Фестиваль православной молодёжи прошел в Докшицком районе

img_1951У сёмы раз пад сцягам Міжепархіяльнага фестывалю праваслаўнай моладзі “Пакуль мы маладыя” ў нашым раёне сабраліся цікаўныя, энергічныя, актыўныя юнакі і дзяўчаты. Сёлета ўдзельнікамі традыцыйнага моладзевага руху пры храме Усекнавення галавы Іаана Прадцечы ў Крулеўшчыне сталі падлеткі з Наваполацка, Полацка, Расон, Глыбокага, Пастаў і Докшыц. У гэтым годзе пастаянныя завадатары мерапрыемства Аляксандр Плыгаўка і Дзмітрый Мандрук перадалі эстафету Яўгену Мальчонку, Сафіі Дзехцяронак і Дзмітрыю Гміру, якія разам са святаром храма протаіерэем Віктарам Гмірам, прыхаджанамі і пры падтрымцы выканаўчай улады правялі вялікую работу па падрыхтоўцы і правядзенні праваслаўнага злёту. Менавіта на гэтых маладых людзей была ўскладзена ганаровая місія – сустракаць шаноўнага госця фестывалю – Архіепіскапа Полацкага і Глыбоцкага Феадосія (на здымку). На сустрэчу з моладдзю завітаў старшыня райвыканкама Алег Пінчук.
У фестывальныя дні ўдзельнікаў чакала насычаная на мерапрыемствы праграма, якую аб’яднала тэма “Малая радзіма ў вялікім
сэрцы”. У Крулеўшчыну з’язджаліся даўнія і новыя сябры праваслаўнага злёту з розных куткоў Беларусі.
У суботу, пасля ўрачыстага адкрыцця фестывалю, юнакі і дзяўчаты нецярпліва чакалі ваенна-спартыўную гульню, якую для іх арганізавалі Крулеўшчынская СШ і райваенкамат. Моладзь, падзеленая на дзве каманды, спаборнічала ў праходжанні паласы перашкод. Пасля такога актыўнага адпачынку ўсе з цікавасцю знаёміліся з выставай узораў зброі, а таксама сродкаў спецыяльнай абароны і абмундзіравання, якія прывезлі салдаты з вайсковай часці Заслонава.
Самай насычанай на мерапрыемствы стала нядзеля. Раніцай удзельнікі фестывалю адправіліся ў Порплішча, дзе ля Спаса-Праабражэнскай царквы прыхаджане ўжо рыхтаваліся да сустрэчы Уладыкі: на ўваходзе ў храм жанчыны і дзяўчаты ладзілі прыгожы дыван з жывых кветак.
Пасля Божай літургіі моладзь мела магчымасць задаць любое пытанне Яго праасвяшчэнству. Гутарка праходзіла ў вельмі цёплай і сяброўскай атмасферы. Дзеці цікавіліся не толькі пытаннямі веры, але і іншымі тэмамі, якія турбуюць іх у падлеткавым узросце. У сваім звароце да прысутных Уладыка высока ацаніў тое ўзаемаразуменне, якое наладжана паміж мясцовай уладай і Докшыцкім благачыннем, за што шчыра падзякаваў кіраўніку раёна.
img_2020З прывітальным словам перад удзельнікамі фестывалю выступіў Алег Пінчук, які адзначыў, што фестываль, які ўжо стаў традыцыйным, несумненна, дае надзею на тое, што будучыня краіны ў надзейных руках.
Сустрэча прадоўжылася знаёмствам з дачкой былога святара парплішчанскага храма Арыяднай Ткачук, якая расказала пра цяжкі лёс свайго бацькі Міхаіла Кузменкі. Арыядну Міхайлаўну адшукала настаўніца Крулеўшчынскай школы Наталля Рандарэвіч падчас падрыхтоўкі разам са сваімі вучнямі даследчых работ па гісторыі праваслаўя Докшыцкага раёна. Прэзентацыі работ прадставілі на мерапрыемстве крулеўшчынскія вучні Віта Козел, Святлана Таляронак, Ангеліна Дайлідзёнак.
Увечары адбыўся святочны канцэрт, на якім падзякі за дапамогу ў правядзенні VII фестывалю праваслаўнай моладзі “Пакуль мы маладыя” атрымалі самыя актыўныя яго ўдзельнікі. Завяршылася мерапрыемства дыскатэкай.
У панядзелак моладзь сабралася ў творчай гасцёўні на майстар-клас. Юнакі і дзяўчаты сваімі рукамі вырабілі забаўных кацянят з фетру. З гэтымі падарункамі яны наведалі тых, хто пражывае ў Крулеўшчынскім аддзяленні кругласутачнага знаходжання пажылых грамадзян і інвалідаў.
img_1994 img_1933У гэты ж дзень адбылося закрыццё фестывалю, які стаў выдатным доказам таго, што праваслаўная моладзь умее карысна, цікава і разам з тым весела праводзіць вольны час.
Тэкст і фота Яўгеніі МАЛЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *