Как «Домовёнок Кузя» прописался на хлебозаводе в Докшицах
Салодкія прысмакі ў маляўнічым пачку з выявай горача любімага дзецьмі дамавічка Кузі з аднайменнага мультфільма ўжо спадабаліся многім пакупнікам, хаця выпускаць кукурузныя глазураваныя палачкі Докшыцкі хлебазавод пачаў толькі ў сакавіку. Новая прадукцыя прываблівае сваім абсалютна натуральным смакам.
– Па-іншаму і быць не можа, – пацвярджае начальнік лабараторыі Святлана Чурко. – У рэцэптуры нашай прадукцыі толькі натуральныя складнікі і абсалютна ніякіх дабавак. Асноўная сыравіна – крупка кукурузная, якая пастаўляецца з Украіны. Для смаку дадаецца цукар, соль і высокай ачысткі алей. Таму палачкі можна смела даваць маленькім дзецям, рабіць з іх хуткі сняданак школьнікам.
Абсталяванне, неабходнае для выпуску інавацыйнай прадукцыі, прадпрыемства набыло за ўласныя сродкі, затраціўшы на гэтыя патрэбы 70 тысяч рублёў. Галоўнае ў ім – экструзацыйная ўстаноўка, у якой пад высокім ціскам з кукурузнай крупкі атрымліваецца палачка. Потым гэты паўфабрыкат засыпаецца ў барабан для глазуравання цукровай пудрай. Апошняй набылі ўпакавальную машыну. Гэта яна фасуе палачкі ў маляўнічы пачак. Назву “Домовёнок Кузя” прыдумалі самі і, як аказалася, вельмі ўдала. Упраўляць новымі ўстаноўкамі рабочых вучыў галоўны інжынер Андрэй Высокіх. На вытворчай лініі адначасова працуе два-тры чалавекі. Андрэй Валер’евіч лічыць, што гэтай колькасці людзей, як і магутнасці набытага абсталявання, хопіць для выпуску як мінімум трох тон прадукцыі ў месяц. Патрэбны толькі рынкі збыту. Новую прадукцыю ўжо станоўча ацанілі не толькі ў нашым раёне, але і ў Мядзелі, Паставах. Ёсць падставы спадзявацца, што яна побач з нашым хлебам стане своеасаблівым брэндам Докшыц.
Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: апаратчыца Таццяна Яцкоўская за выкананнем аперацыі па глазураванні прадукцыі.
Фота А. Варанковіча.