Почтальонов из Парафьяновского отделения почтовой связи ждут в каждом доме

IMG_2614

(злева направа): Святлана Яловік, Ганна Малюжанец, Марына Кудзерка, Таццяна Войніч.

Прыемна даведацца пра працаўнікоў, якія сціпла і бездакорна выконваюць свае абавязкі і не імкнуцца да славы. Паштальён Параф’янаўскага аддзялення паштовай сувязі Марына Кудзерка – адна з такіх. Да знаёмства з ёй падштурхнулі жыхары вёскі Заборцы, ад імя якіх у рэдакцыю звярнулася Мечыслава Норавіч.

Марыну Іосіфаўну на пошце “злавілі” з раніцы: разам з калегамі яна разбірала карэспандэнцыю. Дзень быў “гарачы” – якраз раёнка прыйшла. А таму і першае пытанне ўзнікла само па сабе наконт падпіскі на “Родныя вытокі”.

– Наша аддзяленне заўсёды перавыконвае план па мясцовай газеце, – паведаміла начальнік аддзялення Ганна Малюжанец. – Шмат падпісчыкаў мае і Таццяна Войніч. Сакрэт у выкананні плана ў нашых дзяўчат адзін. Яны даўно ведаюць сваіх кліентаў, заўсёды ідуць да іх з добрым настроем, нясуць у кожны дом не толькі газеты, лісты ці розныя тавары, якія рэалізуе Белпошта, але і ўсмешкі. Людзі бачаць іх старанне, іх дабрыню і чуллівасць, а таму і не адмаўляюць у падпісцы на розныя выданні.
Усяго на Параф’янаўскім АПС працуе тры паштальёны (падчас камандзіроўкі не пазнаёміліся толькі з Наталляй Марковіч, якая на той час была ў адпачынку) і аператар Святлана Яловік. Да таго ж нядаўна да іх аддзялення далучылі і Юркаўшчынскае, у якім Марыя Круковіч сумяшчае пасады і аператара, і паштальёна.

Ураджэнка Дзядкоў, Марына Кудзерка на пошце ў Параф’янаве працуе трэці год, да гэтага ў яе зона абслугоўвання была ў Сітцаўскім сельсавеце. Там жа і пачынала сваю прафесійную дзейнасць, якой сёлета спаўняецца 25 гадоў. На абслугоўванні ў паштальёна вёскі Параф’янава і Заборцы. Адзін раз на месяц маршрут праходзіць праз Грынеўшчыну – туды дастаўляецца пенсія.

– У “гарачыя” дні – калі раёнку трэба разносіць або пенсію ці аплату за малако людзям аддаць – працоўны дзень доўжыцца з 8-мі раніцы да 6-ці вечара, – дзеліцца асаблівасцямі сваёй работы Марына Іосіфаўна. – Канечне ж, цяжка фізічна, але гэта кампенсуе асалода ад зносін з людзьмі. Ведаю, што многія мае кліенты чакаюць мяне, а ад разумення таго, што і ты, і твая работа патрэбныя, дробныя нязручнасці адыходзяць на другі план.

Тэкст і фота
Яўгеніі ГІЧАНСКАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *