Як яноты-барабаншчыкі вучаць жыць экалагічна

bez-imeni-1– Бачыла, як яноты-барабаншчыкі сартуюць смецце? – спыталі калегі з тыдзень таму. Лыпаючы вачыма ад здзіўлення, вымавіла: “Не”. Аказваецца, гаворка ішла пра новы ролік сацыяльнай рэкламы, які дэманструецца па тэлебачанні і актыўна збірае “лайкі” ў Сеціве. Першае ўражанне ад прагляду: крута, запамінальна, трэба пра гэта расказаць! Калі відэа выклікае рэакцыю, то рэкламшчыкі якасна зрабілі сваю справу. Пабольш бы такой сацыялкі! Цікава, хто, дзе і як у нашым раёне займаецца зборам і ўтылізацыяй другас­най сыравіны?

РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік” – гэта асноўная арганізацыя, якая вядзе збор і ўтылізацыю цвёрдых камунальных адкідаў.

– Усяго па раёне мы ўстанавілі 133 кантэйнеры, – пад­крэслівае майстар РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік” Вячаслаў Ючкавіч, – з іх 86 кантэйнераў у Докшыцах, 14 – у Бягомлі, 12 – у Крулеўшчыне, 11 – у Параф’янаве, 8 – у Порплішчы і 2 – у Таргунах. Паўсотні скрынь спецыяльна вызначаны пад паперу, 33 – для збору шкла, 20 – для пластыку. Яшчэ 30 адзінак – гэта, так званыя, змешаныя кантэйнеры. Да таго ж работнікі камунгаса сартуюць бытавое смецце, вылучаючы з яго карысныя адкіды на палігонах каля Докшыц і Бягомля. На жаль, існуе праблема адносін саміх грамадзян да раздзельнага збору смецця. Бывае, што ў скрыні з паперай выкідваюць бытавое смецце, а ў кантэйнеры з пластыкам – брудныя бутэлькі з-пад алею, бытавой хіміі, малочных прадуктаў, так што пластык трэба яшчэ раз перабіраць. А гэта лішнія фізічныя, часавыя і фінансавыя выдаткі для камунгаса.
“Пакуюць” пластык і макулатуру для адпраўкі на далейшую перапрацоўку на ўчастку па сарціроўцы другаснай сыравіны. ПЭТ-бутэлькі ці макулатура ўручную выкладаюцца на паддоны, затым да справы прыступае гідраўлічны прэс. Вячаслаў Станіслававіч зазначае, што вага цюка ПЭТ-бутэлек складае 90 – 95 кілаграмаў, пры гэтым сярэдняя вага 1,5-літровай бу­тэлькі каля 40 грамаў. Нескладана падлічыць, што для аднаго такога цюка трэба 2375 бутэлек. Разлік, зразумела, прыблізны, але, тым не менш, уражвае. З кожным такім цюком у глебу не трапляе да дзвюх з паловай тысяч бутэлек пластыку!

img_2063Арганізацыі штогод даводзяцца лічбы па нарыхтоўцы другаснай сыравіны. Напрыклад, сёлета камунальнікі павінны сабраць 200 тон макулатуры, 150 – шкла, 50 – пластыку, 20 – шын, 3,5 – адпрацаванага масла. Што тычыцца шын, то для зборшчыкаў гэта працэдура стратная, бо за кожную тону, якая здаецца перапрацоўшчыку, трэба яшчэ даплачваць. А яшчэ ў камунгасе могуць прыняць другасную сыравіну ў кошт аплаты за камунальныя паслугі.

Смецце можна не толькі сартаваць па кантэйнерах, але і здаць як другасную сыравіну зборшчыкам. Каментуе начальнік аддзела нарыхтоўкі, прамысловасці і знешнеэканамічнай дзейнасці райста Людміла Варанёнак:

– Наша арганізацыя закупляе макулатуру, поліэтылен, шкло, металалом і лом адпрацаваных акумулятарных батарэй. Два прыёмныя пункты працуюць у Докшыцах і Бягомлі. Да таго ж кожная сельская крама таксама прымае другасную сыравіну. Інфармацыя пра яе кошт ёсць на нарыхтоўчых пунктах, у гандлёвых кропках, а таксама рэгулярна друкуецца на старонках раённай газеты ў раздзеле з аб’явамі. Напрыклад, за кілаграм макулатуры райста прапаноўвае 10 капеек, столькі ж за адкіды шкла. Поліэтылен каштуе 4 капейкі. На металалом вілка кошту шырокая: ад 18 капеек за неадсартаваны да 8,84 рубля за лом медзі. За лом акумулятарных батарэй райста плаціць 2,17 рубля. Са здатчыкамі разліч­ваюцца адразу. У тыя населеныя пункты, дзе няма крам, па папярэдняй дамоўленасці райста можа накіраваць транспарт. Вядома, што грамадзянам трэба сумленна ставіцца да гэтай прапановы і не выклікаць машыну, каб здаць усяго некалькі кілаграмаў другаснай сыравіны, бо гэта для арганізацыі стратны маршрут.
Відавочна, што сістэма збору другаснай сыравіны працуе. А вось чыя справа пайсці ёй крыху насустрач і разабраць уласнае смецце, наша ці янотаў з відэароліка, пытанне рытарычнае. Тым не менш хочацца верыць, што побытавая культура – не толькі безумоўны рэфлекс, але і звычка, якую можна прышчапіць.

Наталля НАВІЦКАЯ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *