Докшицкий дом ремесел превратился в «кошкин дом» (+ ФОТО)
Амаль на месяц Докшыцкі дом рамёстваў ператварыўся ў “кошчын дом” – у ім пасяліліся каля пяцідзесяці катоў і кошак розных ўзростаў, афарбовак і парод. І ў гэтым няма нічога незвычайнага – вырабы з хатнімі любімцамі ў розных тэхніках выканання прадставілі як майстры ўстановы, так і самадзейныя мастакі.
Шмат вышыванак крыжыкам зрабіла Ядвіга Маліноўская — яе каты проста гіпнатызуюць сваім зялёным позіркам. Любоў да братоў нашых меншых з дапамогай ніткаграфіі прадэманстравала Наталля Пятровіч. Добрую ўсмешку выклікаюць выразаныя з дрэва пано Віктара Гарбачова. Побач красуюцца мяккая цацка “Кот” і тэкстыльны калаж “Кошкі ў іншых вымярэннях” Вольгі Гарбачовай. Рыжае кацяня вышыла крыжыкам Марыя Зайцава, а Марына Парцянка – “Задуменнага ката”. Яркай і цёплай атрымалася падушка-кацяня ў Таццяны Гаварцовай. Сапраўдны кот-баюн упрыгожыў роспіс на палатне Алены Таляронак. Не толькі кошку, але і мышку спляла з саломкі Таццяна Марціновіч. За прыкладам настаўніцы паказаў на выставе свае работы Арцём Шчуцкі. Вельмі прыгожыя хатнія любімцы атрымаліся на аплікацыях з саломкі ў Раісы Шыталь.
Выставу ўпрыгожваюць шматлікія работы наведвальнікаў аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў. Вясёлымі атрымаліся вышываныя каты ў Алены Сарокінай, а вязанага ружовага ката Людмілы Ючкавіч так і хочацца прылашчыць. Удалымі атрымаліся дуэты мяккіх цацак, а таксама пано з салёнага цеста. Сваёй творчасцю падзяліліся Ала Каросцік і Таццяна Новік.
Упершыню прыняла ўдзел у выставе Антаніна Парцянка, а таксама юныя аматары мастацкай творчасці з Крулеўшчыны – Крысціна Сапегіна, Кацярына Кошалева і Івана Шугальская. Яны вучацца майстраваць у аб’яднанні па інтарэсах “Беларуская саломка” раённага Цэнтра дзяцей і моладзі, якім кіруе Данута Кунцэвіч.
Найбольш работ атрымалася ў Наталлі Канцавой. Акрамя традыцыйных вырабаў у тэхніцы лапікавага шыцця, майстрыха ўпрыгожыла выставу шматлікімі вышыванкамі крыжыкам. Акрамя гэтага, Наталля Іванаўна прапанавала наведвальнікам з дапамогай фотаздымкаў пазнаёміцца са сваімі рэальнымі хатнімі гадаванцамі. “Нават самае маленькае з каціных – дасканаласць”, – некалі сказаў пра кошак геній італьянскага Адраджэння Леанарда да Вінчы. Пра адносіны іншых вядомых людзей да сямейства вусатых-паласатых таксама можна даведацца на выставе, якая будзе працаваць да 4 красавіка.
Яўгенія МАЛЕВИЧ.