95-летие со дня основания отмечают работники органов прокуратуры и институт адвокатуры
26 чэрвеня, асаблівае свята для работнікаў органаў пракуратуры і адвакатаў. Яны святкуюць 95-годдзе ўтварэння пракуратуры і інстытута адвакатуры Рэспублікі Беларусь.
Галоўная задача пракуратуры – абараняць законныя інтарэсы дзяржавы, правы грамадзян, сачыць за захаваннем свабод і правоў чалавека.
Дзяржаўная пракуратура была зацверджана 26 чэрвеня 1922 года на трэцяй сесіі ЦВК Беларускай ССР. Тагачаснае палажэнне аб пракурорскім наглядзе было абумоўлена неабходнасцю ажыццяўлення кантролю над захаваннем законаў і “правільнай пастаноўцы” барацьбы са злачыннасцю. Афіцыйнае нараджэнне свята адбылося 26 чэрвеня 1998 года, калі Прэзідэнт выдаў Указ аб устанаўленні Дня работнікаў пракуратуры. Паўнамоцтвы дадзенага органа замацаваны ў Канстытуцыі, дзе ў якасці галоўнага прынцыпу выдзелена незалежнасць пракурораў. Усю сістэму ўзначальвае Генеральны пракурор, які падпарадкоўваецца непасрэдна Кіраўніку дзяржавы.
Пракуратуры належыць каардынацыйная роля ў барацьбе з карупцыяй і злачыннасцю. Асаблівы прававы статус накладае на яе адказнасць за захаваннем правоў і свабод грамадзян. Яна прыкладае актыўныя намаганні па выпрацоўцы сучасных комплексных мер па забеспячэнні непазбежнасці пакарання за здзейсненыя злачынствы, недапушчэнні незаконнага прыцягнення грамадзян да крымінальнай адказнасці, скарачэння ўзроўню злачыннасці.
Пракуратура Докшыцкага раёна вядзе свой адлік ад студзеня 1940 года, калі быў створаны сам раён. Дакументы пра яе дзейнасць у той час у сувязі з акупацыяй у гады вайны не захаваліся, але ў архівах удалося ўстанавіць прозвішчы пасляваенных пракурораў. У 1944-м годзе пракуратуру раёна ўзначальваў Фурсо, у 1946-м –
А.А. Несцярэнка, затым Дунаеў,
А. Харчанка. Пасля аднаўлення раёна ў 1964-м годзе пракурорам доўгі час быў былы франтавік, ардэнаносец Мікалай Кецко. Пазней у розныя часы пракуратуру ўзначальвалі Мікалай Печкуроў, Павел Друз, Віталь Чарамных, Любоў Кістэрная, Уладзімір Байданаў, Вячаслаў Андрэеў. Намеснікамі і памочнікамі пракурора служылі Сафія Рак, Георгій Савіцкі, Часлаў Максімовіч, Віктар Логінаў, Алег Казлоўскі, Яніна Цімачка, Вячаслаў Жытковіч, Вячаслаў Тамашэвіч, Іван Воўчык, следчымі – Несцераў, Валянціна Журава, Леанід Міхлін, Уладзімір Пракаповіч, Віктар Праннік, Міхаіл Сахно, Уладзімір Казлоў, Віктар Самохін, Аляксандр Ульскі, Сяргей Хруцкі, Віталь Фурсевіч.
У пракуратуры заўсёды працавалі адукаваныя, кампетэнтныя супрацоўнікі, верныя грамадзянскаму і службоваму доўгу. Не з’яўляецца выключэннем і сённяшні састаў. Кіруе невялікім калектывам саветнік юстыцыі Сяргей Куратнік, які, як вядома, стаў пракурорам у даволі маладым узросце. За гады службы ён заслужыў аўтарытэт і павагу ў кіраўніцтва і насельніцтва раёна. Па выніках дзейнасці за 2014 год адзначаны Падзякай пракурора вобласці. Узнагароджаны медалём “За бездакорную службу” 3-й ступені, Ганаровай граматай аблвыканкама, Падзякай начальніка Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па Віцебскай вобласці.
Значны ўклад у забеспячэнне законнасці ўнесла старэйшы работнік, намеснік пракурора Надзея Міцько. Хутка будзе 20 гадоў, як яна, з’яўляючыся студэнткай Полацкага дзяржуніверсітэта, прыйшла працаваць стажорам у пракуратуру Докшыцкага раёна. Была следчым, памочнікам пракурора. За бездакорную службу на абароне законнасці мае Падзяку Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь, Ганаровую грамату райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў. Сваім багатым прафесійным і жыццёвым вопытам Надзея Віктараўна шчодра дзеліцца з маладым пакаленнем.
Паспяхова спраўляецца са службовымі абавязкамі старшы памочнік пракурора юрыст 1-га класа Дзяніс Корсак. Ён ажыццяўляе нагляд за выкананнем заканадаўства і законнасцю прававых актаў. Вельмі адказна ставіцца да службы, пастаянна павышае свой прафесійны ўзровень.
Чатыры гады таму паступіла на службу ў пракуратуру Наталля Піскуновіч. Да нядаўняга часу, пакуль не пайшла ў водпуск па доглядзе дзіцяці, Наталля Аляксандраўна займалася агульным наглядам за дзейнасцю суб’ектаў гаспадарання і працавала з непаўналетнімі.
Высокія прафесійныя якасці, узаемаразуменне і згуртаванасць дазваляюць работнікам пракуратуры паспяхова ажыццяўляць нагляд за захаваннем законнасці на тэрыторыі раёна.
– За пяць месяцаў бягучага года праведзена 15 праверак выканання дзейнага заканадаўства дзяржорганамі, суб’ектамі гаспадарання і іншымі арганізацыямі, а таксама маніторынгаў і рэйдаў. Па іх выніках унесена 25 прадстаўленняў, вынесена 60 прадпісанняў, амаль столькі ж афіцыйных папярэджанняў, прынесена 11 пратэстаў. Па актах пракурорскага нагляду больш за 60 асоб прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці, восем – да адміністрацыйнай, – гаворыць Сяргей Куратнік. – Акрамя гэтага, пяць фізічных асоб і чатыры юрыдычныя прыцягнуты да матэрыяльнай адказнасці. Асаблівая ўвага надаецца захаванню законнасці ў час папярэдняга следства па крымінальных справах, падтрыманні дзяржаўнага абвінавачвання ў судзе. Узбуджана 12 крымінальных спраў, у тым ліку карупцыйнай накіраванасці. Для разгляду ў суд накіравана 47 крымінальных спраў. Пракурорскімі работнікамі ў судзе падтрымлівалася дзяржаўнае абвінавачванне па 33 крымінальных справах.
Карыстаючыся момантам, віншую супрацоўнікаў пракуратуры, ветэранаў, а таксама калег адвакатаў з прафесійным святам. Жадаю, каб жыццё для вас было заўсёды толькі светлым і бяспечным. Моцнага здароўя вам, цярпення і вытрымкі, сіл і энергіі, шмат выйграных спраў, задавальнення ад працы і дабрабыту.