Украинская семейная пара — среди лучших работников «Бегомльского лесхоза»
Пра сямейную пару станочнікаў дрэваапрацоўчага цэха ДЛГУ “Бягомльскі лясгас” Леаніда і Ганну Юрчыкаў збіраліся расказаць на старонках раёнкі даўно, бо вельмі станоўча адгукалася аб іх кіраўніцтва прадпрыемства. Аднак усё штосьці не супадала: то змены ў мужа і жонкі розныя, то якія іншыя прычыны ўзнікалі. Падчас чарговай рэдакцыйнай камандзіроўкі ў Бягомль зоркі, як кажуць, сышліся і сустрэча наша ўсё ж адбылася.
…У верасні мінулага года, калі ўшаноўвалі працаўнікоў лясной галіны з нагоды прафесійнага свята, на сцэну за Удзячнасцю ад Міністра лясной гаспадаркі падняўся Леанід Юрчык. Атрымаўшы ўзнагароду, ён зірнуў у залу, сустрэўся позіркам з жонкай. Тая адарыла мужчыну цёплай усмешкай, нібы падбадзёрваючы: у нас усё атрымаецца на гэтай зямлі!
Ужо потым, прыгадваючы падзеі таго ўрачыстага дня, сужэнцы раз-пораз вярталіся думкамі ў глыбока асабістае. Ці мог калі, нават у самых неверагодных думках, Леанід, шахцёр з Данецкай вобласці некалі цэльнай Украіны, уявіць, што ў 2014 годзе прыйдзецца кінуць роднае сяло з уласным дыхтоўным домам, сарвацца з абжытага месца і з жонкай, сынам і дачушкай паехаць у пошуках іншага, больш спакойнага месца для жыцця. Ці магла памочніца выхавацеля садка ўявіць, што калі-небудзь яе раніца не будзе пачынацца з распранання малышоў і суцяшэння іх дзіцячых крыўд… Юрчыкі аднагалоса кажуць: “Не”. Аднак, як ні дзіўна, у разважаннях гэтай гарманічнай пары няма ні кроплі крыўдаў на жыццё і абставіны: у іх словах адчуваецца пазітыў, а ў позірках — такая пяшчота, якой звычайна ўжо няма ў большасці пар пасля некалькіх гадоў сумеснага жыцця.
– Ехалі, як і многія нашы землякі, на некалькі месяцаў, на год. А вось ужо чацвёрты ў Беларусі, – распавядае Леанід Мікалаевіч.
– Мы спачатку ў іншым месцы хацелі спыніцца, але там не мелася вялікай школы для дзяцей, тады паехалі ў пошуках далей, – працягвае Ганна Анатольеўна. – Калі трапілі ў Бягомль, быў самы пачатак восені. Пасёлак адразу прывабіў зручным месцазнаходжаннем, а як даведаліся, што тут ёсць сярэдняя школа, школа мастацтваў, пэўныя прадпрыемствы, вырашылі, што застаёмся.
Знялі жыллё, дачку і сына ўладкавалі ў школу, а самі ў пошуку працы завіталі ў лясгас.
– Нам не адмовілі. Адразу ўзялі ў цэх проста рабочымі, але ў хуткім часе адправілі вучыцца на станочнікаў, – працягвае гаспадар. – Мае змены з жончынымі не супадаюць, каб хтосьці адзін заўжды быў дома, з дачкой. Наша Настачка ходзіць у шосты клас, наведвае школу мастацтваў, ёй тут вельмі ўсё даспадобы. Сын Арцём таксама ў Беларусі ўжо замацаваўся – паступіў у мінскі каледж.
Не абмінулі ў размове Юрчыкі і тэму тугі па Радзіме, адносінаў беларусаў да перасяленцаў. Сужэнцы ведаюць многіх сваіх землякоў, якія не змаглі прывыкнуць на новым месцы, вярнуліся назад. Яны ж дадому з’едзілі толькі ў госці да родных. Былі розныя думкі, але той візіт пацвердзіў, што спакойнага жыцця ў родным краі пакуль не прадбачыцца.
Што тычыцца беларусаў, то выяўленых напружаных адносінаў з іх боку сям’я ўкраінцаў не адчувае. Бывае, хто кіне што крыўднае пра прыезжых, але Юрчыкі на свой рахунак гэта не ўспрымаюць, ды і выпадкі зусім адзінкавыя. А вось планы ў іх усё больш звязаныя з жыццём у нашай краіне:
– Няма пакуль адчування, што, вярнуўшыся назад, мы атрымаем спакой, стабільны заробак і ўпэўненасць у заўтрашнім дні, якія маем у Беларусі. І гэта вельмі дарагога каштуе. А што тычыцца работы, то ў калектыве мы прыжыліся, ды і на кіраўніцтва няма чаго крыўдаваць. Каб штосьці мець, трэба працаваць, а гэтага мы не баімся, – рэзюмуе напрыканцы размовы гаспадар.
І ўжо потым, падчас фатаграфавання, Леанід і Ганна прызнаюцца, што ўсё часцей падумваюць пра набыццё ўласнага жылля ў Бягомлі. Што ж, хай думкі ўвасобяцца ў жыццё.
Тэкст і фота Наталлі СТАШЭВІЧ.