В Докшицах выбрали победителя творческого конкурса «Узнаем историю своей родины»

84448737e605a94d3b3a1cb8f7e3f4024781a68cПад такой назвай праходзіў творчы конкурс, прымеркаваны да 100-годдзя ўтварэння БССР, які праводзіў аддзел па адукацыі райвыканкама. Дзеці даслалі дзясяткі сачыненняў на рускай і беларускай мовах. Адны ў сваіх работах звярнуліся да мінулага ўсёй краіны, другія засяродзілі ўвагу на гісторыі сваёй малой радзімы і нават свайго роду.

Пераможцай конкурса стала вучаніца 8 класа Валкалацкай БШ Яна Кімстач. У аснове яе работы ляжала гутарка з дзядулем, які распавядаў пра гісторыю Беларусі, недавучаную ўнучкай на ўроках, на прыкладзе мінулага сям’і Кімстач, бо “для кожнага чалавека самая блізкая гісторыя – гэта жыццё яго сям’і.”.
“…Дзядуля дастаў з серванта тоўсты альбом у чорнай скураной вокладцы і пачаў гартаць. З фотаздымкаў на мяне глядзелі незнаёмыя людзі. На адным з іх я прызнала сваю прабабулю Яніну Пятроўну Кімстач, якая гадоў пяць назад пайшла з жыцця. Я прывыкла бачыць яе нямоглай, старэнькай. А тут была прыгажуня з шыкоўнымі кучаравымі валасамі, у светлай блузцы, а на грудзях красавалася брошка з надпісам ”БАЛЬШАВІК”.
Дзядуля расказаў Яне пра мінулае сваёй мамы, біяграфія якой — гэта гісторыя ўсёй краіны: “А гэта яна фатаграфавалася пасля заканчэння Глыбоцкага педвучылішча. Напэўна, быў бы ў яе іншы лёс, каб не Савецкая ўлада. Ты ж з гісторыі ведаеш, што 1-га студзеня 1919 года была абвешчана БССР. Беларусы атрымалі магчымасць жыць свабодна і незалежна. Але ў хуткім часе адбыўся падзел нашай рэспублікі паміж савецкай Расіяй і панскай Польшчай. Пачалося апалячванне насельніцтва, прыніжэнне яго нацыянальнай годнасці. Улада Польшчы працягвалася аж да 1939-га года. Дзяўчынцы з вёскі Малякова [Яніне Пятроўне] цяжка прыйшлося б жыцці, калі б зноў не прыйшлі Саветы”.
Далей у сачыненні прыгадваюцца падзеі Вялікай Айчыннай вайны, і, урэш­це, Яна прыходзіць да высновы, што трэба не проста захаваць гэту гісторыю, але і працягваць яе.
На другім месцы апынуліся сачыненні вучня 8 “Б” класа СШ № 2 Данілы Шульгі і сямікласніцы з Сітцаўскай СШ Настассі Цягуновіч.
Даніла падаў гісторыю сваёй краіны таксама праз фотаздымкі старога сямейнага альбома.
Першы фотаздымак датуецца красавіком 1919 года. “Гэта невялічкі партрэт майго прапрадзеда. Немалады ўжо мужчына, апрануты ў даматканую кашулю, падперазаны паяском, на нагах – лапці. Нарадзіўся на Магілёўшчыне, але вымушаны быў пераязджаць з месца на месца, апрацоўваючы зямлю паноў. На Віцебшчыне яго заспела Вялікая Кастрычніцкая рэвалюцыя. Так з беззямельнага селяніна ён ператварыўся ў гаспадара ўласнага на­дзела зямлі. Сам непісьменны, мой прапрадзед марыў, каб яго дзеці атрымалі адукацыю, не ведалі, што такое голад, здзекі, прыніжэнне”.
Далей Даніла расказаў пра сваю прабабулю Соню, якая нарадзілася ў 1921 годзе. “Яна вельмі хацела вучыцца, навука давалася ёй лёгка. У вёсачцы, дзе яна жыла, была толькі пачатковая польская школа. І бацька, каб дзяўчынка змагла вучыцца далей, прадаў карову, але нават гэтага не хапіла”.
Настасся Цягуновіч прадставіла на конкурс цікавы верш:
Мая Радзіма – жыватворная крыніца,
Любімая і светлая зямля…
У лясах слязамі сочыцца жывіца.
О, Беларусь! Ты родная мая!
Вакол вітаюць збажыны палеткі,
І добра на бацькоўскай усім зямлі.
З усмешкай падрастаюць дзеткі-кветкі.
Дай, Божа, каб у міры ўсе жылі…
Народ наш добры і такі адкрыты.
Мы рады госцю, што прыедзе к нам.
Пасадзім мы яго за стол накрыты,
Усё, што маем, аддадзём сябрам.
Калі ж маю радзіму хто пакрыўдзіць,
То за Айчыну пастаяць змагу.
Абараню! Хай будзе ўсім урокам:
Я адкажу на крыўду чужаку!
Не раз цябе і гнулі, і ламалі,
Але ты з цемры ўставала зноў.
А ў Еўропе ўсё мацней гучала:
“За самастойнасць, веру ў народ!”
Усё створана рукамі чалавека,
Квітнее з кожным годам Беларусь,
Зямлю шануе кожны з нас спрадвеку…
Я ганаруся тым, што беларус!
Цябе ўслаўлялі тут Купала, Колас.
І Багдановіч сплёў тут свой “Вянок”.
За Беларусь падаў Мулявін голас,
І славіў песнямі Радзіму Лучанок.
Твае спартсмены ўсіх перамагалі,
У біятлоне першынства ўзялі.
Магутныя кар’ерныя БелАЗы
Па ўсіх краінах грузы павязлі.
Стагоддзе адзначаеш ты сягоння.
Жадаю табе шчасця на вякі.
Няхай не згасне твая зорка на нябёсах,
Красуй, свяціся, ў радасці жыві.
Трэцяе месца ўзяла вучаніца Сітцаўскай СШ Ганна Кацейка, якая ў сваім сачыненні расказала пра земляка Мікалая Карповіча, “які ўсё сваё жыццё быў на перадавой”.
“Васямнаццацігадовым юнаком Мікалай Уладзіміравіч трапіў на фронт. Ваяваў у складзе 68-га артылерыйскага палка. Быў камандзірам аддзялення разведчыкаў. Прымаў удзел у вызваленні Чэхаславакіі. Мікалай Уладзіміравіч узнагароджаны польскім медалём Перамогі і свабоды, а таксама “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне”. Дзяўчынка расказала і пра пасляваеннае жыццё гэтага вядомага чалавека, які больш за трыццаць гадоў быў брыгадзірам паляводчай брыгады саўгаса “Сітцы”, “мае шмат узнагарод: ордэн “Знак Пашаны”, ордэн Леніна, залаты медаль “Серп і молат”. За павелічэнне вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі ў 9-ай пяцігодцы ў 1972-ім годзе М.У. Карповічу было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы”.
Напрыканцы Ганна падкрэсліла, што любіць сваю Беларусь, ганарыцца яе мінулым і верыць у светлую будучыню.
Аўтарскі правапіс вучнёўскіх прац захаваны.

Таццяна САКОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *