Соцработник Елена Котейка из Докшицкого района безукоризненно справляется со своей работой
Алена Кацека, жыхарка вёскі Кромавічы, што ў Бярозкаўскім сельсавеце (на здымку), працуе сацыяльным работнікам без малога дваццаць гадоў, практычна адразу ж пасля заканчэння школы. Яна абслугоўвае восем чалавек (самай старэйшай жанчыне дзевяноста тры гады) у пяці вёсках: Кромавічах, Шылінцах, Вялікім Полі, Грабянях і Гарадзішчы. Дабіраецца ў вёскі на веласіпедзе, а зімой – пешшу. Праца сацработніка — гэта даволі значная фізічная нагрузка, ды і пералік аказваемых паслуг немаленькі: сацыяльна-бытавыя, медыцынскія, педагагічныя, пасрэдніцкія, псіхалагічныя. У абавязкі работнікаў гэтай сферы ўваходзіць нават навучанне падапечных карыстацца мабільным тэлефонам, а таксама чытанне ўслых газет і часопісаў. І з усімі абавязкамі, па словах загадчыцы аддзялення сацыяльнай дапамогі ТЦСАН на даму Дануты Лявоха, Алена спраўляецца бездакорна.
– Асноўныя рысы, якія павінны быць у чалавека, што выбраў прафесію сацыяльнага работніка, – гэта сумленнасць, міласэрнасць і працавітасць, – гаворыць Данута Вацлаваўна. – І наша Алена валодае гэтымі якасцямі, за што яе паважаюць калегі і вельмі любяць падапечныя. У 2009-м годзе жанчына была адзначана Падзякай упраўлення па працы і сацыяльнай абароне насельніцтва. Безумоўна, у нашай службе Алена Кацека – адна з лепшых, на яе трэба раўняцца. Ды хацелася б адзначыць, што ўсе сацработнікі раёна, а іх сто пяць, працуюць, як належыць. Выпадковыя не затрымліваюцца, застаюцца тыя, для каго сацыяльная работа не проста прафесія, а прызванне.
– Канешне, з пажылымі людзьмі бывае нялёгка: яны вельмі ранімыя, чуллівыя, непасрэдныя, часта безабаронныя, як дзеці, – дзеліцца Алена, – але ў мяне ні разу не ўзнікла думка памяняць прафесію: прыкіпела да сваіх падапечных душой, як да родных, жыву іх клопатамі, турботамі, трывогамі і радасцямі. Ведаю, што яны заўсёды мяне чакаюць і шчыра радуюцца майму прыходу. А хіба не гэта галоўнае?
Тэмп Аленінага жыцця даволі хуткі: маладой жанчыне даводзіцца практычна адной упраўляцца з немалой хатняй гаспадаркай, бо муж працуе ў Мінску і дадому прыязджае толькі на выхадныя. Але ўсе праблемы яна пакідае за веснічкамі сваёй сядзібы і да падшэфных заўсёды прыходзіць з добрым настроем, з усмешкай, знаходзіць для іх цёплыя словы, якія дапамагаюць часам лепш, чым самыя дарагія лекі.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.