Большой урожай тыкв вырастила Франтишка Кимстач из агрогородка Волколаты Докшицкого района

а 103Сёлетняе дажджлівае лета стала спрыяльным для росту кабачкоў і гарбузоў. Прынамсі, многія гаспадыні не толькі задаволены ўраджаем гэтых культур, але і прызнаюцца, што не горш было б, каб пузатая гародніна вырасла крыху меншай па памерах: лягчэй было б яе транспартаваць да месца захоўвання.

Вось і ў жыхаркі аграгарадка Валкалаты Францішкі Кімстач на новым месцы гарбузы паперлі як не ў сябе. Францішка Вітольдаўна разам з мужам Эдуардам Сямёнавічам пераехала нядаўна з вёскі Шылькі ў Валкалаты, бліжэй да сына Юрыя і нявесткі Ніны і да “цывілізацыі” – да крамы, касцёла, пошты, бальніцы. Купілі дом, зрабілі з дапамогай дзяцей у ім рамонт, абжыліся. А як жа вясковаму чалавеку без агарода? Цяплічку паставілі, пасадзілі градкі і, як водзіцца, гарбузы на ўзмежку.

– Сачылі, каб яны не ўзлезлі на суседскі плот, бо, каб на ім павіслі, то абавязкова павалілі б, – смяецца Францішка Вітольдаўна. – А як надышла пара пузачоў збіраць, дык працавалі з маім Сямёнавічам паўдня: і насілі ўдваіх – у адзіночку ж нізавошта не падымеш, і кацілі. Ледзь сабралі да кучы. Як іх цяпер спарадкаваць, не ведаю: у нас адзін парсючок, гэту гару гарбузоў ён з’есці не справіцца, а ў дзяцей сваіх нарасло, таксама вялікіх.
Сапраўды, ураджай шыкоўны: самы большы гарбуз кілаграмаў сорак важыць, астатнія – па два-тры дзясяткі. Яшчэ і семечак гаспадыня з іх вялікі кошык навыбірае ўнукам на радасць ды суседзям на развядзенне. Ну а гарбузовую кашу, калі да смаку, усю восень ды зіму, хоць кожны дзень, варыць можна.

Алена НЕСЦЯРОНАК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *