Флешмоб “Я люблю свой край” провела СШ №2 г. Докшицы
Засталося не так шмат часу да завяршэння навучальнага года. Для старшакласнікаў наступае клапатлівая пара, калі трэба ўзмоцнена рыхтавацца да паступлення. Вучняў жа малодшых класаў не перастаюць пакідаць думкі пра тое, што хутка летнія вакацыі, а гэта значыць можна забыцца пра ўрокі і “дняваць” і “начаваць” на вуліцы. Настаўнікі лічаць, што важна ў гэты час падтрымаць інтарэс да вучобы. У СШ № 2 г. Докшыцы не сумуюць ні дзеці, ні настаўнікі.
Мінулы тыдзень для пачаткоўцаў прайшоў пад дэвізам “Веды! Творчасць! Сяброўства!”. Мерапрыемствы арганізавала кіраўнік метадычнага аб’яднання “Пошук” Ірына Шымковіч. Разам з настаўнікамі вучні адправіліся падарожнічаць па акіяне ведаў. У першы дзень трапілі на востраў малой Радзімы і вырашылі прызнацца ў любові Докшыцам. Флэшмоб “Я люблю свой край” атрымаўся незвычайным і яскравым (на здымку). У фае школы прыцягвала ўвагу кніжная выстава “Пісьменнікі-землякі – гонар наш”, якую падрыхтавала бібліятэкар Зоя Крыкун. Тут жа размясціліся творчыя работы дзяцей, прысвечаныя роднаму краю. Наступны дзень быў перапоўнены спартыўнымі мерапрыемствамі. Адпачыць школьнікам не было часу нават на перапынках паміж урокамі, бо музыка, якая гучала на калідоры, вабіла дзяцей, быццам заклікала да танцаў.
Цікавым атрымаўся інтэлектуальны марафон “Знайка”, падрыхтаваны завучам Наталляй Атрахімовіч. У ім свае веды прадэманстравалі вучні 3-4 класаў. Чацвёрты дзень быў аддадзены бацькам. Таму яны пераўвасобіліся ў настаўнікаў і правялі ўрокі ў класах, дзе вучацца іх дзеці.
Завяршыўся тыдзень урачыстасцю, падчас якой хлопчыкі і дзяўчынкі атрымалі граматы.
Таццяна МАЙСКАЯ.
Фота аўтара.