Пожарные инспекторы проверили жилой фонд в Крулевщинском сельсовете Докшицкого района

Здымак 1

Здымак 1

Вясна – звычайны час, калі людзі, прыбіраючы ля сваіх домаўладанняў, пачынаюць спальваць міналагодняе лісце, галлё… Дзень, у які быў запланаваны рэйд, выдаўся надзвычай цёплым, але з парывамі ветру. Менавіта ў такое надвор’е пры развядзенні вогнішча імгненна можа загарэцца трава, калі не прытрымлівацца правілаў. Што і здарылася за некалькі хвілін да прыезду інспектараў ля Літоўскага ФАПа, дзе завіхалася некалькі людзей. Праўда, агонь ім удалося паспяхова патушыць. Пільнуючы вогнішча, жыхары побач паставілі вядро з вадой, але месца, дзе спальвалася галлё, не абкапалі з усіх бакоў (здымак 1). Пажарныя інспектары тут жа рэкамендавалі выправіць сітуацыю. У якасці прыкладу яны прыгадалі выпадак, які здарыўся ў пачатку красавіка ў Бягомлі. Муж з жонкай спальвалі на сваім участку лісце. Калі застаўся адзін попел, не палічылі патрэбным заліць яго вадой. На наступны дзень вецер раздзьмуў попел, загарэлася трава. Перапалоханыя суседзі патэлефанавалі ў аддзел па надзвычайных сітуацыях, чым папярэдзілі ўзгаранне гаспадарчых пабудоў, якія знаходзіліся непадалёк. Гаспадары-віноўнікі былі прыцягнуты да адказнасці.
Шмат пытанняў было ў інспектараў да Святланы Вен­цэль з Літоўцаў, калі пераступілі парог яе хаты. Два дні таму, як прызналася яна, з печы выграбла попел, а пра тое, што яго трэба заліць вадой, быццам, і не ведала. Прыйшлося зрабіць гэта пад пільным наглядам рэйдавай брыгады (здымак 2).
Мабыць, не зусім да месца, ды не ў кампетэнцыі пажарных нагадваць жанчыне пра тое, што ў хаце і на панадворку трэба падтрымліваць парадак і чысціню, але проста прамаў­чаць і не адрэагаваць было немагчыма. У брудзе патанала ўсё: посуд, мэбля, рэчы, а з імі каты і сабакі, якія прызвычаіліся не толькі спаць на ложку… А між іншым Святлана выхоўвае дачку. Амаль дарослая дзяўчынка заўсёды знаходзіць час пасядзець за ноўтбукам, а вось дапамагчы маці прыбрацца – не. Святлана Мікалаеўна нават спрабавала яе апраўдаць: “Такія зараз дзеці, што дапамагаць не хо­чуць”. Відаць, абедзвюм ні кроплі не сорамна.

Здымак 2

Здымак 2

Здымак 3

Здымак 3

Здымак 4

Здымак 4

З наступным візітам наведаліся ў Крулеўшчыну да Таццяны Гайдавай. Жанчына якраз займалася прыгатаваннем абеду для сваіх дзетак. У кватэры цеплілася печ, а побач з ёй ляжаў мяшок з дровамі. На гэту акалічнасць адразу і звярнулі ўвагу пажарныя інспектары, тут жа папярэдзілі гаспадыню, што гаручыя матэрыялы катэгарычна забараняецца складзіраваць так блізка (здымак 3).
У гэтым жа доме, толькі ў суседняй кватэры, пражываюць людзі, якія поўнасцю ігнаруюць правілы пажарнай бяспекі. Тут адключана электрычнасць, бо за гэту выгоду ніхто не плаціць, адсутнічае пажарны апавяшчальнік. Печ непрыгодная для эксплуатацыі, таму знаходлівыя гаспадары ўстанавілі так званую “буржуйку”, прычым з парушэннямі: бачны скразныя адтуліны ў месцы прымыкання дымаходу да печы (здымак 4).
Пражывае ў кватэры Ан­жэла Весялова разам з мужам і братам. Дарэчы, яны доўга не адчынялі дзверы “нязваным гасцям”, напэўна, не хацелі слухаць натацыі ў свой адрас. Замест святла яны запальваюць свечкі, кураць у нецвярозым стане, нават у ложку. Бачна гэта па прапаленых стуле і коўдры. Пры гэтым яны сцвярджаюць, што ў іх усё пад кантролем. На патрабаванне пажарных інспектараў неадкладна набыць і ўстанавіць аўтаномны апавяшчальнік “тройца” заявіла, што 12 рублёў на гэту рэч патраціць шкада і дорага. А вось на паўсядзённую ежу, гэта значыць спіртное, заўсёды, калі ласка.
Інфармацыя пра гэту гора-сям’ю адпраўлена ў РАУС для далейшага накіравання “небяспечных суседзяў” у ЛПП.
У домаўладаннях, якія правяраліся падчас рэйду, былі зафіксаваны звыклыя для спецыялістаў парушэнні, сярод якіх адсутнасць АПІ і ахоўнага корпуса на электралічыльніках, аголеныя правады ля разетак.
У бліжэйшы час інспектары паўторна наведаюцца да гэтых гаспадароў, каб упэўніцца, ці прынялі яны да ўвагі ўсе рэкамендацыі і ці выправілі ўсе недахопы.
У рэйдзе з інспектарамі пабывала
Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *