В Сенно прошел фестиваль-ярмарка тружеников села «Дожинки-2016».

IMG_3743 IMG_3800 IMG_3824 IMG_3874

У мінулую суботу, як мы ўжо паведамлялі, у Сянно прайшоў фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2016”.

Свята пачалося раніцай з ускладання вянкоў да помніка воінам-вызваліцелям. Затым прайшло тэатралізаванае прадстаўленне “Вытокі сімвалаў краіны”, прысвечанае стваральніцы нацыянальнага арнаменту на Дзяржаўным сцягу Беларусі, ураджэнцы Сенненшчыны Матроне Маркевіч. Для маляўнічага шоу майстры Дамоў рамёстваў вобласці падрыхтавалі льняныя вышыванкі з характэрным для іх краю арнаментам. Аўтарам вышыванкі з Докшыччыны стала вядомы майстар, неаднаразовы пераможца абласных, рэспубліканскіх конкурсаў Наталля Пятровіч.

Урачыстае шэсце герояў жніва пачалося з адноўленага стадыёна. Дэлегацыі раёнаў вобласці прайшлі калонай па горадзе да галоўнай плошчы, на якой адбылася цырымонія ўзнагароджвання перадавікоў жніва.
Уручаючы ўзнагароды пераможцам абласнога спаборніцтва, старшыня аблвыканкама Мікалай Шарстнёў сказаў, што ад становішча спраў у сельскай гаспадарцы ў многім залежыць развіццё эканомікі рэгіёна. Сёлетняя праца аграрыяў праходзіла пры вельмі складаным надвор’і. У выніку прыродных катаклізмаў Віцебшчына страціла значную частку ўраджаю. Валавы збор збожжа склаў толькі 61 працэнт ад мінулагодняга. Разам з тым кіраўнік вобласці адзначыў, што аграрыі з годнасцю вытрымалі экзамен.
Сярод пераможцаў абласнога спаборніцтва значацца хлебаробы нашага раёна. Удзячнае пісьмо і грашовую прэмію губернатар уручыў старшаму камбайнеру Уладзіміру Лаўцэвічу і камбайнеру Уладзіміру Вахавічу з ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”, якія намалацілі за сезон 1618 тон збожжа.
У намінацыі сярод старшых аператараў зернесушыльных установак быў прэміраваны аператар ААТ “Таргуны” Аляксандр Маскалёнак. У другі раз Аляксандр Пятровіч выходзіў на сцэну, каб атрымаць з рук намесніка міністра сельскай гаспадаркі Ігара Брыло Грамату за добрасумленную шматгадовую працу ў сельскай гаспадарцы. Удзячнасцю быў адзначаны значны ўклад у развіццё сельскагаспадарчай вытворчасці галоўнага інжынера ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” Дзмітрыя Аўтушкі (здымак 1).
Сёлета пераможцам рэспубліканскага агляду-конкурсу “Землекарыстанне высокай культуры земляробства, добраўпарадкаванне машынных двароў, жывёлагадоўчых фермаў і комплексаў” стала ААТ “Барсучанка”. Яго дырэктар Сяргей Маскалёнак атрымаў Дыплом і грашовую прэмію для набыцця трактара МТЗ-82 (здымак 2). Усяго на сцэну за заслужанымі ўзнагародамі і падарункамі падымаліся больш за 100 чалавек.
Непаўторны святочны каларыт надало цырымоніі выступленне дэлегата ад гасцей з Бранскай вобласці, вядомага баксёра і дэпутата Дзярждумы Расіі Мікалая Валуева. Дабра і шчасця пажадаў удзельнікам “Дажынак” чэмпіён Паралімпійскіх гульняў-2016 Андрэй Праневіч. Ён падарыў губернатару вобласці сваю чэмпіёнскую шпагу.
Святочную атмасферу ўпрыгожыў фарбамі талентаў канцэрт удзельнікаў мастацкай самадзейнасці і зорак беларускай эстрады. У ім прыняла ўдзел юная зорачка з Докшыччыны Ульяна Палячонак (здымак 3).
Эстафета “Дажынак” перададзена Дуброўна.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
Фота А. Варанковіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *