Курс на повышение объемов производства дан в ООО «Торгуны» Докшицкого района

img_7255На мінулым тыдні адбыўся апошні справаздачны сход у сельгаспрадпрыемствах раёна. Ён прайшоў у адкрытым акцыянерным таварыстве “Таргуны”. На сходзе прысутнічалі старшыня райвыканкама Алег Пінчук, начальнік фінансава-эканамічнага аддзела УП “Малочная праўда” Павел Гормаш і начальнік аддзела прававой і кадравай службы гэтага ж прадпрыемства Вікторыя Фясенка.
Пра тое, з якімі вытворчымі паказчыкамі сельгас­арганізацыя ўступіла ў 2018 год, падрабязную справаздачу зрабіла галоўны эканаміст Лілія Апанасевіч. У раслінаводстве справы абстаяць наступным чынам. Валавы збор зерня склаў 11471 тону, або 107 працэнтаў да ўзроўню 2016 года, рапсу – 763 тоны (78 працэнтаў). Ураджайнасць – 27,7 цэнтнера з гектара, што на 4,9 цэнтнера менш, чым за папярэдні год. Страты панесены ад расцягнутага больш за 20 дзён тэрміну ўборкі ў сувязі з неспрыяльнымі ўмовамі надвор’я.

Закладзена 26754 тоны сенажу (+8525 тон да аб’ёму закладкі ў 2016 годзе) і 9568 тон сіласу (– 22 тоны). Нарыхтавана 17,7 ц к. адз. на ўмоўную галаву жывёлы пры патрэбнасці не менш за 30 ц к.адз. Пры гэтым, адзначыла выступоўца, якасць тых кармоў недастаткова высокая, што не можа не адбівацца як на надоях, так і на прывагах БРЖ.
У параўнанні з 2016 годам паменшылася пагалоўе буйной рагатай жывёлы і на сённяшні дзень складае 7216 галоў. Адпаведна знізіўся і валавы надой малака. Сярэдні надой ад каровы – 3127 кілаграмаў малака. Сярэднясутачная прыбаўка ў вазе жывёлы на вырошчванні – 258 грамаў, што, безумоўна, з’яўляецца даволі нізкім паказчыкам. Выхад цялят на 100 кароў і цялушак – 89 галоў. Нізкія прывагі, нездавальняючая захаванасць пагалоўя жывёлы, адзначыла галоўны эканаміст, вынік недапрацовак заатэхнічнай і ветэрынарнай службаў гаспадаркі, дрэнная якасць і недахоп кармоў. Неабходна таксама паляпшаць сенакосы і пашы.

Сярод малочнатаварных фермаў ААТ “Таргуны” ў параўнанні з папярэднім годам плюсуе па надоях толькі МТК “Вецяра”. Але самыя высокія надоі па-ранейшаму на МТФ “Несцераўшчына”. Самыя нізкія – на МТФ “Загалаўе”. У 2017 годзе 84 працэнты ад аб’ёмаў малака рэалізавана гатункам “экстра”. Таварнасць склала толькі 80,7 працэнта. Страты ў жывёлагадоўлі таксама і ад невысокай таварнасці, ад ялавасці кароў, рэалізацыі малака вышэйшым і першым гатункамі.

У ААТ “Таргуны” на сённяшні дзень працу­юць 404 чалавекі, сярэдняя заработная плата – 439 рублёў.

Сярод лепшых работнікаў сельгаспрадпрыемства былі адзначаны аператары машыннага даення Таццяна Аніковіч, Зінаіда Малашонак, Ірына Кажапенька, Ірына Цімафеева, аператары па вырошчванні маладняку БРЖ Наталля Дорц, Лілія Маскалёнак, Ніна Потас, Валянціна Мароз, механізатары і вадзіцелі Вячаслаў Аніковіч, Уладзімір Сайковіч, Віктар Аліноўскі, Сяргей Гмырак, Павел Рудзько, Фёдар Малюжанец, Пётр Кавалёў, Мікалай Карніловіч, Валерый Аніковіч, Анатоль Трус, Віктар Раткевіч, Уладзімір Падбярэзкі. Працоўныя дасягненні гэтых работнікаў не выпадковыя і аднаразовыя, а вынік шматгадовай сумленнай працы.

Кіраўнік ААТ “Таргуны” Аляксандр Лесюкоў у сваім выступленні засяродзіў увагу прысутных на тым, што асноўнай задачай на бліжэйшыя гады з’яўляецца павышэнне аб’ёмаў і якасці прадукцыі. Для гэтага распрацаваны паэтапны план развіцця і ўжо пачаў рэалізоўвацца. ААТ “Таргуны” ў мінулым годзе ўвайшло ў лік пяці сельгаспрадпрыемстваў, што з’яўляюцца сыравіннай базай ААТ “Тураўскі малочны камбінат”, пад кіраўніцтвам кампаніі УП “Малочная праўда”. Як вядома, магутнасць камбіната патрабуе вялікіх аб’ёмаў вытворчасці. Для таго, каб атрымаць у гаспадарцы як мага больш малочнай прадукцыі, неабходна павялічыць пагалоўе дойнага статку і забяспечыць яго высакаякаснымі кармамі. У бліжэйшых планах – рэканструкцыя комплексаў “Таргуны” і “Гліннае”, будаўніцтва новага малочнатаварнага комплекса на 2500 галоў жывёлы. У гаспадарку ўжо паступіла першая тэхніка новага пакалення (на здымку), якой у хуткім часе плануецца набыць 20 адзінак. Уся тэхніка будзе аснашчана навігатарамі.
– Часу для паступовай перастройкі сістэмы работы ў нас няма, – падкрэсліў дырэктар прадпрыемства, – як няма месца галавацяпству, безгаспадарчасці, халатным адносінам да сваіх абавязкаў. Стабільнасць выплаты заработнай платы, якую мы гарантуем, узамен патрабуе бездакорнага выканання тэхналогій вытворчасці і захавання строгай працоўнай дысцыпліны. З гультаямі, прагульшчыкамі, нячыстымі на руку працаўнікамі мы будзем хутка і без шкадаванняў развітвацца. Той, хто хоча і ўмее працаваць, думаю, будзе задаволены вынікамі сваёй дзейнасці, у тым ліку і фінансавымі.

Аляксандр Лесюкоў адзначыў, што работнікам прадпрыемства, ветэранам працы абавязкова будуць выдзяляцца ўчасткі для пасадкі бульбы, сяўбы збожжавых, сена ў рулонах будзе рэалізоўвацца па льготных цэнах. Будуць таксама весціся работы па добраўпарадкаванні тэрыторыі, увядзенні зямель у севазварот.

Старшыня райвыканкама Алег Пінчук выказаў надзеі на тое, што ўкладзеныя ў развіццё малочнай вытворчасці сродкі ў сукупнасці з дастойнай работай калектыву сельгаспрадпрыемства ў хуткім часе паспрыяюць росту аб’ёмаў вытворчасці і паляпшэнню фінансавага становішча гаспадаркі і матэрыяльнага дабрабыту яе працаўнікоў.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота А. Варанковіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *