День Тумиловичского сельсовета прошёл в Докшицком районе

Здымак 1

Здымак 1

На тэрыторыі Тумілавіцкага сельсавета ў 20 населеных пунктах пражываюць 1423 чалавекі. Для іх жыццядзейнасці створаны ўсе неабходныя ўмовы: працу­юць тры ФАПы, чатыры крамы (13 вёсак абслугоўвае аўтакрама), сярэдняя школа, два дзіцячыя садкі, два паштовыя аддзяленні, тры ўстановы культуры. Вытворчасць прадстаўлена ААТ “Таргуны” і Тумілавіцкім лясніцтвам ДЛУ “Глыбоцкі доследны лясгас”.
У населеных пунктах сельвыканкамам з дапамогай замацаваных за імі арганізацый, а таксама насельніцтвам праводзіцца вызначаная работа па навядзенні парадку на зямлі. Спадчыннікам усіх пустых хат накіраваны прадпісанні, большасць з якіх запэўніла сельвыканкам аб намеры выкарыстоўваць пабудовы для часовага пражывання. Нядбайныя гаспадары за парушэнне Правілаў па ўтрыманні населеных пунктаў атрымалі 157 прадпісанняў. На тых, для каго гэта мера не стала дзейснай, складзена 13 пратаколаў. Сума штрафаў склала 189 рублёў 60 капеек. Адзінаццаць трухлявых пабудоў, у тым ліку 4 хаты, знеслі самі спадчыннікі. Яшчэ шэсць перасталі існаваць, дзякуючы замацаваным арганізацыям. Зараз ААТ “Таргуны” зносіць трухляваю пабудову ў вёсцы Вецяра, у Плітніцы пустую хату разбіраюць спадчыннікі. Больш за 300 метраў убрана старога плота. У Шалашах і Рачных праводзілася выкарчоўванне шматгадовай расліннасці. Найбольш прывабна ў плане навядзення парадку на зямлі выглядаюць вёскі Тумілавічы, Дзедзіна, Сценка і, канечне, сам аграгарадок Таргуны. Гэта было бачна ў час прагляду відэафільма і аб’езду населеных пунктаў. За парадак у вёсцы Сценка старшыня сельвыканкама Д.М. Варанковіч удзячны Докшыцкаму філіялу Лепельскага МКК. Невялічкі калектыў прадпрыемства, які ўзначальвае У.І. Хілько, з разуменнем аднёсся да даручанай справы. У Дзедзіна, дзе ўдзельнікі мерапрыемства спыніліся на кароткую нараду (здымак 1), на момант аб’езду ўбіраліся бурты смецця, што засталіся пасля правядзення культуртэхнічных работ (здымак 2). Ачышчаную плошчу застанецца перадаць гаспадарцы, абараць і засеяць. Сёлета так паступілі з 16 участкамі агульнай плошчай 5,5 гектара. Але, на думку старшыні райсавета дэпутатаў В.У. Сівіцкай, гэта вельмі недастаткова для такога сельсавета, як Тумілавіцкі. Каб паставіць кропку ў праведзенай рабоце, трэба тэрмінова ўсе гатовыя ўчасткі разам з прылеглай тэрыторыяй перадаць галоўнаму землекарыстальніку ААТ “Таргуны”, каб яны не паспелі зарасці хмызняком. Раённай землекарыстальнай службе вясной неабходна тэрмінова правесці інвентарызацыю зямель.

Здымак 2

Здымак 2

– ААТ “Таргуны” – гаспадарка, якую заўсёды адрознівала высокая культура земляробства, – нагадаў першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення райсельгасхарчу С.У. Абірала, – таму кіраўніцтву сельгаспрадпрыемства, у прыватнасці, спецыялістам агранамічнай службы трэба больш актыўна ўключаць у севазварот зямельныя ўчасткі ў населеных пунктах, а землекарыстальнікам – кантраляваць гэту работу, магчыма, і з дапамогай мер адміністрацыйнага характару. Дарэмна марнавацца не павінен нават лапік урадлівай зямлі.
У час прыёму, які праводзіўся на дні сельсавета старшынёй райсавета дэпутатаў В.У. Сівіцкай, а таксама адказнымі службовымі асобамі, мясцовыя жыхары выказалі ўдзячнасць за добрасумленную працу паштальёну Іне Гмырак, медработніку Валянціне Грыцкевіч, прадаўцу аўтакрамы Ларысе Юковіч. Папрасілі па магчымасці падсыпаць частку вясковай вуліцы ў Несцераўшчыне. Жыхары вёсак Вецяра і Дзедзіна пацікавіліся, як будзе з гандлёвым абслугоўваннем у іх населеных пунктах. Старшыня праўлення райста Ю.І. Ючкавіч непасрэдна на падвядзенні вынікаў дня сельсавета паведаміў, што ў Вецяра крама зачыняцца не будзе, бо там пражывае больш за 100 жыхароў. Што датычыцца Дзедзіна, то па прычыне вельмі нізкага тавараабароту стацыянарная гандлёвая кропка тут закрылася часова. Яна будзе працаваць, але толькі ў летні час, пачынаючы з 1 красавіка. Зараз гэты населены пункт абслугоўвае аўтакрама. Жыхар Таргуноў В.М. Каралевіч выказаў занепакоенасць тым, што вуліцу Баравую разбівае шматтонная тэхніка, якая рухаецца на жывёлагадоўчы комплекс, хаця туды ёсць спецыяльная дарога. Нязручнасці вяскоўцам прычыняюць і фуры, якія мясцовыя дальнабойшчыкі паркуюць побач са сваімі дамамі. Разглядаючы гэта пытанне, В.У. Сівіцкая падкрэсліла, што, наогул, у аграгарадку, у будаўніцтва якога былі ўкладзены вялікія фінансавыя сродкі, вулічная (напрыклад, тратуары, выкладзеныя дарагой і прыгожай пліткай) і іншая камунальная гаспадарка павінна падтрымлівацца ў належным стане. І калі ў Таргунах няма ўчастка РУП ЖКГ, то, магчыма, мэтазгодна ўвесці тут хаця б адзінку камунальнай службы. Па ўсіх узнятых пытаннях будуць прыняты адпаведныя рашэнні.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *