Ребята, у которых живёт Бог в душе
Ад перабудовы, калі людзі пайшлі ў царкву, і да сённяшняга дня ў ёй адбыліся вялікія змены. Моладзь адшукала дарогу да храма. Сёння не толькі на святочнай, але і нядзельнай Літургіі ў царкве можна ўбачыць вернікаў рознага ўзросту. Канечне, некаторыя “заходзяць у храм, каб паставіць свечку”, не памятаючы пра Хрыста, не маючы ўяўлення пра малітву і Святыя Таінствы. У гэтым прысутнічае антыхрысціянскі пачатак, нават праяўленне паганства. Але думаецца, што больш усё ж тых, хто імкнецца ў храм дзеля адзінства з Богам, якое дае агульная малітва.
Замілаванне выклікае, як сказала адна веруючая, прысутнасць на службе дзяцей. Маленькіх прыносяць, прыводзяць бацькі да Прычасці, а старэйшыя на службу ідуць самі. Ім бы паспаць даўжэй раніцай у вольны ад вучобы дзень. Ды не, падымаюцца самі, і будзіць не трэба. Пасля службы большасць з іх адразу наведвае заняткі ў нядзельнай школе. У Свята-Пакроўскім прыходзе такіх навучэнцаў налічваецца каля сямі дзясяткаў. Сярод іх Саша Касцюк і Дзіма Салавей. Хлопцы ўжо некалькі год у царкве Пакрова Прасвятой Багародзіцы прыслужваюць настаяцелю храма айцу Георгію. Зараз абодва ўжо вучацца ў восьмым класе, а ў прыслужнікі маленькіх чацвёртакласнікаў прывяла звычайная хлапечая цікаўнасць. Надта ўжо хацелася ім зазірнуць у алтар, калі прыйшлі з настаўніцай нядзельнай школы знаёміцца з храмам. Атрымалі на гэта блаславенне айца Георгія ды так і засталіся.
Навучыцца прыслужваць святару – навука не з лёгкіх. Яе спасцігалі ў старшага памочніка Мікалая Козела. Не ўсё адразу атрымлівалася, ды і хлопцы – добрыя гарэзы, а калі яшчэ ўдваіх, то наогул грымучая сумесь. Айцу Георгію здаралася і да парадку іх заклікаць, але ж на тое яны і дзеці.
Некалькі пазней далучыўся да іх Лёша Касцючэнка. Ён доўгі час послух адбываў, стоячы ля падсвечнікаў. Упартае жаданне хлопца стаць прыслужнікам ацаніў айцец Георгій і таксама даў блаславенне.
Зараз усе ўжо падраслі, пасталелі і прыслужванне ў храме лічаць послухам, які выконваюць па духоўнай патрэбе. Шчыра прызнаюцца, што менавіта гэта пачуццё дае сілы прыслужваць на Усяночнай, доўгай і складанай службе.
– Я вельмі рада, што мой сын ведае дарогу да храма, – гаворыць мама Аляксандра Касцюка Ірына Васільеўна. – У царкву, а потым нядзельную школу яго прывяла бабуля Зоя Пятроўна, і за гэта я вельмі ўдзячна сваёй маме. Ведаеце, Сашу нельга прымусіць рабіць тое, што яму не падабаецца. Патрэбна толькі яго добрая воля. А тое, што і зараз, калі мы ўжо пераехалі жыць у Глыбокае, ён усё роўна кожную нядзелю ездзіць прыслужваць у Свята-Пакроўскую царкву, гаворыць пра жыццё Бога ў яго душы. Значыць, усё будзе добра.
Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: (злева направа) Дзмітрый Салавей, Аляксей Касцючэнка, Аляксандр Касцюк у час службы ў Свята-Пакроўскай царкве.
Фота аўтара.