В Бегомльском лесхозе прошел конкурс «Лесоруб — 2018»

proverka-22-06-2018-g-074Конкурс прафесійнага майстэрства “Лесаруб – 2018” адбыўся на мінулым тыдні ў ДЛГУ “Бягомльскі лясгас”. За права звацца лепшым з лепшых спаборнічалі 23 вальшчыкі з усіх структурных падраздзяленняў арганізацыі.

Нягледзячы на тое, што
адзін з лепшых лясгасаў вобласці добра ўкамплектаваны шматаперацыйнай лесанарыхтоўчай тэхнікай, поўнасцю замяніць ручную працу вальшчыка немагчыма. Рубкі догляду, вузкія ўчасткі, нізіны ці балоцістая мясцовасць, участкі з дрэвамі каштоўных парод – да ўсяго гэтага на харвестары не падступішся. Патрэбны чалавечыя рукі і філіграннае валоданне майстэрствам вальшчыка.
Дарэчы, пра філіграннасць. Відовішча, якое разгарнулася на лесасецы, іначай, як шоў, не назавеш. Хутка. Дакладна. І нават прыгожа. Менавіта так вальшчыкі падыходзілі да кожнага з пяці практыкаванняў, кантралюючы хваляванне, якое час ад часу ўзнікала пад пільным вокам журы і калег-сапернікаў, сярод якіх былі і неаднаразовыя
ўдзельнікі абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў.
proverka-22-06-2018-g-067На валцы лесу ў групе “А” першае месца было прысуджана Валерыю Зубкову з майстарскага лесанарыхтоўчага ўчастка № 2. З адрывам у адзін бал перамог у практыкаванні “Мантаж ланцуга” Міхаіл Паляк з Параф’янаўскага лясніцтва. Вышэйшы пілатаж Вадзіма Дзяругі з Вітуніцкага лясніцтва прынёс яму перамогу ў іспыце “Камбінаваны рэз”. Больш чым на 30 балаў абагнаў сапернікаў Андрэй Тарноўскі з майстарскага ўчастка № 2, калі выконваў “Дакладную распілоўку”. Завяршальным і самым запамінальным этапам спаборніцтва звычайна бывае апошні: “Абрэзка сукоў”. Вось тут, як кажуць, працаваць трэба ў прамым сэнсе выразу “без сучка і задзірынкі”. Любое паглыбленне ці кромка, што выступае, – штрафное ачко. Выйграе ў гэтай дысцыпліне той, хто найбольш правільна размяркуе прыярытэты паміж хуткасцю і дакладнасцю. Трэба дасягнуць іх балансу, інакш, памылак не пазбегнуць. Гэту ісціну дакладна ўсвядоміў Арцём Харкоў, які набраў у практыкаванні рэкордныя 432 балы. Ён жа стаў пераможцам у асабістым заліку па суме пяці практыкаванняў. На другім месцы Валерый Зубкоў. На трэцім – Аляксандр Паўловіч з Вітуніцкага лясніцтва.
У асабістым заліку групы “Б”, куды трапляюць кандыдаты ў зборную каманду Мінлясгаса, па суме пяці практыкаванняў 1599 балаў набраў Аляксандр Бобрык, на другім месцы з 1493 баламі Уладзімір Гнусін. Абое з лесанарыхтоўчага ўчастка № 2.
У асабістым заліку сярод юніёраў перамог Віталь Пашкоўскі, які прадстаўляў Докшыцкае лясніцтва. На другім месцы Яўген Хухракоў з Бярозкаўскага лясніцтва.
Як зазначыла начальнік бюро па ахове працы лясгаса Святлана Здораўцава, усе практыкаванні базіруюцца на тых аперацыях, якія вальшчыкі выконваюць кожны дзень. Прафесія гэта ў спісе адных з самых небяспечных, а таму і патрабаванні па ахове працы да яе прадстаўнікоў адны з самых жорсткіх. І гэты аспект абавязкова ацэньваецца пры падвядзенні камандных вынікаў спаборніцтваў.
А яны наступныя: першае месца ў каманды Бягомльскага лясніцтва. Толькі на сем балаў адсталі ад іх срэбныя прызёры – вальшчыкі з Вітуніцкага лясніцтва. Замыкаюць тройку лідараў прадстаўнікі Параф’янаўскага лясніцтва.
Заслужаныя дыпломы і істотныя грашовыя ўзнагароды членам каманд уручыў дырэктар ДЛГУ “Бягомльскі лясгас” Аляксандр Давідовіч.
Наталля НАВІЦКАЯ.
Фота прадстаўлена ДЛГУ “Бягомльскі лясгас”.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *