Самая спортивная семья проживает в Берёзках Докшицкого района

a-159Гэту сям’ю мы запрыкмецілі ў мінулым годзе падчас правядзення ў аграгарадку Параф’янава свята ў межах рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта “Уладар сяла – 2016”. Вельмі зладжана, згуртавана выступала сямейная каманда ў розных конкурсах, асабліва спартыўных. Не памыліліся: спорт у Шопатаў, жыхароў Бярозак, у вялікай пашане, можна сказаць, з’яўляецца агульным найвялікшым захапленнем. Нават стылю ў адзенні яны аддаюць перавагу спартыўнаму.
– Ведаеце, камп’ютара ў нас дома няма, – гаворыць пры знаёмстве мама Алеся, тэхработнік Бярозкаўскай сярэдняй школы. – Не таму, што не маем неабходных сродкаў для яго набыцця. Мы з мужам лічым, што нашы дзеці дастаткова часу праводзяць за ім у школе – на ўроках, у гуртку. Для фізічнага здароўя неабходна шмат рухацца, бавіць пэўны час на свежым паветры. Ды і віртуальныя зносіны, як ужо змаглі ўсе пераканацца, не павінны замяняць сапраўдныя, жывыя. Лепш няхай дзеці, пабегаўшы на вуліцы, зрабіўшы нейкія хатнія справы, больш часу патрацяць на выкананне дамашніх заданняў, чым будуць затлумліваць галовы камп’ютарнымі гульнямі.
Алеся расказвае, што сама ў школьныя гады з нецярпеннем чакала ўрокі фізкультуры, паказвала добрыя вынікі па лёгкай атлетыцы, ездзіла на раённыя лыжныя спаборніцтвы. Не закідае гэтыя заняткі і зараз. Тата Аляксандр, вальшчык Бярозкаўскага лясніцтва, таксама паспяхова выступае ў прафесійных спаборніцтвах вальшчыкаў і лесарубаў за сваю арганізацыю. Кажуць, што самая дзейсная навука для дзяцей – уласны прыклад бацькоў. У дружнай сям’і Шопатаў гэта ісціна цалкам пацвярджаецца. Усе дзеці – а іх чацвёра! – з фізкультурай і спортам сябруюць і могуць ганарыцца першымі перамогамі.
Сямікласнік Уладзіслаў з раённых спаборніцтваў прывёз тры Дыпломы ІІІ ступені – па лёгкаатлетычным мнагабор’і, па бегу на 60 метраў і па скачках удаўжыню. Дзіма, вучань 5 класа, заваяваў Дыплом ІІ ступені па трохбор’і, ездзіў на абласныя спаборніцтвы, а таксама быў трэцім у раёне зноў жа па скачках удаўжыню. Віялета, якая ходзіць у 4 клас, самая “тытулаваная” з дзятвы. Дзяўчынка абараняла гонар раёна на абласных спаборніцтвах у Гарадку, прымала ўдзел у рэспубліканскім лёгкаатлетычным спартыўна-масавым мерапрыемстве “300 талентаў для Каралевы”, дзе была ўжо ў складзе каманды Віцебскай вобласці. Каманда стала пераможцай ІІ і ІІІ этапаў і ў фінале заняла трэцяе месца. Жэўжык Мацвей, другакласнік, пакуль што спартыўных рэгалій не мае, але ўсе прадпасылкі для перамог у будучыні ёсць. Ды і настаўнік фізкультуры Віктар Гаўрыловіч таксама ўмее і зацікавіць, і заахвоціць, і
разам з тым патрабуе выкладацца напоўніцу, выхоўвае баявы дух і характар лідара.
Алеся і Аляксандр выраслі ў шматдзетных сем’ях, і таму чацвёра ўласных дзетак для іх з’ява звыклая. Больш за тое, яны лічаць, што сям’я і павінна быць вялікай: чым больш у цябе родных людзей, тым надзейней і ўтульней адчуваеш сябе на гэтым свеце.
Віялета на пытанне, ці не складана ёй расці сярод трох братоў, ці адчувае патрэбу ў сястрычцы, з якой можна было б дзяліцца дзявочымі сакрэцікамі, размаўляць на розныя цікавыя для жаночага полу тэмы, адказвае са здзіўленнем і смехам:
– Чаму складана? Як і маму з татам, я іх люблю, яны ж мае родныя. А паспрабаваў бы каторы пакрыўдзіць – дам адпор. Сястру, канешне, здорава было б мець, але і з брацікамі мне цікава і весела. Жывём дружна.
Ці дасягне малодшая змена значных поспехаў на спартыўным полі дзейнасці, пакажа час. Ды і важна не гэта, а, як сказала Віялета, жыць дружна, адчуваць любоў, падтрымку, плячо адзін аднаго. Будзем спадзявацца, што ў сям’і Шопатаў гэта стане галоўным дасягненнем.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *