Активистка Глинской СШ Докшицкого района увлекается танцами

bez-imeni-1Старшакласніца Глінскай СШ Марыя Дземідовіч выхоўваецца ў сям’і, асноўным прынцыпам якой з’яўляецца здаровы лад жыцця. А таму з дзяцінства Маша захапляецца спортам, прытрымліваецца правілаў карыснага, правільнага харчавання і стараецца аб’яднаць вакол сябе і сваіх прынцыпаў іншых равеснікаў. Дапамагае ёй у гэтым актыўная жыццёвая пазіцыя: усе школьныя і пазашкольныя мерапрыемствы не абыходзяцца без яе ўдзелу. Стараннасць, працавітасць, мэтанакіраванасць і талент дзяўчыны даюць свае ўсходы – сёлета Марыя прадстаўляла школу на раённым конкурсе відэаролікаў і мультымедыйных прэзентацый “Здароўе – наш выбар”, дзе яе работа заняла першае месца.
Маша з задавальненнем наведвае трэніроўкі секцыі па любімым відзе спорту – валейболе. Яшчэ адно вялікае захапленне дзесяцікласніцы – танцы. У мінулым годзе на раённым фестывалі “Моладзь за здаровы лад жыцця” ўпершыню быў праведзены конкурс на лепшую каманду па чырлідынгу. Сёлета амаль усе школы раёна паказалі свае ўменні ў танцах з элементамі гімнастыкі і акрабатыкі. Годна выступілі на мерапрыемстве і дзяўчаты з пампонамі Глінскай СШ.
Самым вялікім падарункам да навагодніх святаў для Марыі Дземідовіч ды і ўсёй Глінскай СШ стаў Дыплом І ступені ў рэспубліканскім конкурсе творчых работ “Мае землякі – мой гонар” у намінацыі “Скарбніца традыцый маіх дзядоў”, калектыўную работу да якога дзяўчына падрыхтавала разам з аднакласніцай Алесяй Вашчонак.
– Гэта ўсё дзякуючы настаўніцы пачатковых класаў, загадчыцы школьнага этнаграфічнага музея “Спадчына” Людміле Асіповіч, – удакладняе Маша. – Яна наш павадыр, наш першы дарадца, не проста настаўнік, а сябар. Разам з Людмілай Леанідаўнай мы даследавалі традыцыі нашай мясцовасці. Ездзілі да бабулечак, якія спявалі нам старадаўнія песні, вучылі народнаму рамяству. Вы проста не ўяўляеце, як цікава гатаваць традыцыйныя беларускія стравы ў печы! Упэўнена, што менавіта такія практычныя заняткі і дапамаглі нам у напісанні нашай пераможнай работы.

Сваёй галоўнай задачай на бліжэйшы час Марыя лічыць выбар будучай прафесіі, правільна зрабіць які несумненна дапамогуць мэтанакіраванасць і працавітасць дзяўчыны.
НА ЗДЫМКУ: Марыя Дземідовіч – удзельніца святочнага навагодняга мерапрыемства для пераможцаў прадметных алімпіяд, прызёраў спартыўных і творчых конкурсаў.

Тэкст і фота
Яўгеніі ГІЧАНСКАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *