12 октября исполняется 75-лет со дня образования Парафьяновского сельсовета Докшицкого района
Пасля ўваходу Заходняй Беларусі ў склад БССР, на яе тэрыторыі ў снежні 1939 – студзені 1940 гадоў у выніку новага тэрытарыяльна-адміністрацыйнага падзелу быў створаны Докшыцкі раён Вілейскай вобласці. 12 кастрычніка 1940 года — зацверджаны 14 сельсаветаў раёна, у тым ліку і Параф’янаўскі.
У яго склад увайшлі 25 населеных пунктаў, дзе пражывала амаль тры тысячы чалавек. Дзейнічалі чыгуначная станцыя, 2 заводы (малочны і па вытворчасці мінеральнай вады), 3 вінакурні, столькі ж механічных млыноў, лесапілка, 16 школ, 5 клубаў, касцёл, 2 царквы і сінагога.
Вялікая Айчынная вайна ўпісала ў гісторыю сельсавета страшныя старонкі знішчэння разам з жыхарамі вёсак Азарцы і Залатухі, расстрэл вязняў канцлагера ў Ходараўцы. У самім мястэчку былі знішчаны практычна ўсе мясцовыя габрэі, у тым ліку і сакратар сельскага Савета Павел Чэча. Але Параф’янаву пашанцавала быць не спаленым, таму адразу пасля вызвалення ў ім размясціліся ўсе раённыя ўстановы. Ужо да лета 1945-га іх паціху сталі пераводзіць у Докшыцы, а мястэчка, дзякуючы чыгунцы, даволі бурна зажыло. Гэта была адзіная артэрыя, па якой у раён паступалі грузы, перавозіліся пасажыры.
З далёкіх 50-х і да нашых дзён
За вырашэннем сваіх надзённых пытанняў параф’янаўцы, як некалі ў гміну, цяпер спяшаліся ў сельсавет. У 1955 годзе сакратаром сельвыканкама прыйшла працаваць сімпатычная бялявая дзяўчына, якую вяскоўцы любілі за вясёлы, добразычлівы характар і здольнасці як у сапраўднай артысткі. У тыя часы спявалі і танцавалі практычна ўсе. Многія хлопцы ігралі на гармоніку, але Клара Меер была асаблівая. Яна спявала пад уласны акампанемент гітары, віртуозна танчыла і цудоўна чытала вершы. А яшчэ была добрым арганізатарам. Дзе жыла (сям’я пераязджала многа, бо бацька наладжваў дзейнасць спіртзавода не толькі ў Параф’янаве, але і Будславе, Відзах, Свіры) ці працавала, там абавязкова з’яўляўся хор, танцавальны гурток, ладзіліся пастаноўкі. Дзяўчына, якая ў вайну зведала, што такое канцлагер, здолела не страціць жыццярадаснасці і задору. Жыла сама цікава і старалася, каб так было ўсім. За актыўнасць бібліятэкара Меер у 24 гады выбралі дэпутатам Параф’янаўскага сельскага Савета і прапанавалі стаць яго сакратаром.
На гэтай пасадзе Клара Іосіфаўна затрымалася больш чым на 30 год. Работу сваю любіла, старалася кожнаму чалавеку, які да яе звяртаўся, дапамагчы, зрабіць што-небудзь прыемнае. Моладзі тады было багата. Вяселляў гулялі шмат. Некаторыя пары вянчаліся, іншыя – не, але ўсе ці да вяселля, ці потым прыходзілі ў сельскі Савет, каб атрымаць дакумент аб заключэнні шлюбу, як тады казалі, “распісацца”. Вось завітала неяк адна такая сціпла апранутая пара, як, дарэчы, і большасць у тыя гады. Клара глянула на іх, і так ёй захацелася зрабіць ім свята, каб усё было па-сапраўднаму: з вэлюмам і пярсцёнкамі. Папрасіла маладых пачакаць. Сама ж арганізавала сельсаветаўскіх дзяўчат, і хутка з’явілася белая сукенка з вэлюмам, а просценькія пярсцёнкі купілі ў сельпоўскім магазіне (залатых тады яшчэ у продажы не было).
Такой прыдумшчыцай ці, як зараз кажуць, творчым чалавекам яна была заўсёды. Каб распісацца, да яе прасіліся з іншых сельсаветаў. А яна распрацавала сапраўдны спектакль, “іграць” які дапамагаў многія гады настаўнік Іван Каржуеў. Па словах былых калег, элегантная заўсёды з густам апранутая Клара Іосіфаўна, якая пасля замужжа ўзяла прозвішча Лабынька, была заўсёды прыкладам глыбокай унутранай культуры, вытанчаных манер. У яе вучыліся, з яе бралі прыклад. А яна паспявала бездакорна выконваць шматлікія на той час службовыя абавязкі, прымаць семінары па абмене вопытам, удзельнічаць у мастацкай самадзейнасці.
Сваю першую ўзнагароду з рук першага сакратара райкама партыі Клара атрымала на раённым аглядзе мастацкай самадзейнасці, на абласным – Дыплом за выкананне песні Марыны з кінафільма “Гадзіннік спыніўся апоўначы”. Было гэта ў 1956 годзе. Потым рознага ўзроўню ўзнагароды на яе будуць сыпацца дажджом: за павышэнне ролі Саветаў у гаспадарчай і культурна-бытавой дзейнасці, за арганізацыю калгаснага хору і іншыя дасягненні. Самым дарагім з’яўляецца медаль “За доблесную працу”.
У 1986 годзе Клара Іосіфаўна выйшла на пенсію. Пасля смерці мужа жыве з сынам. Здароўе на дзявятым дзясятку, канечне, падводзіць, але яна па-ранейшаму ўмее сустрэць і прыняць гасцей, застаецца цікавым субяседнікам і мілай, элегантнай жанчынай.
Узгадваючы пра сваю работу, Клара Іосіфаўна расказала столькі, што хапіла б на асобны артыкул пра дзейнасць тагачасных сельскіх Саветаў. Пры гэтым не прамінула добрым словам успомніць усіх, з кім давялося працаваць. Старшынямі Параф’янаўскага сельвыканкама былі Леанід Пацехін, Вікенцій Якутовіч, Васіль Яленскі, Вера Якаўлева, Анатоль Шычко, Алег Клімовіч, Валянціна Станкевіч, Павел Маслаў, сакратаром – Галіна Буката.
Адна з былых калег Клары Іосіфаўны працуе і да сённяшняга.
Адно месца працы на ўсё жыццё
Вольга Пашкоўская ў сельскі Савет прыйшла працаваць бухгалтарам у 1979 годзе, практычна пасля заканчэння школы. Скончыла бухгалтарскія курсы, потым завочнае аддзяленне тэхнікума і да сённяшняга часу так і не здрадзіла свайму першаму месцу працы.
У 70-я ў штаце сельсавета яшчэ значыліся рахункавод-касір і начальнік воінскага ўліку. Размяшчалася мясцовая ўлада ў аднапавярховым драўляным доміку насупраць сённяшняга СДК. Акрамя старшыні і сакратара, астатнія работнікі працавалі ў адным пакойчыку. Шлюбны абрад праводзілі ў клубе. Таму вельмі радаваліся, калі ў 1981 годзе на ўскрайку Параф’янава вырас двухпавярховы будынак, прызначаны для сельскага Савета.
Кола абавязкаў у тагачаснай бухгалтарскай службы было вялікае, бо на балансе значыліся школы, садкі, ФАПы. Нават была ўведзена адзінка яшчэ аднаго бухгалтара, на пасадзе якога ў свой час працавалі Крысціна Шычко, Яўгенія Радзюк, Галіна Каляга.
У 90-я гады амаль усе работнікі сельвыканкама зноў сабраліся ў адным пакоі і перабраліся на першы паверх. У будынку пацёк дах, узніклі праблемы з ацяпленнем. Зараз добрым словам успамінае Вольга Паўлаўна праграму будаўніцтва аграгарадкоў, якая ўдыхнула жыццё ў сельскія населеныя пункты. У 2005 годзе, дзякуючы будаўніцтву аграгарадка ў Параф’янаве, быў адрамантаваны і будынак сельскага Савета. Зараз ва ўтульнай, з густам аформленай зале па дзве-тры пары маладых у адзін дзень, як было ў час Клары Лабынька, канечне, не распісваюцца, але сам абрад праходзіць вельмі ўрачыста і прыгожа.
Сёння штат сельскага Савета невялікі, але яго старшыня Галіна Азарэвіч, кіраўнік справамі Наталля Дабравольская і бухгалтар Вольга Пашкоўская, як і іх папярэднікі, з гонарам трымаюць статус прадстаўнікоў мясцовай улады.
Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
Фота А. Варанковіча.