Итоги работы сельхозорганизаций за 2015 год обсудили на коллегии райсельхозпрода в Докшицком районе

Здымак 1

Здымак 1

Днямі прайшла чарговая выязная калегія ўпраўлення райсельгасхарчу, на якой падводзіліся вынікі работы сельскагаспадарчых арганізацый раёна за 2015 год. На калегіі прысутнічаў старшыня райвыканкама Алег Пінчук. Былі запрошаны кіраўнікі гаспадарак, галоўныя заатэхнікі і ветурачы. Вёў калегію начальнік упраўлення райсельгасхарчу Сяргей Абірала.

Менавіта ад развіцця жывёлагадоўчай галіны ў значнай ступені залежыць эканамічнае становішча кожнай гаспадаркі, а значыць, і раёна ў цэлым. Добрых жа вынікаў можна дасягнуць, калі захоўваць тэхналогіі па надоях малака і вырошчванні мяса. Гэта і забеспячэнне жывёлы збалансаванымі па пажыўных рэчывах кармамі, і строгае захаванне рэжыму кармлення, і падтрыманне чысціні і парадку на рабочых месцах, і адказная, граматная, своечасовая работа ветэрынарнай службы.

Выязная частка калегіі прайшла ў ААТ “Таргуны”. Напачатку ўдзельнікі наведалі малочнатаварную ферму “Двор”, на прыкладзе якой змаглі ўбачыць, якія меры прымаюцца для ўстаранення дапушчаных у папярэднія гады недапрацовак, каб узнавіць ранейшую колькасць пагалоўя і гэтым самым павысіць надоі малака. У прыватнасці, прысутным было прадэманстравана належнае ўтрыманне цялят-малочнікаў. На ферме былі перабудаваны ў адпаведнасці з тэхналогіяй клеткі, кармушкі для цялятак размясцілі звонку. Прысутныя таксама змаглі ўбачыць правільнае выпайванне цяляці ў першыя дзве гадзіны пасля нараджэння малодзівам. Віталь Канашыц, які выконвае абавязкі галоўнага ветэрынарнага ўрача раёна, пазнаёміў удзельнікаў з тэхналогіяй адбору малодзіва. Ён адзначыў, што неабходнае для гэтага абсталяванне – кластраметр, вадзяная лазня і маразільнік – каштуе нятанна, але цалкам сябе апраўдвае.

Наведалі ўдзельнікі калегіі і мехдвор гаспадаркі, дзе поўным ходам вядуцца работы па падрыхтоўцы сельгастэхнікі да вясенне-палявых работ – у Таргунах да гэтай справы прыступілі аднымі з першых.

***

Здымак 2

Здымак 2

Другая частка калегіі была вельмі насычанай: падводзіліся вынікі мінулага года. Напачатку старшыня райвыканкама падзякаваў кіраўнікам і спецыялістам КУП “Докшыцкі”, ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” і КУСГП імя Чэрныша за плённую працу і станоўчыя вынікі ў галіне жывёлагадоўлі. Разам з тым Алег Леанідавіч указаў на нездавальняючую работу ў гэтым накірунку ААТ “Барсучанка”, ДП “Гняздзілава-Агра” і ААТ “Таргуны” – гаспадарак, ад якіх можна было чакаць нашмат вышэйшых паказчыкаў. Незадаволены кіраўнік раёна і работай райплемстанцыі і ветэрынарнай станцыі.
З аналізам работы за справаздачны перыяд выступіў начальнік райплемстанцыі Мікалай Бруяка, які інфармаваў прысутных аб колькасці атрыманага за год прыплоду ў гаспадарках раёна. Як слушна заўважыў выступоўца, прычыны яго недаатрымання – выбыццё сцельных кароў, мёртванароджаныя цяляткі і аборты – з’яўляюцца наступствам несвоечасовых вакцынацый кароў перад ацёламі, недастатковай арганізацыі прагулак, халатных адносін да сартавання статку, несвоечасовага лячэння, выяўлення і стымуляцыі палавой ахвоты і, безумоўна, невыканання тэхналогій кармлення і ўтрымання жывёлы. Ён яшчэ раз звярнуў увагу на неабходнасць ранняй дыягностыкі гінекалагічных захворванняў і своечасовага лячэння, на правільнае кармленне сухастойных кароў і малочных цялят, неабходнасць ужывання стартарных камбікармоў.
Начальнік упраўлення райсельгасхарчу выказаўся, што, на яго думку, павелічэнне колькасці прыплоду пачынаецца з узмацнення дысцыпліны. І ў першую чаргу кантроль над гэтым пытаннем павінен быць з боку райплемстанцыі. “Нават памылкі ў рабоце прыносяць менш шкоды, чым абыякавасць і бяздзейнасць”, – зазначыў Сяргей Уладзіміравіч.
З аналізам стану спраў у жывёлагадоўчай галіне па кожнай гаспадарцы выступіла намеснік старшыні ўпраўлення райсельгасхарчу Наталля Зямчонак.
Па тэмпе росту валавой прадукцыі лепшыя паказчыкі ў КУП “Докшыцкі” (100,9%), ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” (98,9%) і КУСГП імя Чэрныша (97,7%). Па выхадзе цялят на 100 кароў і цялушак лідарства трымаюць СГФ “Бягомльскі”, КУП “Докшыцкі” і ААТ “Замастачанскае” (114, 102 і 98 адпаведна). Самыя высокія сярэднія надоі на карову ў ААТ “Замастачанскае”, СГФ “Бягомльскі” і ДП “Гняздзілава-Агра” (адпаведна 4524 кг, 4355 кг і 4262 кг). Найвышэйшыя сярэднясутачныя прывагі БРЖ у ААТ “Замастачанскае”, ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” і СГФ “Бягомльскі” (716 грамаў, 513 грамаў і 454 грамы). Па агульных паказчыках вытворчасці асноўных відаў сельскагаспадарчай прадукцыі пераможцамі з’яўляюцца СГФ “Бягомльскі”, ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” і ДП “Гняздзілава-Агра”. ДП “АграБераснёўка” і ДП “АграСітцы” займаюць апошнія пазіцыі.
Начальнік аддзела інтэнсіфікацыі сельскай гаспадаркі Андрэй Маскалёнак зрабіў даклад аб стане падрыхтоўкі сельгастэхнікі да вясенне-палявых работ. Тут лідарамі з’яўляюцца ААТ “Таргуны”, ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”, СГФ “Бягомльскі”, актывізавала работу ДП “Гняздзілава-Агра”.
Падводзячы вынікі пасяджэння, начальнік упраўлення райсельгасхарчу адзначыў, што на асаблівы кантроль будуць узяты планаванне і адпаведнае правядзенне вакцынацый і асемянення. Стан спраў у дадзеным накірунку будзе разглядацца кожны месяц. Акрамя гэтага, спецыялісты гаспадарак будуць здаваць падэкадныя справаздачы аб выкананай рабоце. Для таго, каб захаваць і павялічыць аб’ёмы вытворчасці малака і мяса, у кожным працоўным калектыве будзе ўзмоцнены кантроль за захаваннем тэхналогій і збалансаванасцю рацыёнаў. Карэнным чынам патрэбна перабудаваць сваю работу племянной і ветэрынарнай службам.
– Менавіта ад вашай мэтанакіраванасці, ад ведання сваёй справы і сумленнага яе выканання, неабыякавасці і ініцыятыўнасці залежыць матэрыяльны дабрабыт і ўпэўненасць у заўтрашнім дні працаўнікоў сельскай гаспадаркі, вашых падначаленых. Заўсёды памятайце пра гэта, – з такімі словамі ў заключэнне звярнуўся да кіраўнікоў і спецыялістаў гаспадарак старшыня райвыканкама.
Пачаўся новы 2016 год. Будзем спадзявацца, што яго вынікі ў сельскай гаспадарцы раёна парадуюць нас больш высокімі паказчыкамі.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
НА ЗДЫМКАХ: 1. Віталь Канашыц знаёміць удзельнікаў калегіі з тэхналогіяй адбору малодзіва. 2. Дырэктар А.М. Бальшуноў задаволены тэмпам падрыхтоўкі тэхнікі да вясенне-палявых работ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *