Когда профессия выбрана правильно

б 200Леанід Козел (на здымку), які нарадзіўся на Докшыччыне і жыве зараз у аграгарадку Крулеўшчына, лёгкага хлеба па свеце не шукаў. Пасля заканчэння ў 1989 годзе Гарадоцкага сельскагаспадарчага тэхнікума і набыцця спецыяльнасці “тэхнік-электрык” вярнуўся ў родныя мясціны і ўладкаваўся працаваць у саўгас “Докшыцкі”. Там ён сумленна “нёс службу” дзесяць гадоў электраманцёрам, а затым яшчэ столькі ж – інжынерам-энергетыкам. Пераход на новую работу, на пасаду электраманцёра ахоўна-пажарнай сігналізацыі ў Докшыцкім аддзяленні Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь, у жыцці Леаніда Мікалаевіча не выклікаў ніякіх складанасцей ды стрэсавых узрушэнняў: за плячыма былі вялікі стаж і багаты вопыт. Усім набытым падчас работы ў сельгасарганізацыі ўменням і навыкам паспяхова знайшлося прымяненне ў дадзенай сферы.
– Здаецца, зусім нядаўна прыйшоў сюды працаваць, а ўжо шэсць гадоў мінула з таго часу, – распавядае Леанід Козел. – Займаюся абслугоўваннем і рамонтам ахоўнай і пажарнай сігналізацыі. Па графіку наведваю шэраг аб’ектаў: ВУ “Віцебскторф”, склад захоўвання нафтапрадуктаў №8 Крулеўшчынскага ўчастка Наваполацкага цэха “Беларуснафта-Віцебскнафтапрадукт”, участковую бальніцу і аптэку, крамы, Дом культуры і іншыя. Для большай аператыўнасці выкарыстоўваю ўласныя транспартныя сродкі: калі патрэбна, аўтамабіль, а калі і веласіпедам абыходжуся. Рабочы дзень звычайны, васьмігадзінны, а здарыцца аварыя, дык і ноччу, бывае, трэба спяшацца на яе ліквідацыю.
Дзеля справядлівасці варта адзначыць, што на аб’ектах, якія абслугоўвае вопытны тэхнік-электрык, аварыйныя выпадкі адбываюцца выключна рэдка, бо ўся падуладная яму сігналізацыя своечасова дагледжана і наладжана.
– Добрасумленны, адказны, надзейны работнік, – характарызуе электраманцёра спецыяліст І катэгорыі групы сродкаў і сістэм аховы аддзела Васілій Калбасіч. – І справу сваю ведае на выдатна, за што часта заахвочваецца прэміямі і падзякамі.
У гэтым годзе Леанід Козел займеў магчымасць успомніць былое. У жніўні, падчас уборачнай кампаніі, ён аказваў дапамогу камунальнаму ўнітарнаму прадпрыемству “Докшыцкі”, рабоце ў якім прысвяціў два дзясяткі гадоў, – працаваў аператарам на зернесушылцы М819. Не выклікае ніякіх сумненняў, што зернесушыльная ўстаноўка, хоць і даволі старэнькая ўжо, працавала без збояў, бо ведае яе Леанід Мікалаевіч як свае пяць пальцаў і любую няспраўнасць можа ўстараніць у самыя сціслыя тэрміны. Што яшчэ раз пацвярджае вякамі правераную выснову: калі чалавек правільна выбраў прафесію і ў справу, якой зай­маецца, укладае душу, вынікі будуць толькі станоўчымі.

Тэкст і фота
Алены НЕСЦЯРОНАК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *