На заседании клуба молодой семьи в Докшицах вручили ордена Матерей (+ фото)
Першае ў гэтым годзе пасяджэнне клуба маладой сям’і “Шчаслівыя разам” было прымеркавана да вельмі адметнай падзеі: узнагароджання ордэнам Маці.
У чытальнай зале раённай дзіцячай бібліятэкі было шматлюдна. За столікамі з пачастункамі сабраліся віноўнікі ўрачыстасці – сем’і Дарануца і Гаўрыльчык. Сярод паважаных гасцей – сям’я Пусташыла, гаспадыня якой – Валянціна Мікалаеўна – першай у раёне была ўзнагароджана ордэнам Маці.
Ганаровая місія была ўскладзена на намесніка старшыні райвыканкама Валянціну Рандарэвіч – менавіта яна ўручыла заслужаныя ўзнагароды шматдзетным маці Марыне Дарануца і Таццяне Гаўрыльчык.
З віншаваннямі прыйшлі на свята супрацоўнікі гераінь. Здароўя кожнаму члену сям’і пажадаў галоўны ўрач Докшыцкай ЦРБ Сяргей Кубар. Цёплыя словы ў гонар паважаных жанчын прагучалі ад дырэктара Цэнтра традыцыйнай культуры і народнай творчасці Святланы Вялічка.
Тэмай пасяджэння клуба маладой сям’і на гэты раз сталі сямейныя традыцыі. Пасля афіцыйнай часткі адбылося знаёмства з парамі, якія ў якасці гасцей прысутнічалі на мерапрыемстве. Апладысментамі віталі Уладзіміра і Валянціну Пусташылаў, стаж шлюбу якіх складае сорак чатыры гады. Яны нарадзілі і выхавалі пяцёра добрых дзяцей, якім зараз дапамагаюць даглядаць чацвярых унукаў. Усё жыццё Уладзіміра Іванавіча і Валянціны Мікалаеўны звязана з творчасцю. Ён, былы загадчык аддзела культуры, кіраўнік вядомага ў рэспубліцы народнага калектыву “Раніца”, і яна, былы дырэктар раённага Дома рамёстваў, па сённяшні дзень жывуць у свеце мастацтва, да якога ў свой час прывучылі і дзяцей. У выхадныя і святочныя дні збіраюцца разам, і традыцыйна такія сустрэчы абавязкова суправаджаюцца песнямі пад акампанемент баяна бацькі вялікай сям’і.
Цікава было паслухаць і маладыя сем’і. Аказваецца, большасць з іх захоўваюць асновы, што былі закладзены ў бацькоўскім доме. З самых цікавых правілаў – адзін мужчынскі дзень у нядзелю. Гэта калі тата гаспадарыць замест мамы на кухні ў выхадныя. Камусьці ў прыклад будзе парада не сварыцца дома па бытавых праблемах, а высвятляць адносіны на спартыўных пляцоўках.
Павесялілі і зарадзілі пазітыўным настроем жартоўныя адказы мужоў і жонак на зададзеныя жыццёвыя сітуацыі (здымак 2). У творчым заданні з асаблівым захапленнем удзельнічалі дзеці. На белых лістах паперы яны разам з бацькамі рабілі калаж (здымак 1), тэмай якога былі зноў-такі сямейныя традыцыі. Пакуль сем’і фантазіравалі і клеілі карцінкі, вясёлы настрой і пазітыў прысутным стваралі артысты: вучні СШ № 1 г. Докшыцы Валерыя Гмырак і Данііл Буглак, а таксама салісты народнай эстраднай студыі “Калейдаскоп” Андрэй Чабан, Валянціна Карповіч і Вольга Стадольнік.
Тэкст і фота
Яўгеніі МАЛЕВІЧ.