Учитель из Докшиц пропагандирует чтение в сети

img_0688Педагог-псіхолаг і настаўніца беларускай мовы Крулеўшчынскай школы актыўна прапагандуе ў Сеціве … чытанне.

Відэаблогерам у наш тэхналагічна-інфармацыйны час можа стаць любы ахвотны. Для гэтага патрэбна няшмат: камера тэлефона і добры інтэрнэт. Каб атрымаць удзячную “падабайку” (“лайк” – руск.), людзі здымаюць практычна ўсё: свае прабуджэнні, сняданкі, эксперыменты з адзеннем, прычоскай, спартыўныя трэніроўкі і шмат чаго яшчэ. Блогераў, праца якіх несла сацыяльна-педагагічны накірунак, значна менш. І адзін з іх — наша сённяшняя гераіня.
Яна стала відэаблогерам не дзеля жадання красавацца на вядомым канале з відэаролікамі. Мэта ў яе іншая, так бы мовіць, адукацыйная.
Настаўнічае Таццяна толькі чатыры гады, ды і гэтага часу дастаткова, каб добра ўсвядоміць, што зацікавіць моладзь чытаннем не так ужо і проста. Але ж стукайце — і вам адчыняць! Вось яна і пачала “стукаць” па сродках таго, што найбольш сучаснікам даспадобы – Сеціва. Дзяўчына прызнаецца, што ідэя кніжных відэаблогаў зусім не новая. Аднак непасрэдна ў Беларусі такія праекты можна пералічыць па пальцах адной рукі.
За год, што дзейнічае канал Tanya Sakovi4/Teacher’s blog яна зняла больш за 50 ролікаў. Кожнаму з іх папярэднічае абавязковае чытанне кнігі. А, як вядома, гэта не заўжды адбываецца на адным дыханні. Да таго ж Таццяна вывучае біяграфію аўтара, гісторыю стварэння тэксту і, акрамя сваіх уражанняў ад твора, насычае відэа дадатковымі звесткамі. Сюжэты відэаблогер здымае на беларускай і рускай мовах. У рубрыцы “Пра сваё” яна вядзе гаворку пра вельмі асабістыя творы. На відэаканале Таццяны Саковіч можна знайсці відэа па кнігах рознажанравых аўтараў, сярод якіх Святлана Алексіевіч, Васіль Быкаў, Сцівен Кінг, Іван Шамякін, Франсуа Рабле, Макс Фрай і многія іншыя. А яшчэ яна ладзіць розыгрышы кніжак, расказвае пра магчымасць бюджэтных кніжных пакупак, у рубрыцы “Лямпа” чытае вершы класікаў і не толькі, удзельнічае ў праекце букцьюб-сюрпрыз. Да таго ж дзяўчына піша выдатныя вершы, якія можна прачытаць у Сеціве, а таксама ў выпусках літстаронкі нашай газеты “Крыніцы”.
– У школе свой занятак асабліва не піяру, бо ўсё гэта ўспрымалася б дзецьмі як чарговая абавязалаўка. Але ўсе вучні — прасунутыя карыстальнікі сацыяльных сетак, дзе я пакідаю спасылкі на ролікі, а таму знаходзяць іх самі, і ініцыятыва прагляду становіцца не настаўніцкай, а асабістай. Усведамленне, што выконваю не марную работу, прыходзіць, калі падчас заняткаў па тых творах, пра якія рабіла відэаагляды, чую ад вучняў правільныя адказы на пытанні і прызнанні, што да ўрокаў яны рыхтаваліся, звяртаючыся да нашых ролікаў. Лічу, што пададзеная такім чынам інфармацыя застаецца ў падкорніку памяці і пры неабходнасці ўсплыве.
Канешне, ролікі Таццяны – гэта яе суб’ектыўныя ўражанні ад прачытанага. Яна ўсведамляе, што не ўсе з імі пагодзяцца, а таму заўжды заклікае гледачоў да дыялогу, пытаецца, пра які твор яны б хацелі паглядзець ролік. Са зваротнай сувяззю справы ідуць складаней, але пакрысе, дзень за днём, каментараў становіцца ўсё больш. Рэдакцыя запрасіла таленавітую дзяўчыну ў пазаштатныя аўтары, і ў раённай газеце з’явілася пастаяная рубрыка “Давайце пачытаем”.
Ад рэдакцыі. Мы шчыра рады творчым поспехам гэтай 27-гадовай дзяўчыны і па асабістых прычынах. Справа ў тым, што Таццяна не чужы нам чалавек. Яна дачка нашай таленавітай журналісткі Веранікі Пашэвіч, унучка выдатнага журналіста і машыністкі нашай газеты Генадзя і Казіміры Шустоўскіх.

 

(па найбольшай колькасці праглядаў) на Tanya Sakovi4/Teacher’s blog: 

1. Іван Шамякін “Сэрца на далоні” – 2773
2. Кніжныя паліцы – 882
3. Кніжныя пакупкі. Бюджэтны варыянт – 756
4. Васіль Быкаў. “Мёртвым не баліць” – 692
5. Уладзімір Караткевіч. “Дзікае паляванне караля Стаха” – 575.

Наталля НАВІЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *