Вместо металлических баков евроконтейнеры. Коммунальная инфраструктура Докшицкого района становится современной

IMG_0004 c

Так выглядаюць кантэйнерныя пляцоўкі каля шматкватэрных дамоў у райцэнтры пасля абнаўлення.

Камунальная інфраструктура райцэнтра зрабіла важны крок наперад. У верасні бягучага года РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік” набыло новы сучасны смеццявоз МАЗ 590625-030 з двума кантэйнерамі. Кошт тэхнікі склаў 412,7 тысячы рублёў. 

Дзмітрый Каляга

Дзмітрый Каляга

Галоўная мэта абнаўлення – пазбавіць дваровыя тэрыторыі ад завалаў старой мэблі і адпрацаванай сантэхнікі. Для гэтага ў горадзе ў бліжэйшы час абсталююць ад 10 да 15 пляцовак.

– Схема работы новай сістэмы простая і тэхналагічная, – паведаміў дырэктар камунгаса Дзмітрый Каляга. – Людзі могуць прынесці і акуратна скласці буйнагабарытныя адходы ва ўстаноўленыя на пляцоўках вялікагрузныя ёмістасці. Затым па вызначаным графіку прыедзе спецыялізаваны смеццявоз і забярэ напоўнены кантэйнер, пры гэтым узамен пакіне пусты.

Разам з тым, Дзмітрый Сцяпанавіч звярнуў увагу на строгае размежаванне тыпаў смецця. Новыя кантэйнеры прызначаны выключна для буйнагабарытных камунальных адходаў. У іх можна змяшчаць старую мэблю: шафы, канапы, сталы і стулы, матрасы. Таксама адходы ад бягучага рамонту: аконныя рамы, міжпакаёвыя дзверы, лінолеум, плінтусы памерам больш за паўметра. Пакінуць у кантэйнеры можна сантэхніку – ванны, ракавіны, унітазы, душавыя сістэмы і трубы, якія ўжо адслужылі свой тэрмін. Прычым смецце павінна складзіравацца толькі ў межах адсека альбо непасрэдна ў сам кантэйнер.

У раёне налічваецца 278 спецыялізаваных кантэйнераў для раздзельнага збору цвёрдых бытавых адходаў, у тым ліку для паперы і кардону – 71, шкла – 77, пластмасы – 130.

Катэгарычна забараняецца складваць у кантэйнеры будаўнічыя адходы ад капітальнага рамонту, перапланіроўкі альбо зносу пабудоў – кавалкі бетону, цэглу, застылы раствор, дэманціраваныя сцены. Іх уладальнік павінен вывезці на палігон самастойна альбо аформіць заказ спецтранспарту на платнай аснове, звярнуўшыся па паслугу ў камунгас. Галлю, скошанай траве і апалай лістоце таксама не месца ў такіх кантэйнерах.

За парушэнне ўстаноўленых правілаў прадугледжаны санкцыі. Для фізічных асоб – да 30 базавых велічынь, для індывідуальных прадпрымальнікаў – да 100 і юрыдычных асоб – да 1000 базавых велічынь.

Ад металічных бакаў да еўракантэйнераў

Галоўная мэта сучаснай сістэмы абыходжання з адходамі – прадухіліць рост іх аб’ёмаў, а таксама не дапусціць шкоднага ўздзеяння на навакольнае асяроддзе і здароўе людзей. Экалагічная бяспека напрамую залежыць ад таго, наколькі граматна і своечасова ўтылізуюцца прадукты жыццядзейнасці чалавека. Менавіта таму выбудоўванне канкрэтнай і эфектыўнай сістэмы збору цвёрдых бытавых адходаў (ЦБА) з’яўляецца прыярытэтным кірункам у рабоце РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”.

На сённяшні дзень зборам ЦБА ў раёне ахоплена 268 сельскіх населеных пунктаў, а таксама Докшыцы і Бягомль. Кантэйнерным зборам – 79 працэнтаў насельніцтва.

– Для зручнасці жыхароў у населеных пунктах раёна абсталявана 545 пляцовак для збору адходаў і ўстаноўлена 1015 кантэйнераў для змешанага збору, – адзначае Дзмітрый Каляга. – Сёлета за кошт уласных сродкаў прадпрыемства і раённага бюджэту набыты 161 кантэйнер. Аднак мадэрнізацыя на гэтым не завяршаецца: у бліжэйшы час плануецца закупіць яшчэ 466 кантэйнераў.

Камунальная служба пастаянна абнаўляе і тэхнічны парк. Летась былі набыты два смеццявозы з бакавой загрузкай на суму 527, 4 тысячы рублёў, што дазволіла зрабіць працэс вывазу адходаў больш аператыўным.

Важным крокам у павышэнні экалагічнай культуры стане паэтапная адмова ад старых металічных кантэйнераў для бакавой загрузкі аб’ёмам 0,75– 0,9 кубічнага метра па меры іх фізічнага зносу. На змену ім прыйдуць сучасныя еўракантэйнеры з накрыўкамі. Гэта рашэнне адпавядае Нацыянальнай стратэгіі па абыходжанні з цвёрдымі камунальнымі адходамі і другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі ў Рэспубліцы Беларусь. Новыя закрытыя еўракантэйнеры зручныя ў карыстанні, не дапускаюць разносу смецця ветрам і птушкамі, а таксама надзейна абараняюць адходы ад ападкаў.

Трэба адзначыць і той факт, што ў раённым цэнтры працягваюць абнаўляцца катнэйнерныя пляцоўкі каля шматкватэрных дамоў. Так, у горадзе ўжо забетанаваны і прыведзены ў належны эстэтычны выгляд 8 пляцовак. Акрамя гэтага, у якасці агароджы выкарыстаны сучасны металапрофіль. Дзякуючы такому рашэнню новыя канструкцыі выглядаюць акуратна.

Работа па павышэнні камунальнай культуры працягваецца. У планах – правесці аналагічнае абнаўленне ў Бягомлі.

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *