Директор ГП «АгроСитцы» Сергей Кучко благодарен людям за понимание и поддержку

img_8917У мінулым годзе калектыў ДП “АграСітцы” пры падвядзенні вынікаў раённага спаборніцтва атрымаў перамогу ў намінацыі “Павышэнне ўраджайнасці, павелічэнне вытворчасці масланасення рапсу”. Сёлета можа ганарыцца самай высокай ураджайнасцю збожжавых у раёне. Пэўныя зрухі назіраюцца і ў галіне жывёлагадоўлі. Несумненна, вялікая заслуга ў тым, што сельгаспрадпрыемства, якому пагражала банкротства, жыве, дзейнічае і паступова падымаецца з калень, яго дырэктара Сяргея Кучко, рашучага, мэтанакіраванага, прадпрымальнага і дзейснага кіраўніка. Пра справы гаспадарчыя, пра планы і перспектывы, цяжкасці, з якімі даводзіцца сутыкацца, і дасягненні, а таксама пра адвечныя чалавечыя каштоўнасці гутарым з Сяргеем Сяргеевічам напярэдадні прафесійнага свята.

– Ці можаце назваць падзею, якая вызначыла Ваш далейшы лёс?
– Такая падзея ў маім жыцці была, у юнацтве, і нават праз многія гады не магу ўспамінаць яе без болю ў душы, бо была перакрэслена мая надзея атрымаць жаданую прафесію. Зараз гляджу на ўсё, што адбылося, па-філасофску спакойна, а яшчэ ганаруся тым, што не зламаўся тады, не здрадзіў веры ў Бога, сваім прынцыпам, перакананням, годна прайшоў праз выпрабаванне чалавечай жорсткасцю, абмежаванасцю і абыякавасцю. А, як вядома, усё, што нас не забівае, робіць нас мацнейшымі. Моц духу нашмат важнейшая за моц цялесную – не мною сказана, але мною добра асэнсавана.
– Работа для Вас – кар’ера ці справа?
– Толькі справа! Хіба мой пераход з завода, дзе я прайшоў шлях ад грузчыка да дырэктара, у сельгаспрадпрыемства з даўгамі і шлейфам нявырашаных праблем можна назваць кар’ерным скачком? Прыйшлося пачынаць усё нанова. Самым значным дасягненнем лічу, што мы здолелі менш чым за паўгода – з лістапада 2015-га года па красавік 2016-га выплаціць работнікам гаспадаркі велізарную запазычанасць па зарплаце, і з тае пары затрымак па выплаце няма. Бязлюднасць на мехдвары зімой – гэта ўжо не пра нас. Паліва ёсць – сеем, аром, вывозім арганіку, усё робім своечасова. Шмат працуем з насеннем, каб павысіць ура­джайнасць. Закупляем і сеем эліту, і элітнае насенне дапрацоўваем строга па тэхналогіі. Адрамантавалі і запусцілі цэх на млыне, які стаяў з праваленым дахам ці не два дзесяцігоддзі. Яшчэ адзін вельмі важны момант – асэнсаванне спецыялістамі, работнікамі калектыву, што выратаванне тапельцаў – справа рук саміх тапельцаў, што каб Сітцы жылі – а Сітцы будуць жыць! – патрэбна перастроіцца, працаваць, асэнсоўваць сваё месца ў агульным вытворчым працэсе па-іншаму. Справа гэта зрушылася з месца, і я поўны надзей, што сумеснымі намаганнямі захаваем тое, што ёсць, і адновім, прымножым, умацуем.
Нельга не адзначыць заўсёдную дапамогу і падтрымку старшыні райвыканкама Алега Пінчука, спецыялістаў упраўлення райсельгасхарчу. Выдатна склаліся ўзаемаадносіны з антыкрызісным кіраўніком гаспадаркі, які займаецца эканамічнымі пытаннямі і дае мне магчымасць накіраваць сілы на вытворчасць. Яшчэ вельмі ўдзячны свайму калектыву за разуменне.
Больш праблем, канешне, у галіне жывёлагадоўлі, і, бадай, самае балючае пытанне – кадравае. Тым не менш падзенне па малаку спынілі, адкрылі дадатковую ферму ў Лісавічах, паставілі групы раздою. Толькі ў гэтым годзе правялі рамонт на МТФ “Станіслаўцы”, “Курдзекі”, “Дзядкі”. Шмат розных планаў і задум. Рэалізаваную іх частку, думаю, можна будзе ўбачыць падчас калегіі райсельгасхарчу ў пачатку наступнага года.
– У якой яшчэ прафесіі маглі б сябе рэалізаваць?
– Мне здаецца, прашу зразумець правільна, вельмі ў многіх. Мы ж усе маем у жыцці нейкія захапленні, схільнасці да пэўнага роду дзейнасці. Любое з гэтых захапленняў пры жаданні можна пераўтварыць у асноўную справу – было б жаданне. Безумоўна, давядзецца ў такім выпадку атрымаць адпаведную адукацыю.
– Прадоўжыце, калі ласка, выказванне: мая сям’я – гэта…
– … мой храм. Святое. Самае галоўнае ў жыцці. Вітаю гарэнне на рабоце, сам такі, але важней за сям’ю нічога няма. Ніякія поспехі, здзяйсненні, пасады і званні не запоўняць душэўную пустэчу, калі ты адзінокі, калі не маеш у гэтым свеце родных душаў. Мая сям’я – жонка, сын, дачка, унучкі – асноўная мая радасць, мая гордас­­ць, маё чалавечае шчасце.
– Што перанялі ад сваіх бацькоў, дзядоў?
– Веру. Я глыбока веруючы чалавек, і, мяркую, гэта асноўнае, самае галоўнае, што змаглі закласці ў маю душу бацькі. Усё, што выхоўвалася імі далей, што здолеў спазнаць, зразумець, выпрацаваць, культываваць у сабе сам, – усё трымаецца на веры. Гэты вельмі моцны, я б сказаў, непарушны падмурак, закладзены маімі продкамі, умацаваны мною, будзе служыць маім нашчадкам і будзе ўмацоўвацца імі надалей – так, мне здаецца, павінна быць.
– Які сэнс Вы ўкладваеце ў паняцці радзіма, патрыятызм?
– Магчымасцей жыць за мяжой у мяне было хоць адбаўляй – ніводнай не скарыстаўся. Чаму? Можна паехаць у Еўропу, Амерыку, чамусьці там павучыцца, пераняць нейкі вопыт, нават папрацаваць пэўны час. Жыць трэба на радзіме. У любы час, пры любой уладзе. Гэта маральна, духоўна нашмат лепш для чалавека. Прывязанасць да сваёй зямлі – не нейкі там літаратурны вымысел, прыгожы сімвал, яркая метафара – гэта рэальнае, вельмі моцнае пачуццё, якое жыве ў нас на генным узроўні і перадаецца ад пакаленняў, след якіх ужо даўно згубіўся ў вяках. Можа, і ёсць шчаслівыя сярод тых, хто адарваўся ад родных мясцін… Для мяне ж адзін са складнікоў шчасця – быць, працаваць, ствараць, любіць на радзіме. У маім выпадку на малой радзіме, дзе і жыву з маленства.
– Які ён, свет Вашых захапленняў?
– Разнастайны. Люблю будаваць, праектаваць, пры гэтым, пачынаючы работу, вельмі яскрава ўяўляю канчатковы вынік. Здорава, калі мужчына працуе галавой, але пажадана, каб і рукі ў яго раслі адкуль трэба, – тады ён сапраўдны галава сям’і, бацька, які можа навучыць дзіця нечаму не толькі на словах, але і на ўласным прыкладзе, гонар і радасць для ўласных бацькоў, гаспадар. Спрабую сябе ў розных справах: зваршчык, муляр, цясляр, будаўнік, каваль – усім гэтым займацца дужа цікава. Яшчэ вельмі захапляюся паляваннем.
– Ці бачыце герояў у рэальным жыцці?
– Адкажу коратка: чалавек, які сумленна адносіцца да грамадства, да сваёй справы і да сябе самога, – герой.
– Ці згодны з меркаваннем, што чалавек без сяброў нібы печ без дроў?
– Згодны. Сапраўднае сяброўства дарагога каштуе. І правяраецца, думаю, не тады, калі трапляеш у бяду – дапамагчы, праявіць міласэрнасць у такім выпадку можа нават вораг. А вось калі чалавек раздзяляе з табой тваю радасць, не зайздросціць тваім поспехам і ўдачам, асабліва калі самому шанцуе менш, падтрымлівае ў тваіх пачынаннях, ніколі ў размове з табой не крывіць душой – вось гэта сябар. Такія адносіны трэба цаніць і самому адпавядаць. Бо так часта бывае, што “сябруюць” не з табой, а з тваёй пасадай, магчымасцямі, здольнасцямі, і выяўляецца гэта не адразу, і, вядома, выклікае ў душы крыўду і боль. Не так многа, але маю сяброў і вельмі імі даражу.
– Якімі якасцямі, на Ваш погляд, павінна вало­даць­­ сапраўдная жанчына? Што ў ёй не прымаеце?
– Розум і здаровую развагу ў жанчыне цаню найперш. Пачуццё адказнасці таксама – гэта такія агульначалавечыя рысы. Вядома, жаноцкасць і пяшчоту. А яшчэ – уменне быць па жыцці надзейнай і вернай сяброўкай, бо, не памятаю хто, але, бясспрэчна, чалавек разумны, сказаў: жонкай можа быць кожная, а сапраўдным сябрам – не. Увогуле прыняць і дараваць магу многае, толькі адно не выношу: калі жанчына курыць і выпівае. Нават калі ў яе сем пядзяў лоб, калі прыгажосць і абаяльнасць незвычайная – становіцца брыдка.
– Ці можа быць шчаслівым чалавек, які не зведаў кахання?
– Складанае пытанне…Каханне – пачуццё, якое патрабуе значных душэўных высілкаў. Быць каханым, атрымліваць, а не аддаваць – цёпла, спакойна, утульна, камфортна, маральна не затратна. Кахаць – вялікая душэўная работа, і не заўсёды тое каханне можа быць шчаслівым: скажам, неўзаемнае, або абраннік недастойны. Аднак пачуццё гэта моцнае, прыгожае, светлае, яно робіць чалавека чысцейшым, вышэйшым і вучыць ахвяраванню.
– Вашы любімыя музыка, літаратурны твор, страва, від спорту, пара года?
– тая, якая дорыць душэўную раўнавагу, абуджае харошыя, светлыя пачуцці;
– духоўная літаратура – у ёй уся мудрасць жыцця, усе адказы на самыя складаныя пытанні;
– страва можа быць любой – найперш цаню культуру яе ўжывання: посуд, сервіроўку стала, атмасферу, якая за ім пануе. Асаблівая асалода – сумесная няспешная сямейная вячэра;
– я не фанат ніякіх жыццёвых праяў, таму не выдзяляю ніякі від спорту і не з’яўляюся заядлым балельшчыкам;
– як кожнаму ўзросту чалавека адпавядае свая прыгажосць, так і ў кожнай пары года сваё хараство. Бясконцае лета, напрыклад, – мне здаецца, гэта не ёсць здорава. Прыгажосць – яна пераменлівая.
Гутарыла Алена НЕСЦЯРОНАК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *