Любовь и уважение односельчан заслужила заведующая аптеки в агрогородке Волколата Докшицкого района Надежда Шилько

a-213Малая радзіма Надзеі Шылько – у Бешанковіцкім раёне. На Докшыччыну, а дакладней, у Валкалаты, яна трапіла па размеркаванні пасля заканчэння Магілёўскага медыцынскага вучылішча ў 1978 годзе. Як часта бывае, знайшла па месцы працы свой лёс – выйшла замуж. Без малога чатыры дзесяцігоддзі мінула з тае пары, і можна сцвярджаць, што валкалацкая зямля стала для яе роднай. Тут дом, тут выраслі сыны, тут сябры. Ды і запіс у працоўнай кніжцы Надзеі Рыгораўны адзін: у жніўні стаж яе работы загадчыцай мясцовай аптэкі будзе роўным сарака гадам. Забягаючы наперад, хочацца адзначыць, што жыхары аграгарадка і навакольных вёсак будуць рады, калі стаж той і пяцідзесяцігадовым стане: работа аптэкі без Надзі, Надзейкі, як усе ласкава называюць, не ўяўляецца.
Надзея Рыгораўна прызнаецца, што выбар прафесіі не быў асэнсаваным і мэтанакіраваным. Прагная да ведаў, здольная і працавітая дзяўчына закончыла школу з залатым медалём, і, думаецца, ёй магла б пакарыцца не адна вышэйшая навучальная ўстанова. Надзя хацела стаць педагогам – ведаючы яе, можна не сумнявацца: дасягнула б вышынь у гэтай прафесіі і займела б любоў і павагу вучняў і іх бацькоў. Але старэйшая на год сяброўка пераканала, што лепшай прафесіі, чым фармацэўт, няма, тым самым вызначыўшы далейшы Надзеін лёс.
Яна не проста загадчыца аптэкі, якая выдасць па рэцэпце ці без яго патрэбныя лекі. Надзея Рыгораўна абавязкова прапануе некалькі варыянтаў, сярод якіх не менш эфектыўныя лекі па больш таннай цане. За столькі гадоў яна “вывучыла” кожнага свайго наведвальніка, яго запыты, таму без пакупкі з аптэкі рэдка хто выходзіць. Калі ж якога прэпарату раптам не акажацца ў наяўнасці, загадчыца пастараецца як мага хутчэй яго атрымаць. Яе ніхто і ніколі не бачыў злоснай, раздражнёнай, замкнёнай – заўсёдная прыязнасць, лагода, усмешка на твары. Парадзіць, падкажа, растлумачыць, пракансультуе не толькі ў аптэцы – да яе можна звярнуцца ў любы час сутак. Да прыкладу, разбалеўся ноччу зуб, а ніякіх лекаў дома няма – смела можна тэлефанаваць Надзеі: дапаможа, збегае ў аптэку і прынясе выратаванне. Таму і карыстаецца жанчына заслужанай павагай і любоўю аднавяскоўцаў.
Жаданне ўзбагачацца новымі ведамі не пакідае Надзею Рыгораўну ўсё жыццё. Гэта датычыцца не толькі прафесіі, у якой яна поўнасцю сябе рэалізавала, аб чым сведчаць 1-ая кваліфікацыйная катэгорыя і шматлікія падзякі за дасягнутыя поспехі і добрасумленную працу. Жанчына да ўсяго мае выдатны літаратурны густ, смяецца, што чытае “запоямі”, нават па начах. Кампетэнтная ў сваёй сферы, яна цікавіцца і гісторыяй, і культурай, і тэхнічнымі навінкамі, стараецца крочыць у нагу з часам. Вельмі любіць парадак ва ўсім і падтрымлівае яго як у аптэцы, так і вакол будынка. Кветкам, якія развяла Надзея Рыгораўна, не хапае месца ў памяшканні, таму яна шчодра дзеліцца імі з усімі ахвотнымі. На працягу ўсёй працоўнай дзейнасці прымае актыўны ўдзел у грамадскім жыцці: не абыходзяцца без яе канцэрты да Дня медыцынскага работніка як у раёне, так і ў вобласці, а шырокае кола гледачоў ведае яе як актыўную ўдзельніцу мастацкай самадзейнасці пры мясцовым СДК: Надзея цудоўна чытае вершы, гумарэскі і, дзякуючы выдатнай памяці, трымае іх у галаве, без перабольшвання, сотні.
Яшчэ адзін маленькі штрых да партрэта гэтай цудоўнай жанчыны, якая на днях адзначае юбілей, – бліц-апытанне. На яе думку:
— найбольшае дасягненне ў жыцці – дзеці і рэалізацыя ў прафесіі;
— найвялікшая радасць – выступленні на сцэне;
— асноўнае захапленне – кнігі;
— няздзейсненая мара – пераехаць жыць у горад (ужо перастала быць марай);
— жыццёвае крэда – адносіцца да людзей так, як ты хочаш, каб яны адносіліся да цябе.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *