Докшицкий район посетили ветераны труда из Витебска
Вайна. Гэта слова болем адгукаецца ў нашых сэрцах. Забыць яе немагчыма і нельга. Бо яна – як напамін будучым пакаленням пра мір, які трэба берагчы.
У памяць пра тых, хто загінуў на вайне, прапаў без звестак, памёр ад ран і хвароб, абараняючы Радзіму, штогод 22 чэрвеня адзначаецца Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны.
Напярэдадні сумнай даты наш раён наведала дэлегацыя ветэранаў працы з Віцебска. Арганізатарам паездкі па месцах баявой славы некаторых раёнаў Беларусі падчас Першай і Другой Сусветных войнаў стала старшыня пярвічнай ветэранскай арганізацыі аблвыканкама Зоя Крот. Сярод паважаных гасцей прысутнічалі былыя кіраўнікі рэгіёна і іх намеснікі: Уладзімір Кулакоў, Пётр Южык, Уладзімір Цацоха. Знаёмства з гістарычным мінулым Докшыччыны распачалося з г.п. Бягомль. Кранальнай да слёз стала для гасцей экскурсія на мемарыяльны комплекс “Праклён фашызму”. Як машына часу перанесла кожнага ў жудасны майскі дзень 1943 года тэатралізацыя трагедыі вёскі, якую паказалі работнікі культуры. Усё было, як і 74-ы гады таму. Мірныя клопаты шунеўцаў, занятых паўсядзённымі сялянскімі справамі, перарвалі стрэлы аўтаматаў, брэх сабак, лаянка карнікаў. Крыкі і плач няшчасных прабіралі гледачоў да дрыжыкаў. Танец полымя – і вось толькі гукі званоў абуджаюць паветра. Надпіс на галоўным помніку комплексу заклікае:
“Як маці заклінаю і малю,
наступных пакаленняў дзеці,
сейце бяссмерця зерне ў вечную раллю.
Праклён вайне, што сее смерць на свеце!”
Віцебскія ветэраны разам з прадстаўнікамі мясцовай улады хвілінай маўчання ўшанавалі памяць загінулых у агні 66 мірных жыхароў маленькай беларускай вёсачкі і 15 дзетак, якіх жывымі фашысты кінулі ў калодзеж. Усклалі кветкі да падножжа помніка.
Тэкст і фота Яўгеніі МАЛЕВІЧ.