Делегация Докшицкого района привезла награды с мероприятия «Трудовой семестр-2015»
Паспяхова завяршылася сёлета дзейнасць райкама ГА “БРСМ” па другаснай занятасці моладзі. З цэлым стосам узнагарод вярнулася дэлегацыя нашага раёна з мерапрыемства “Працоўны семестр-2015”, якое 16 снежня ладзілася ў абласным цэнтры.
Звання “Лепшы экалагічны атрад” уганараваны “Леснікі” Бягомльскай сярэдняй школы. На мерапрыемства былі запрошаны камандзір атрада Ілья Якубовіч і яго намеснік Павел Глазко. Атрад працаваў у ДЛГУ “Бягомльскі лясгас” на працягу ўсіх летніх канікул. Зарабіць свае першыя грошы ў ім змаглі 12 чалавек. Дарэчы, гэта ўжо другая запар перамога Бягомльскай школы. У мінулым годзе Аляксандр Тубалец быў прызнаны лепшым камандзірам атрада.
Валанцёрскі атрад “Новае пакаленне” з Парплішчанскай школы у межах абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу “Моладзь за чысціню гарадоў і вёсак” атрымаў трэцяе месца сярод вучнёўскіх экалагічных атрадаў. Яго камандзір – Андрэй Далжук (на здымку).
Раённая арганізацыя ГА “БРСМ” прызнана лідарам па выніках года ў сферы другаснай занятасці моладзі, а штаб студэнцкіх атрадаў райкама ГА “БРСМ” стаў лепшым у вобласці і ўзнагароджаны пераходным кубкам, а таксама адзначаны падзякаю Цэнтральнага камітэта Саюза моладзі.
Дырэктар ТАА “Беларуска-польскае сумеснае прадпрыемства “Лайкпол” Юзэф Касцюк на мерапрыемстве быў узнагароджаны Граматай аблвыканкама за падтрымку студатрадаўскага руху. Гэта невыпадкова, бо прадпрыемства некалькі гадоў запар у летні перыяд актыўна забяспечвае моладзь работай.
— Сёлета мы працаўладкавалі 529 чалавек, якія былі згрупаваны ў 29-ці атрадах. Усё гэта здзейснена дзякуючы падтрымцы раённага выканаўчага камітэта, а таксама непасрэдна кіраўнікоў арганізацый на месцах, якія не праігнаравалі нашу ініцыятыву і прынялі на працу непаўналетніх, – зазначыла першы сакратар райкама ГА “БРСМ” Таццяна Гайчук.
Наталля НАВІЦКАЯ.