Ученики Крулевщинской СШ Докшицкого района почувствовали себя Архимедами
Несумненна, кожны вучань вельмі чакае канікул. Юнакі і дзяўчаты Крулеўшчынскай СШ – не выключэнне. І гэта не таму, што ім не хочацца вучыцца. У час канікул іх заўсёды чакаюць цікавыя, пазнавальныя, карысныя мерапрыемствы, якія прапануюць сваім выхаванцам настаўнікі-энтузіясты.
Мы шмат разоў былі ў Мінску, дзе, здаецца, нам усё вядома. Толькі на гэты раз мы апынуліся ў музеі займальных навук “Квантум”, у якім нас чакалі захапляльныя і павучальныя экскурсіі па цудоўным свеце фізікі. Вось дзе мы сапраўды адчулі сябе Архімедамі, змаглі зазірнуць у бясконцасць, дакрануцца да маланкі, запусціць не толькі мыльныя бурбалкі, але і аблокі. Мы з задавальненнем блукалі ў люстраным пакоі, ігралі на лазернай арфе, пасядзелі ў скрыні Вуда, атрымлівалі каляровыя цені і шмат чаго іншага. Вельмі цікавым было і тое, што ўсім гэтым дзеянням экскурсавод даваў навуковае тлумачэнне. Вось каб такое абсталяванне ды нам у школу!!! Напэўна, фізіка была б амаль ва ўсіх самым любімым прадметам. Вельмі спадабалася нам тое, што да ўсіх экспанатаў можна было дакранацца рукамі, самому рабіць доследы.
Няма такіх слоў, каб апісаць шквал эмоцый і ўражанняў, якія мы атрымалі ад наведвання батутнага цэнтра.
Потым у Нацыянальнай акадэміі навук адбылася сустрэча з нашым знакамітым земляком Паўлам Апанасевічам.
У інстытуце фізікі ён правёў для нас экскурсію. А яшчэ мы наведалі асабісты кабінет акадэміка, дзе ён зараз працуе, пачулі аўтабіяграфічныя звесткі пра дзяцінства і школьныя гады. Крыху былі здзіўлены, што Докшыцкую сярэднюю школу Павел Андрэевіч скончыў толькі ў дваццацігадовым узросце. Ён сам, просты сялянскі сын, упартай працай і вучобай праклаў сабе шлях у навуку. З любоўю і нейкай асаблівай цеплынёй узгадваў Павел Андрэевіч сваіх бацькоў, якія прыклалі ўсе намаганні, каб сын атрымаў адукацыю, настаўнікаў, якія імкнуліся дзяліцца сваімі ведамі, і сваё роднае Стараселле, што каля Тумілавіч, бо часта ў думках зноў і зноў вяртаецца туды, дзе нарадзіўся.
Два гады таму Паўлу Андрэевічу споўнілася 85 гадоў, але і па сённяшні дзень ён плённа працуе. Характэрнай асаблівасцю яго стылю работы з’яўляецца высокая патрабавальнасць да правядзення навуковых даследаванняў. Зараз ён перадае свае веды маладым беларускім фізікам. Ім падрыхтаваны 21 кандыдат навук, 5 з якіх ужо абаранілі доктарскія дысертацыі. Атрымалі і мы запрашэнне пасля заканчэння школы працягнуць вучобу ў вышэйшых навучальных установах, а потым працаваць у Нацыянальнай акадэміі навук. А чаму б і не? Паспрабуем, можа ў каго і атрымаецца.
Павел Андрэевіч Апанасевіч – вядомы вучоны ў вобласці тэорыі ўзаемадзеяння святла з рэчывам, лазернай фізікі, нелінейнай оптыкі і спектраскапіі, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь, лаўрэат Дзяржаўных прэмій БССР і СССР, ганаровы дырэктар Інстытута фізікі імя Б.І. Сцяпанава Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Павел Андрэевіч правёў нас па лабараторыях, дзе адбываюцца навуковыя даследаванні з лазернымі выпраменьваннямі, удасканальваюць медыцынскія прэпараты або атрымліваюць новыя. Мы наведалі эксперыментальную лабараторыю таксама нашага земляка, акадэміка Віктара Буракова.
Мы сфатаграфаваліся з Паўлам Андрэевічам Апанасевічам на памяць і атрымалі ў падарунак некалькі яго кніг.
А нас яшчэ чакалі не менш цікавыя экспазіцыі ў музеі гісторыі акадэміі навук. І хоць мы крыху стаміліся, вопытны і таленавіты экскурсавод змагла правесці незвычайную экскурсію. Сярод экспанатаў мы ўбачылі рэдкія экзэмпляры навуковай літаратуры, навуковую перапіску, аўтабіяграфічны матэрыял знакамітых беларускіх вучоных, унікальныя фотаздымкі, навуковыя працы і асабістыя рэчы вучоных акадэміі навук. Нават не заўважылі, як праляцеў час і патрэбна было вяртацца дадому.
Гэта экскурсія падарыла нам магчымасць адкрыць для сябе цудоўны і незвычайны свет фізікі і ўвогуле навукі, убачыць перспектывы яе развіцця і, можа, каму-небудзь у далейшым вызначыць свой лёс.
Вялікі дзякуй нашым настаўнікам Наталлі Рандарэвіч і Галіне Камянецкай за арганізацыю пазнавальнай экскурсіі, а мы заўсёды гатовыя да новых паездак.
Удзельнікі экскурсіі
Андрэй Косцін
і Яўген Мальчонак,
вучні Крулеўшчынскай СШ.
Фота са школьнага архіва.