк дзяўчаты падлічылі, што за дзень пераадольваюць каля трынаццаці кіламетраў. Паштальёны ведаюць, што іх чакаюць практычна ў кожным доме, а таму спяшаюцца на сустрэчу да сваіх кліентаў. Адзінокім людзям трэба не толькі газету занесці, але і пагутарыць з імі, абмеркаваць апошнія навіны, таму дзяўчаты і самі шмат чытаюць, каб быць у курсе ўсіх падзей.

– Наша каманда – згуртаваная, – задаволена распавядае пра работу свайго аддзялення Святлана Віктараўна. – Дэвіз “Адзін – за ўсіх, і ўсе – за аднаго” дапамагае выконваць даведзеныя заданні. Асобныя словы падзякі выказваем людзям, якіх абслугоўваем. Ад іх у многім залежыць наш поспех. У Сусветны дзень пошты калегам жадаем росквіту, новых здабыткаў у працы, здароўя, даходаў ва ўсім і добрай падпіскі.

Да гэтых слоў далучаецца і калектыў рэдакцыі.

Яўгенія МАЛЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: згуртаваная каманда паштовага аддзялення ў Таргунах (злева направа): Наталля Раткевіч, Святлана Гралеўская і Алена Жук.
Фота А. Варанковіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *