Свой этюд любви играют Евгений и Вероника Кривичанины из Докшиц

dscn3810Любое пачуцце можна выразіць музыкай. Нездарма ў музычнай тэрміналогіі існуе цэлы шэраг разнастайных вызначэнняў. Калі нам сумна, мы “гучым” працягла “ларга”, у радасным настроі – весела “алегра”. Калі мы раз’юшаны, у голасе чуюцца рэзкія ноткі “стаката”, якія пераходзяць у плаўнае “легата”, як толькі мы супакойваемся. Але, якой ні была б музыка, важна, хто яе выконвае. Яўген і Вераніка Крывічаніны (на здымку) вось ужо тры гады граюць свой эцюд кахання. У іх няма галоўнай партыі, але музыка атрымліваецца прыгожая і, што важна, без фальшу.

Пазнаёміліся маладыя людзі падчас вучобы ў Наваполацкім музычным каледжы. Яўген вучыўся на народным аддзяленні па класе баяна, куды паступіў, скончыўшы Глінскую сярэднюю школу. Праз два гады ў каледж з Пастаўскага раёна прыехала піяністка Вераніка. За плячыма ў абодвух была музычная школа. Але калі на выбар Веранікі пэўным чынам паўплывала мама, якая таксама музыкант, то Жэня выбіраў сваё будучае самастойна. Маладыя людзі ішлі насустрач агульнаму шчасцю рознымі дарогамі, але ўрэшце сустрэліся. Прызнаюцца, што пэўны час прыглядаліся адзін да аднаго: не хацелася адразу скочыць у полымя пачуццяў. Жэня скончыў вучобу, вярнуўся ў свой родны раён. Праз два гады сюды ж прыехала і Вераніка. Маладыя людзі ажаніліся – загучалі першыя ўпэўненыя акорды іх ўласнага эцюда кахання.
Зараз яны побач кожны дзень не толькі дома, але і на рабоце, бо абое працуюць у Докшыцкай ДШМ імя Н. Сакалоўскага. Іх агульны музычны твор жыцця з кожным днём гучыць усё больш упэўнена і бадзёра.
Жыццё маладых людзей даволі насычанае, у ім пераважаюць мажорныя ноткі. Сумаваць не даюць і вучні, якія штодзень спяшаюцца на заняткі, каб навучыцца нечаму новаму ў любімых маладых настаўнікаў. І Вераніка, і Яўген стараюцца знайсці падыход да кожнага свайго выхаванца: шукаюць арыгінальныя музычныя кампазіцыі, заўсёды стараюцца ўнесці нешта новае ў кожны занятак. Галоўнае, каб дзецям было цікава вучыцца. Усё гэта прыносіць плён: іх вучні паспяхова ўдзельнічаюць у разнастайных музычных конкурсах. Ды і самі настаўнікі стараюцца з кожным днём напрацоўваць вопыт, заўсёды знаходзяцца ў творчым пошуку, удзельнічаюць у канцэртах. Жэня грае ў духавым аркестры, удзельнічае ў калектыве “Remix”, выступае як акампаніятар. Вераніка спявае ў народным ансамблі “Вярба”, іграе ў інструментальным ансамблі “Фантазія”. Маладыя людзі маюць і асабістыя ўзнагароды за ўдзел у музычных конкурсах. Нягледзячы на такі хуткі тэмп жыцця, сужэнцы працягваюць вучыцца: абое ў розны час паступілі ў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка на факультэт эстэтычнай адукацыі. Жэня ўжо скончыў вучобу, Вераніка працягвае навучанне. Сёлета яна атрымала Гран-пры за ўдзел у фестывалі мастацтваў “Малыя дэльфійскія гульні”, дзе выконвала твор Клода Дэбюсі “Востраў радасці”.
Сужэнцы падтрымліваюць адзін аднаго ва ўсіх пачынаннях і ра­зам радуюцца сваім поспехам. Музыка для іх – сапраўдная асалода, якая кожны дзень крочыць з імі па жыцці.
– Дома мы стараемся адпачываць, бо нам хапае музыкі на рабоце, – прызнаецца Яўген. – Тым болей, што часу на адпачынак застаецца вельмі мала. У такія рэдкія дні стараемся пабыць разам, або наведваем родных.
Зразумела, што жыццё, як піяніна: у ім абавязкова побач з белымі клавішамі знойдзецца месца чорным. Але важна, якую музыку будзе граць гэты інструмент. Спадзяёмся, што эцюд кахання сужэнцаў Крывічаніных, калі і будзе мець мінорныя акорды, у выніку не ператворыцца ў дысананс, а стане прыемнай пяшчотнай мелодыяй вялікага сумеснага жыцця.

Таццяна САКОВІЧ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *