Пастырское служение благочинного Докшицкого благочиния протоиерея Георгия Мелешко

sam_8604Днямі спаўняецца 30 гадоў, як айцец Георгій Мялешка змяніў на пастырскім пасту свайго бацьку айца Уладзіміра і з таго часу нясе слова Божае праваслаўным вернікам. Яго богапажаданыя справы на карысць існавання Докшыцкага благачыння бачныя, вядомыя, і няма патрэбы пра іх нагадваць яшчэ раз. Мы хочам ска­заць толькі пра адзін бок дзейнасці гэтага святара, але вельмі важны і патрэбны.

Напачатку 90-х гадоў айцец Георгій пры Свята-Пакроўскім прыходзе арганізаваў нядзельную школу для дзяцей. Ён сам праводзіў заняткі ў храме пасля таго, як заканчвалася нядзельная служба. Мы з задавальненнем бегалі на іх, бо так цікава было даведацца пра тое, чаго да гэтага і не чулі. Вучылі малітвы, царкоўныя песнапенні. Вялікім шчасцем было паспрабаваць спяваць на клірасе. Адным з першых вучняў нядзельнай школы быў Валера Цімкоў – зараз паважаны ўсімі святар, які слу­жыць у Бягомлі.
Потым нейкі час заняткі нядзельнай школы сталі праходзіць у гарадской школе № 1. На падмогу айцу Георгію прыйшлі настаўніцы Таццяна Вахавіч і Аксана Каляга. Дзеці спасцігалі асновы праваслаўнай веры, ладзілі ранішнікі на Вялікдзень і Каляды.
За гэты час мы, вучні першай нядзельнай школы, выраслі і самі сталі бацькамі. Зараз яе з задавальненнем наведваюць ужо нашы дзеці. Мы разам ідзём у храм на літургію, а потым – на заняткі ў чытальную залу дзіцячай бібліятэкі. А якая радасць разам рыхтавацца да святочных ранішнікаў на Каляды і Вялікдзень! Ладзім касцюмы, вучым вершы і песні, каб дапамагчы выкладчыкам Таццяне Данілаўне Вахавіч, Наталлі Леанідаўне Лашкуновай, Людміле Васільеўне Ючкавіч, Алене Мікалаеўне Марковіч і парадаваць айца Георгія з матушкай Тамарай. Настаўнікі вывучаюць з дзецьмі асновы закона Божага, курс “Праваслаўны іканастас”, знаёмяцца з царкоўнымі святамі, вучаць малітвы і спасцігаюць многае іншае, што трэба ведаць праваслаўнаму верніку.

Нядзельная школа – гэта не толькі заняткі, але і паломніцкія паездкі, у час якіх наведалі Свята-Елісавецінскі, Свята-Ефрасіньеўскі, Жыровіцкі манастыры, Дом міласэрнасці. Гэта і частыя сустрэчы-гутаркі з настаяцелем Свята-Пакроўскага прыходу за салодкім сталом, а ён абавязковы на пачатак навучальнага года і яго заканчэнне, на Пакроў Прасвятой Багародзіцы і іншыя святы. Дзецям яны вельмі падабаюцца. Айцец Георгій вучыць іх любіць Бога і людзей, паважаць бацькоў, цярпліва адказвае на іх шматлікія пытанні: што можна есці ў пост, чаму кожную нядзелю трэба хадзіць у храм, як становяцца святарамі? Вельмі любяць дзеці атрымліваць падарункі ад святара, ён гэта ведае і не скупіцца.
Вялікі дзякуй Вам, айцец Георгій, за шчырае пастырскае служэнне, за тое, што яшчэ ў маленстве дапамаглі наблізіцца да Бога, і зараз мы яго міласцю ратуемся ад грэху. Жадаем Вам здароўя, стойкасці і сілы, нязгаснага запалу, непахіснай веры і надзеі. Няхай побач з Вамі будуць толькі добрыя людзі, а Ваша пастырскае служэнне на Божай ніве прыносіць шчодры плён.

Ад імя бацькоў
выхаванцаў
нядзельнай школы
С. МАЛЮЖАНЕЦ.
НА ЗДЫМКУ: протаіерэй Георгій Мялешка ў час сустрэчы з выхаванцамі нядзельнай школы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *