Креатив и позитив как фирменный стиль прописались в Докшицком районе

15У свае крыху за трыццаць, не імкнучыся пры гэтым у вялікі горад, сённяшні герой рубрыкі паспеў назапасіць добры заплечнік ведаў і вопыту для таго, каб дакладна вызначыцца з прафесіяй і знайсці хобі. Хлопец з Валкалатчыны пачынаў школьным настаўнікам, затым быў першым сакратаром райкама ГА “БРСМ”, адказваў за работу з моладдзю на дзяржслужбе, працаваў метадыстам аддзела адукацыі, спорту і турызму. Жыццё зноў вярнула ў школу, і фактам гэтым ён задаволены. Зараз выкладае родную мову і літаратуру ў Беразіно, бывае вядучым на многіх раённых мерапрыемствах, а паралельна ў вольны час праводзіць карпаратывы і асабістыя святы для кліентаў у раёне, рэспубліцы і за яе межамі. Напрыклад, ён з камандай весяліў маладых у Санкт-Пецярбургу, і вось ужо другі год запар накіроўваецца на карпаратывы, якія адзін з тураператараў праводзіць для нашых суайчыннікаў у Чэхіі. Але зорнай хваробы малады чалавек не падчапіў і з вандровак з радасцю вяртаецца ў сельскую школу да сваіх вучняў. А тыя бачаць у творчым, крэатыўным настаўніку яшчэ і шчырага чалавека, які разумее запатрабаванні і праблемы моладзі і з задавальненнем кантактуе з ёй. Знаёмцеся – настаўнік і вядучы асаблівых святаў, як ён пазіцыяніруе сябе ў Сеціве, Сяргей Шчалкуноў.

1. Ці можаце назваць падзею, якая вызначыла Ваш далейшы лёс?

– Іх дзве. Дакладней, назваў бы гэта не падзеямі, а перадумовамі. Па-першае, я хлопец з вёскі. А ў вясковых дзяцей, на мой погляд, павага да прафесіі настаўніка большая, чым у гарадскіх. Любіў і люблю чытаць, родную мову, удзячны сваім настаўнікам за тое, што заўжды падтрымлівалі мае захапленні. А яшчэ мая матуля Леакадзія Баляславаўна выкладала ў Валкалацкай школе. Адным словам, паступленне ў ВДУ імя П. Машэрава на філалагічна-культуралагічны факультэт было прадвызначана. Што тычыцца справы вядучага, то творчай дзейнасцю таксама “гарэў” яшчэ са школы: мерапрыемствы, інтэрмедыі, гумарэскі – гэта было маё. Па-другое, вельмі ўдзячны лёсу, што звёў мяне з двума цудоўнымі людзьмі, якія, на вялікі жаль, заўчасна пайшлі з жыцця, Мікалаем Гмыраком і Ігарам Ткачовым. Гэта яны паверылі ў мае здольнасці і прымусілі быць больш упэўненым, паклікаўшы ў сваю каманду вядучых і музыкаў.

2. Работа для Вас кар’ера ці справа?

– Ніколі не марыў пра кар’ерны рост, бо добра ўсведамляю, што абсалютна на любой прыступцы іерархічнай лесвіцы ён можа раптоўна прыпыніцца. Пра выбар прафесіі шкадаваць яшчэ не даводзілася. Мне камфортна з дзецьмі і моладдзю. А работа для мяне гэта штосьці сярэдняе паміж жыццём і справай.

3. Калі не настаўніцтва, то ў якой прафесіі хацелі б сябе рэалізаваць?

– Надта не задумваўся, бо ўжо паралельна рэалізоўваю сябе як вядучы і пакуль задаволены.

4. Прадоўжыце выказванне. Мая сям’я гэта…

– Добрыя ўспаміны пра дзяцінства і тых людзей, якія былі побач. На вялікі жаль, ужо няма бабуль, дзядулі, таты. Зараз вельмі блізкія для мяне людзі – дзядзька і яго сям’я.

5. Што Вы перанялі ад сваіх бацькоў, дзядоў?

– Мой дзед слыў у акрузе жартаўніком, ды яшчэ і нарадзіўся 1 красавіка. Таму, пэўна, уменне знаходзіць трапныя слоўцы перадалося і мне. Ну, а калі сур’ёзна, то мае бабулі і прабабуля былі вельмі набожнымі і гэта ўвасаблялася не толькі ў наведванні касцёла, любую справу яны пачыналі з малітвы і вучылі мяне дзякаваць Богу за ўсё, што маеш. Імкнуся пра гэта не забывацца.

6. Які сэнс Вы ўкладваеце ў паняцці Радзіма, патрыятызм?

– Адкажу не раздумваючы, бо для сябе сфармуляваў дакладна: патрыятызм – гэта магчымасць, знаходзячыся за мяжой, сумаваць па родных мясцінах. Дзе б ні быў, як бы добра ні было, заўсёды цягне дадому.

7. Які ён, свет Вашых захапленняў?

– Паўтаруся, я шчаслівы, што мая другая справа яна ж і захапленне. Нехта можа папракнуць, што гэта спосаб заробку. Лічу, што нельга дакараць чалавека калі тое, што яму падабаецца рабіць, яшчэ прыносіць і пэўны прыбытак. Патрабавальна адношуся да сябе, займаюся самаадукацыяй: вучуся правільнаму вымаўленню па кнігах, якія набываю ці спампоўваю з Сеціва, новым фішкам у іншых вядучых.

А яшчэ, не так даўно, пляменнікі і стрыечны брат прымусілі пайсці з імі на рыбалку. І сказаць, што мне спадабалася – нічога не сказаць. Проста захапіўся працэсам. Вялікіх трафеяў пакуль не маю, але дастойныя экзэмпляры ўжо трапляліся.

8. Ці бачыце герояў у рэальным жыцці?

– Жыву па пры прынцыпе: “не ствары сабе куміра”. Калі ўсё ж паразважаць на гэту тэму, то для мяне героі – гэта маці, сем’і, якія выхоўваюць многа дзяцей.

9. Ці згодны Вы з меркаваннем, што чалавек без сяброў нібы печ без дроў?

– Сяброў не павінна быць шмат. Адна з маіх праблем – гэта даверлі­васць. Час і пэўныя ўчынкі навакольных ці, як кажуць, “уласныя граблі”, крыху падвучылі быць больш асцярожным.

10. Якімі якасцямі павінна валодаць сапраўдная жанчына? Што ў іх не прымаеце?

– Сапраўдная жанчына – сціплая. Яна мае агульныя інтарэсы і светапогляд са сваім мужчынам па многіх пытаннях, прывабная знешне. Не прымаю, калі жанчына ў мове дазваляе сабе залішнюю абразлівасць.

11. Ці можа быць шчаслівым чалавек, які не зведаў кахання?

– Канешне не. Лічу, што гэта выснова не патрабуе тлумачэння.

12. Любімыя колер, музыка, літаратурны твор, страва, від спорту, марка аўто, пара года?

– сіні;
– рок;
– “Двенадцать стульев”, “Золотой телёнок” І. Ільфа і Я. Пятрова, “Чазенія” і вершы У. Караткевіча, “Над пропастью во ржи” Дж. Сэлінджэра, творы Ж. Санд, Э.М. Рэмарка. Яшчэ ў студэнцтве займеў кнігі з аўтографамі Г. Бураўкіна, Н. Гілевіча, Р. Барадуліна, У. Арлова, яны мне таксама вельмі дарагія;– боршч і рыбныя стравы;
– настольны тэніс, бег, плаванне;
– «Audi»;
– усе, як кажуць, «у природы нет плохой погоды».

Гутарыла
Наталля НАВІЦКАЯ.

Фота А. Асон.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *