В Докшицах состоялся кибертурнир

S1820014У мінулыя выхадныя мясцовая моладзь навыперадкі спяшалася ў СШ № 2 г. Докшыцы, дзе ўпершыню ў раёне праходзіў кібертурнір. Іншымі словамі – гэта анлайн спаборніцтва ў камп’ютарных відэагульнях. Яго арганізатарам стаў аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Напярэдадні супрацоўнікі аддзела правялі маніторынг маладога пакалення Докшыччыны, і гэта анкетаванне выявіла запатрабаванасць нашых юнакоў і дзяўчат у кіберспорце.

– У докшыцкім кібертурніры ўдзельнічалі восем каманд, у складзе якіх было па пяць чалавек, – расказаў вядучы мерапрыемства, прадстаўнік адной з каманд СШ № 1 г. Докшыцы Даніла Буглак. – Мы па чарзе змагаліся ў сеціве ў самым распаўсюджаным шутары (стралялцы) ад першай асобы Counter-Strike. Можна сказаць, што не выходзячы з дому, пагулялі ў “вайнушку”. Канечне, для кібертурніру можна выкарыстоўваць і больш мірныя гульні, напрыклад футбольную FIFA, але для гэтага патрэбны іншыя тэхнічныя ўмовы.
На кіберспартыўнае мерапрыемства па тры каманды прадставілі дзве гарадскія школы, а таксама свае суполкі стварылі вучні Крулеўшчынскай СШ і працоўная моладзь раёна. У выніку 1 месца заваявалі старшакласнікі СШ № 2 г. Докшыцы, 2-е і 3-е месцы – у каманд СШ № 1 г. Докшыцы. Кожны пераможца-геймер атрымаў бясплатны білет на дыскатэку або ў кіно (у залежнасці ад узросту).

Яўгенія МАЛЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *