На бегомльской сцене снова ожила сказка (+фото и видео)
Бягомльская дапаможная школа-інтэрнат у трэці раз прымала абласны фестываль тэатральнага мастацтва для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця “Зазеркалье — 2016”. Цёпла і ветліва сустракалі на мерапрыемстве паважаных гасцей: намесніка Міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Віктара Якжыка і начальніка ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрыя Хаму. Прыемнай нечаканасцю стаў візіт надзвычайнага паўнамоцнага пасла Італьянскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Стэфана Б’янкі. У прывітальным слове Віктар Якжык адзначыў значнасць і вядомасць фестывалю. Ён выказаў удзячнасць італьянскаму боку за падтрымку і дапамогу ў правядзенні свята.
На пачатку мерапрыемства былі падведзены вынікі конкурсу творчых работ, з якімі можна было пазнаёміцца ў фае. Усе вырабы былі своеасаблівымі і непаўторнымі, прыгожымі і цікавымі. Італьянскім гасцям спадабаліся тыя, што былі зроблены з простых матэрыялаў і ўвасобілі ў сабе традыцыйныя беларускія матывы. Асаблівым поспехам карысталася калектыўная работа “Бабкі Аршаншчыны”, якую выканалі дзеці з дапаможнай школы № 24 г. Оршы. Яна і перамагла ў конкурсе на лепшы выраб.
Святочную праграму прадоўжылі юныя артысты з раённага Цэнтра дзяцей і моладзі, якія паказалі цудоўны канцэрт. Песнямі і танцамі яны “разагрэлі” гледачоў перад пачаткам агляду-конкурсу. На сёлетнім фестывалі ўдзельнікі павінны былі прадставіць інсцэніроўку паводле вядомай казкі Братоў Грым “Брэменскія музыканты”.
І вось святло згасла, а на сцэне ажыла добрая старая гісторыя пра вулічных музыкаў. Яркія дэкарацыі, арыгінальныя касцюмы і старанне самадзейных артыстаў стварылі чароўную атмасферу і непрыкметна перанеслі ў свет дзівосаў і фантазіі. Восем рознабаковых выступленняў – восем інтэрпрэтацый казкі – праляцелі як адно імгненне. Гледачы замерлі ў чаканні раскрыцця галоўнай інтрыгі дня: узнагароды пераможцаў. Першае месца было прысуджана тэатральнай трупе Глыбоцкага псіханеўралгічнага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў, другое – дапаможнай школе № 26 г. Віцебска, трэцяе – аршанцам. Сёлета ўвялі дадатковую намінацыю – “За лепшае выкананне ролі”. Гэта званне атрымаў выхаванец Бягомльскай дапаможнай школы-інтэрната Мікіта Войтаў. Да таго ж бягомльскі калектыў быў узнагароджаны за лепшыя касцюмы.
– Гэта быў вельмі эмацыянальны дзень, – сказаў карэспандэнтам пасол Стэфан Б’янкі. – Мы з вялікім хваляваннем сачылі за работай дзяцей, уражаны, з якім клопатам і любоўю адносяцца настаўнікі да сваіх выхаванцаў. Лічу, што такія сустрэчы трэба працягваць. За гэтым сумесным праектам Беларусі і Італіі стаіць вельмі важны момант – сяброўства паміж нашымі народамі, якое павінна стаць прыкладам усяму свету. Асабліва зараз, калі кожнаму насельніку нашай планеты патрэбны мір.
Тэкст і фота
Яўгеніі МАЛЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: Стэфан Б’янкі з творчым калектывам Бягомльскай дапаможнай школы-інтэрнат.
[youtube]https://www.youtube.com/watch?v=FkdbN56G4a8[/youtube]