В Докшицком приходе Святой Тройцы к Пасхе подготовили сюрприз

DSCN1936Усім добра вядома, што да вялікіх урачыстасцей неабходна рыхтавацца загадзя. А яшчэ хочацца, каб такія важныя падзеі вылучаліся нейкай адметнасцю. Так, у Докшыцкай парафіі Святой Тройцы да найважнейшага гадавога свята – Уваскрашэння Езуса Хрыста – падышлі па-свойму адмыслова. Трэба заўважыць, што традыцыйным атрыбутам Пасхі ў католікаў апошнім часам стаў вобраз ягняці, які побач з чырвоным яйкам і кулічом заняў адно з пачэсных месцаў. Чаму менавіта ягня? Адказ на гэта пытанне схаваны ў далёкай гісторыі. Яшчэ са Старога Запавету мы даведваемся, што маладзенькага баранчыка прыносілі Богу як ахвяру. Пазней у ролі ягняці (ахвяры) выступіў непасрэдна Езус Хрыстос, які ўзяў на сябе грахі ўсіх людзей.
Паслухмянае, чыстае, нявіннае ягнятка ўвасобілася ў вобразе збаўцы. Таму на Вялікдзень ён прыходзіць да нас у белым адзенні, якое сведчыць пра святасць, духоўнасць і бессмяротнасць Божага Сына.

Вось і докшыцкія парафіяне прызвычаіліся да таго, што падчас Пасхі на святочным стале з’яўляецца печыва ў выглядзе белага баранчыка. Для таго, каб такі сімвал аздобіў урачыстасць, прыкладзена нямала намаганняў. Сам працэс “нараджэння” ягняці займае даволі шмат часу. Некалькі дзясяткаў рук пад пільным кіраўніцтвам усімі любімага брата Войтэка (на здымку) на працягу тыдня шчыравалі над “статкам” баранчыкаў: замешвалі цеста, раскладалі па формах, выпякалі, “апраналі”, аздаблялі. Намаганнямі парафіяльнай талакі на свет з’явілася больш за 350 “галоў” салодкіх баранчыкаў. Усе яны будуць адпраўлены па дамах вернікаў. А кожны, хто хоць нейкім чынам далучыўся да гэтай справы, упэўніўся, што ў сумесных клопатах нараджаецца радасць, якая ўзмацняе веру ва Уваскрашэнне.DSCN1936

Тэкст і фота
Ірыны Несцяронак.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *