У Валентины Дранкович из Глинного вся жизнь — в стихотворных строчках

img_1348У добрага, шчырага чалавека і душа спявае. У Валянціны Дранковіч (на здымку) з вёскі Гліннае у душы нараджаюцца яшчэ і вершы.Тоўсты штодзённік паэткі амаль што цалкам спісаны вершаванымі радкамі, у якіх зарыфмавана цэлае жыццё, напоўненае неверагоднай радасцю і вялікім смуткам.

Звычайна ад вядомых паэтаў можна пачуць, што штуршком да напісання першага верша стала юнацкае каханне, няспраўджаныя надзеі, складанасць выбару ці якія іншыя яркія падзеі жыцця. У Валянціны Ана­тольеўны такі штуршок і сапраўды быў. Сем гадоў таму не стала яе сужэнца Мікалая. Каханы муж і клапатлівы бацька чатырох дзяцей памёр, крыху не дажыўшы да шасцідзесяці гадоў. Месяц у бальніцы ў ролі сядзелкі, доўгія ночы без сну і пахаванне – усё гэта вялікім горам лягло ў глыбіні ўдовінай душы. Несупынны боль імкнуўся знайсці выйсце і, урэшце, выліўся ў вершы. Валянціна Анатольеўна прызнаецца, што, калі даверыла паперы свае перажыванні, на душы крыху паспакайнела.
– Шчыра кажучы, жаданне нешта напісаць было заўсёды, – расказвае яна. – Калі працавала нарыхтоўшчыцай у калгасе “Камунар”, афармляла насценгазету “Голас рабочага”. Днём працавала – начамі пісала. Вельмі падабалася складаць рыфмаваныя віншаванні для калег. З ахвотай пішу іх і зараз, ужо, пераважна, для блізкіх і родных.
Найбольшы крытык і аматар вершаў Валянціны Анатоль­еўны – яе старэйшы сын Вадзім. Ён цалкам падтрымлівае яе творчасць.
Перагортваем старонку. Там новы эпізод жыцця – будаўніцтва царквы Уздзвіжання крыжа Гасподня ў Глінным. Невялічкі, але вельмі ўтульны храм, вось ужо чатыры гады наведваюць аднавяскоўцы і вернікі з бліжэйшых вёсак. А Валянціна Анатольеўна ўспамінае, як пачыналі.
– Адразу было складана, – кажа. – Мы былі сам-насам з праблемамі будаўніцтва. Тады я папрасіла дапамогі ў людзей. Дзякуючы нашаму дэпутату, галоўнаму рэдактару Аляксандру Варанковічу, пра нашу справу напісалі ў раёнцы, і работа закіпела. Агульнымі намаганнямі і з Божай дапамогай маем зараз месца, дзе кожны знаходзіць супакаенне душы.
На старонках штодзённіка знайшла адлюстраванне не толькі гэтая важная падзея. Валянціна Анатольеўна зарыфмавала там і тое, як служылася першая літургія ў новым храме. Святы Пакроў Прасвятой Багародзіцы, Ражство Хрыстова сталі тэмамі для яе вершаў. Лейтматыў любові да Усявышняга гучыць і ў іншых творах вясковай паэткі. Кожны яе дзень пачынаецца з малітвы, і яна верыць, што Бог суправаджае яе ва ўсіх пачынаннях.
Яшчэ адна старонка штодзённіка прысвечана цудоўнай, важнай для жанчыны падзеі – нараджэнню ўнучкі Лізы. І дзеці, і ўнукі з радасцю едуць да бабулі з Мінска. Іх прыезд – сапраўднае шчасце. Разам гартаюць сямейны фотаальбом, успамінаюць дзядулю, вячэраюць вялікай сям’ёй і абавязкова слухаюць новыя вершы.
З ад’ездам родных у хаце цішэе. Стаміўшыся ад будзённых клопатаў, гаспадыня любіць застацца адзін на адзін са сваімі думкамі. У такія моманты і нара­джаюцца вершы.
– Нельга не напісаць пра тое, што адбываецца навокал, – гаворыць яна. – У золаце патанаюць клёны, ідуць шэрыя дажджы, вецер завывае ў коміне – усё гэта звычайнае, а мне хочацца паэтычных радкоў. Аднойчы вясною, калі вярнулася з царквы, убачыла, што ля хаты пасяліліся буслы. У галаве адразу ўзніклі радочкі: прыемна было, што птушкі выбралі менавіта гэта месца для гняздоўя.
У штодзённіку Валянціны Анатоль­еўны хапае чыстых старонак, а гэта значыць, што наперадзе яшчэ шмат новых вершаў.

* * *
Спасибо, Пресвятая Богородица,
Что видишь и слышишь меня.
Спасибо, что шлёшь благовест мне
На добрые мысли, дела.
По воле твоей два аиста
У крыши моей вьют гнездо.
Они это выбрали место,
И, значит, живёт здесь добро.
Судьба чтобы вознаградила,
Нам Господа нужно любить.
А счастье чтоб в жизни было,
С Богом старайтесь жить!
Таццяна ШУСТОЎСКАЯ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *