В Бегомле всем в пример работает Алла Дударёнок

img_0400Работніка прылаўка Алу Дударонак у Бягомлі любяць і паважаюць. Надта ўжо ветлівы, прыемны яна чалавек. Баба Люба (так прадставілася карэспандэнтам пакупніца Любоў Батура) пачутае пацвердзіла з усёй адказнасцю і папрасіла перадаць “гандлёваму начальству”, што гэтага прадаўца трэба ўсім ставіць у прыклад (на здымку). Сама ж Ала Аляксандраўна, як сціплы па натуры чалавек, ад такой увагі толькі чырванела.

Некалі яна марыла стаць настаўніцай. Пасля заканчэння школы нават паступала ў інстытут, але першая спроба аказалася няўдалай, і больш яна лёс ужо не выпрабоўвала. Папрацавала крыху на тагачасным заводзе “Маналіт”, а потым адважылася паспрабаваць сябе ў прафесіі, якую набыла падчас вучобы ў вучэбна-вытворчым камбінаце. Прайшло 20 гадоў, і сёння Ала Аляксандраўна шчыра прызнаецца, што ні разу не пашкадавала аб сваім выбары. Больш за тое, яе дачка таксама пайшла ў гандлёвыя работнікі, працуе прадаўцом у Мінску.

Называючы сярод лепшых работнікаў Алу Дударонак, намеснік старшыні праўлення райста па гандлі Таццяна Каляга падкрэсліла, што з прыходам у краму “Майстар” гэтага прадаўца гандлёвая кропка набыла новае жыццё. Стаў выконвацца даведзены план тавараабароту. У чэрвені ён нават перавыкананы на 2 тысячы рублёў. На пытанне пра сакрэт падобнай плённай працы Ала Аляксандраўна адказала, што яго няма. Яна проста любіць сваю справу. Пакупнікі, якія знаходзіліся ў гэты час у гандлёвай зале, пацвердзілі яе словы, а яшчэ дадалі, што крама “Майстар” – гэта тая гандлёвая кропка, дзе можна купіць, у прынцыпе, любы тавар, што патрэбны для правядзення будаўнічых работ, а яшчэ тут вялікі выбар электратэхнікі і ўсялякіх дробязных рэчаў, такіх неабходных у быце. А калі якога тавару няма на дадзены момант у наяўнасці, прадавец бярэ заказ, і літаральна на другі дзень яго прывозяць. Як і любая іншая прафесія, гандлёвая таксама патрабуе прафесійнага майстэрства і добрасумленнасці, і менавіта гэтымі якасцямі прадавец 5-га разраду Ала Дударонак валодае поўнасцю.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *